Музей гісторыі горада Мінска

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Музей гісторыі горада Мінска

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Заснаваны 8 мая 2010
Адкрыты 8 мая 2010
Месцазнаходжанне Беларусь
Наведвальнікі болей за 110 000
Адрас Беларусь, г. Мінск, Плошча Свабоды, 15 (Цэнтральны раён)
Дырэктар Галіна Пятроўна Ладзісава
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзяржаўная ўстанова «Музей гісторыі горада Мінска» — комплекс экспазіцый на тэрыторыі Верхняга горада і Лошіцкага сядзібна-паркавага комплекса ў Мінску. Уласнік — Упраўленне культуры Мінгарвыканкама.

Аснову фондаў музея складаюць калекцыі археалагічных раскопак Мінска XI—XIX ст., створаная Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам, прадметаў гарадскога побыту, фотаапаратаў канца XIX-ХХ ст., жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мемарыяльныя зборы знакамітых мінчан і іншыя.

У музеі праходзяць зменныя тэматычныя выставы, у тым ліку міжнародныя, на аснове збораў калекцыянераў, мастакоў, фатографаў, розных арганізацый і ўстаноў, а таксама розныя творчыя праэкты: канцэрты, семінары, канферэнцыі, творчыя акцыі, пленэры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Музей створаны рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 08.04.2010 № 815[1].

Будынкі па Рэвалюцыйнай № 10 і 8а.

Спачатку ўстанова размясцілася ў двухпавярховых цагляных будынках тыповай гарадской забудовы 2-й паловы XIX ст. па адрасах вул. Рэвалюцыйная № 8а і 10, агульнай плошчай 860 м². Будынкі маюць статус помнікаў архітэктуры міжнароднага значэння і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Ва ўнутраным дворыку музея размяшчалася выстаўка аднаго твора Уладзіміра Жбанава — скульптурнай кампазіцыі «Гусар» (2004 г., бронза, ліццё)[2].

8 мая 2010 года па вуліцы Рэвалюцыйнай-10 адбылося ўрачыстае адкрыццё першай музейнай экспазіцыі «Мастак. Грамадзянін. Герой», прысвечанай святкаванню 65-годдзя сканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Экспанаваліся творы Героя Беларусі, Народнага мастака СССР, Народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.

У 2011 годзе ў структуру музея ўключаны флігель Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу (праезд Чыжэўскіх-8). Новы філіял Музея гісторыі горада Мінска пачаў працу з адкрыцця ў верасні 2011 года доўгатэрміновага праекта — «Кола часу», дзе прадстаўлены прадметы гарадской і сельскай культуры канца XIX — сярэдзіны ХХ ст.

8 мая 2012 года па адрасе плошча Свабоды-15 адкрылася першая чарга Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў гістарычным будынку — былой гарадской сядзібе XVIII ст. 7 верасня 2012 года з удзелам А. Р. Лукашэнкі адбылося ўрачыстае адкрыццё галерэі.

У маі 2012 года музею перададзены памяшканні адноўленай Мінскай ратушы. У верасні 2012 года ў ратушы адкрыта першая экспазіцыя «Беларуская кніга — гісторыя і сучаснасць», прысвечаная Году кнігі. У 2013 годзе адбылося адкрыццё стацыянарнай экспазіцыі «Мінск у гістарычным прасторы. Картаграфічны кабінет». Станам на 2021 год працы па музеефікацыі прасторы ратушы працягваюцца.

Вядзецца навуковая распрацоўка стацыянарнай экспазіцыі Мінскага замчышча (пр-т Пераможцаў-2)[3].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арт-гасцёўня «Высокае места» (Мінск, вул. Герцэна, 2а)
  • «Мінская гарадская ратуша» (Мінск, пл. Свабоды, 2а)
  • Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (Мінск, пл. Свабоды, 15)
  • Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва (Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10)
  • Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 11а)
  • Музей «Лошыцкая сядзіба» і прысядзібны флігель у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе (Мінск, праезд Чыжэўскіх, д. 8-2, 10)
  • Экспазіцыя «Карэтная» (Мінск, вул. Кірылы і Мефодзія, 8)
  • Археалагічны музей (Мінск, вул. Кірылы і Мефодзія, 6)
  • Экспазіцыя «Мінская конка» (Мінск, вул. Кірылы і Мефодзія, 6а)

Арт-гасцёўня «Высокае места»[правіць | правіць зыходнік]

Канцэпцыя Арт-гасцёўні «Высокае места» — паказаць сучасны горад у яго гістарычным цэнтры праз сучаснае мастацтва.

