Мувалады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мувалад)

Мувалады (ісп.: muladí, мн. л. «muladíes») — іспанскія хрысціяне, якія перайшлі ў іслам. Адна са шматлікіх грамадска-рэлігійных груп, якія прысутнічалі на Іберыйскім паўвостраве ў Сярэднявеччы ў перыяд існавання Мусульманскай Іспаніі Аль-Андалус, складаючы да 10 % яе насельніцтва. Тэрмін мае арабскае паходжанне і азначае «атожылак». Перайшоў у іспанскую і партугальскую мовы, і пазней стаў адным з магчымых этымалагічных вытокаў слова «мулат», якім іспанцы і партугальцы звалі нашчадкаў ад шлюбаў паміж еўрапейцамі і неграмі. У мусульманскай Іспаніі тэрмін мувалады ўжываўся адразу ў некалькіх блізкіх значэннях.

Звычайна пад муваладамі разумеліся былыя хрысціяне (іспана-рымляне, вестготы, пазней масарабы) першага-другога пакалення, якія пакінулі хрысціянства і перайшлі ў іслам, як правіла для вызвалення ад джызьі, якой мусульмане абклалі заваяванае пасля 711 года хрысціянскае насельніцтва. З часам яны таксама засвоілі андалузска-арабскую мову. Мувалады некалькі адрозніваліся ад масарабаў, якія працягвалі захоўваць хрысціянства і раманскую гаворку, хоць таксама добра ведалі арабскую мову.

Зварот хрысціян у іслам, асабліва былой рамана-вестгоцкай знаці, якая не жадала страчваць свае старыя прывілеі ў новай дзяржаве, прыняў значныя маштабы ў першыя дзесяцігоддзі пасля арабскага заваявання. Асабліва схільнымі да яго былі жыхары гарадоў паўднёвага ўсходу краіны. Аднак ужо з канца IX стагоддзя з пачаткам Рэканкісты, атрымаў распаўсюджванне і зваротны пераход мусульман у хрысціянства. Асаблівую вядомасць атрымаў Амар Бен Афсун. Ён паходзіў са знатнай гоцкай сям’і, яго дзед перайшоў у іслам. Аднак у якасці пратэсту Кордаўскаму халіфу, Амар вярнуўся ў хрысціянства (899), прыняў імя Самуіл, і заснаваў хрысціянскі біскупат у пасёлку Бабастра.

Таксама гэтым тэрмінам пазначаўся чалавек, які быў народжаны ад змяшанага шлюбу мусульманіна і хрысціянкі (вельмі рэдка наадварот, з прычыны таго, што мусульманкам не дазвалялася выходзіць замуж за хрысціян), выгадаваны ў духу ісламу і практычна нічым не адрозніваўся ад уласна мусульман.