У галерэі арганізуюць персанальныя і калектыўныя выставы, на якіх можна прасачыць развіццё сучаснага беларускага мастацтва адначасова ў жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Творчыя праекты выставачнай пляцоўкі дазваляюць гаварыць з публікай на мове сучаснага мастацтва, адлюстроўваць мастацкае жыццё сталіцы на сучасным этапе, прадстаўляць творчасць вядомых беларускіх майстроў і адкрываць новыя імёны.

Арт-гасцёўня «Высокае места» знаёміць наведвальнікаў з новымі напрамкамі ў сучасным мастацтве.

«Мінская гарадская ратуша»[правіць | правіць зыходнік]

Мінская ратуша — будынак адноўлены ў 2002—2004 гадах на сваім гістарычным месцы, у выглядзе адпаведным сярэдзіне XIX стагоддзя. Гісторыя ратушы звязана з наданнем Мінску магдэбурскага права ў 1499 годзе, будынак быў разбураны ў сярэдзіне XIX ст., калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі аказаваліся ў Расійскай імперыі, а магдэбурскае права было скасавана.

З 2012 года ратуша адкрыта для наведвання, але працягвае выконваць і функцыі адміністрацыйнага будынка.

У ратушы працуюць два доўгатэрміновыя выставачныя праекты — экспазіцыя «Мінск у гістарычнай прасторы. Картаграфічны кабінет» і экспазіцыя «Мінск сярод сяброў. Гарады-пабрацімы сталіцы Беларусі».

Цяпер у ратушы праходзяць важныя для горада і краіны ўрачыстыя мерапрыемствы, ушаноўваюць лаўрэатаў звання «Мінчанін года» і ўдзельнікаў міжнародных форумаў, дзеячаў культуры і зорак спорту. Штогод у ратушы ўрачыста адкрываецца Свята горада і выступаюць з канцэртамі лепшыя творчыя калектывы.

Ратуша ўсё болей уцягваецца ў культурнае жыццё горада. Так, 5 мая 2012 года адкрылася музычна-турыстычная праграма «Верхні горад».

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага[правіць | правіць зыходнік]

Мастацкая галерэя Героя Беларусі, Народнага мастака Беларусі і СССР, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага адкрылася 7 верасня 2012 г., уваходзіць у структуру Музея гісторыі горада Мінска.

Галерэя размяшчаецца ў будынку на тэрыторыі Верхняга горада па адрасе пл. Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя з прыбудовай. Месца размяшчэння галерэі было абрана самім мастаком яшчэ пры жыцці. Будынак былой гарадской сядзібы рэканструявалася як музейны аб’ект падвойнага прызначэння, які сумяшчае ўласна мастацкую галерэю і экспазіцыю, звязаную з гісторыяй дадзенага помніка архітэктуры.

У адкрыцці культурнага цэнтра прыняў удзел А. Р. Лукашэнка.

Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя прысвечана творчасці Народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва (1923—2021). Прадстаўлена больш за 60 жывапісных твораў мастака.

Размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Мінска на тэрыторыі Верхняга горада ў будынку-помніку архітэктуры XIX стагоддзя.

Наведвальнікі галерэі пазнаёмяцца з усімі жанрамі жывапісу, у якіх працаваў майстар, здолеюць ацаніць яго яркую палітру, адчуць непаўторны стыль Л. Д. Шчамялёва.

Акрамя пастаяннай экспазіцыі ў галерэі працуюць зменныя тэматычныя выставы.

Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя прысвечана творчасці народнага мастака Беларусі Івана Якімавіча Міско. Музей размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Мінска, у будынку XIX стагоддзя, дзе на працягу ўжо амаль 50 гадоў творыць выбітны беларускі скульптар.

Наведвальнікі змогуць пабываць у майстэрні, пазнаёміцца з экспазіцыяй і паназіраць за працэсам стварэння скульптуры.

Музей адначасова з’яўляецца і месцам працы скульптара. Знаёмства і экскурсія па музею-майстэрні ад Івана Якімовіча стане незабыўнай падзеяй для кожнага наведвальніка.

Музей «Лошыцкая сядзіба» і прысядзібны флігель у Лошыцкім прысядзібна-паркавым комплексе[правіць | правіць зыходнік]

Музей размешчаны ў будынках былога сядзібнага дома і прысядзібнага флігеля — помніках архітэктуры другой паловы XVIII—XIX стст. на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу.

У 2014 годзе завяршыліся работы па рэстаўрацыі сядзібнага дома: адноўлены архітэктурныя элементы, фрагменты жывапіснага дэкору, ляпніна, рэканструяваны ўнікальныя кафляныя печы і камін.

Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Лошыцы і Лошыцкай сядзібы. Прадстаўлены адноўленыя інтэр’еры жылога дома з сапраўднымі прадметамі канца XVIII — пачатку ХХ стст.

У прысядзібным флігелі працуе доўгатэрміновы выставачны праект «Кола часу» — прадметы матэрыяльнай культуры Мінска і наваколляў канца XIX — першай паловы ХХ стст.

Экспазіцыя «Карэтная»[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя «Карэтная» разам з археалагічнае музеем «Верхні горад» і музеем «Мінская конка» уваходзіць у музейны комплекс на тэрыторыі былога кляштара бернардзінцаў.

Акрамя магчымасці ўбачыць сапраўдныя музейныя прадметы, наведвальнікі апынуцца ў свеце гукаў мінскай вуліцы канца XIX стагоддзя, змогуць зазірнуць у «акно часу» і перанесціся ў стары горад.

Зручны электронны даведнік-інфакіёск дапаможа зарыентавацца ў гісторыі транспарту. Дзецям прапануецца пазнавальная гульня «Карэтны майстар».

Археалагічны музей[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічны музей «Верхні горад» разам з экспазіцыямі «Карэтная» і «Мінская конка» уваходзіць у музейны комплекс на тэрыторыі былога кляштара бернардзінцаў.

Гібель першай калекцыі[правіць | правіць зыходнік]

Мінская археалагічная калекцыя, заснаваная археолагам Васілём Тарасенкам і збіраная з 1948 года, улючала кераміку, калекцыю вырабаў са скуры з XIII ст., драўляныя вырабы, вялікую калекцыю шкляных вырабаў і прылад працы. Калекцыя мусіла скласці аснову будучага Музея гісторыі Мінска, да 2003 года захоўвалася па адрасе вул. Кірыла і Мяфодзія-8. Пасля пачатку рамонта ў будынку, калекцыя заняла сутарэнні дома па вул. Рыбалкі-2, пра што быў падпісаны дагавор арэнды з ЖРЭУ Ленінскага раёна Мінска. Пад канец 2005 года ЖРЭУ папярэдзіла навукоўцаў, што будынак па вул. Рыбалкі-2 можа быць пастаўлены на капітальны рамонт, аднак пагадзілася пакінуць калекцыю і рамантаваць сутарэнні паэтапна. Але паводле слоў археолага С. Тарасава, ЖРЭУ Ленінскага раёна, пачаўшы рамонт, выставіла скрыні з калекцыямі на вуліцу, якія праз некалькі дзён ЖЭС № 2 загадаў прыбраць з двара і іх звезлі на звалку[4].

Сучасная экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя «Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей» знаходзіцца ў будынку, спраектаваным над археалагічным раскопам 2007—2008 гадоў з арачнымі падмуркамі гаспадарчай пабудовы манахаў-бернардзінцаў пачатку XVIII стагоддзя.

Наглядная гісторыя Мінска захаваная ў паўтары тысячах сапраўдных прадметаў з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска.

Асноўныя экспанаты — артэфакты з археалагічных даследаванняў кляштароў і гандлёвых радоў Верхняга горада, вуліц Зыбіцкай, Кірылы і Мяфодзія, Нямігі і іншых частак гістарычнага цэнтра Мінска. Большая частка прадметаў выяўлена ў 1980-2010-я гады падчас выратавальных раскопак (археолагі Ю .А. Заяц, Ю. В. Каласоўскі, У. І. Кошман, А. М. Мядзведзеў, П. А. Русаў, В. Е. Собаль, С. В. Тарасаў, А. А. Трусаў, Г. В. Штыхаў і іншыя). Перад тым як стаць экспанатамі, многія знаходкі прайшлі кансервацыю (рэстаўратары М. В. Жыткевіч, Д. У. Сманцэр).

Экспазіцыя «Мінская конка»[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя «Мінская конка» разам з археалагічным музеем «Верхні горад» і экспазіцыяй «Карэтная» уваходзіць у музейны комплекс на тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра.

Пастаянная экспазіцыя «Мінская конная чыгунка» адкрылася для наведвальнікаў у 2017 годзе ў дзень 950-годдзя першай летапіснай згадкі пра Мінск — 3 сакавіка.

У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця грамадскага транспарту горада Мінска.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйны сайт

Афіша