Музей савецка-польскай баявой садружнасці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Музей савецка-польскай баявой садружнасці
польск.: Muzeum polsko-radzieckiego braterstwa broni
Профіль ваенны музей
Заснаваны 1968
Адкрыты 15 кастрычніка 1968
Падпарадкаванасць Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей
Месцазнаходжанне Леніна, Горацкі раён, Магілёўская вобласць, Беларусь
Памеры фонду 6.5 тыс. адзінак
Агульная плошча 907 м²
Дырэктар Таццяна Віктараўна Рынкевіч
Адкрыты 8.30 – 17.00
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Музей савецка-польскай баявой садружнасці — мемарыяльны комплекс у аграгарадку Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

Уключае будынак музея, бетонную стэлу перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), магілы невядомых савецкага і польскага воінаў за 1 км на захад ад аграгарадка і брацкія магілы савецкіх і польскіх воінаў на вуліцы Леніна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыты ў 1968 годзе на месцы, дзе 12—13 кастрычніка 1943 года падчас Другой сусветнай вайны адбылася бітва пад Леніна, першы бой Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі[d] сумесна з 42-й[d] і 290-й[d] стралковымі дывізіямі Чырвонай арміі супраць нямецкіх войск.

1 ліпеня 2014 года музей быў ператвораны ў філіял Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак музея[правіць | правіць зыходнік]

Брацкая магіла польскіх воінаў
Помнік на магіле польскіх воінаў.

Будынак, размешаны на месцы бою, з’яўляецца дамінантай мемарыяльнага комплексу. Адкрыты 15 кастрычніка 1968 года (архітэктары Я. Белапольскі[d], У. Хавін[d], скульптар У. Цыгаль[d], канструктар А. Судакоў).

Будынак сіметрычны ў плане, з жалезабетону, шкла і алюмінію, уяўляе сабой купал у выглядзе каскі дыяметрам 34 м, вышынёй 11 м. Пакрыццё зроблена з невялікіх чорных бляшаных шчытоў, пакладзеных на каркас. Двухлесвічныя вузлы збоку вылучаны блокамі з барэльефнымі выявамі арла і пяціканцовай зоркі — сімвалаў 2 краін.

У інтэр’еры музея — стэнды з дакументамі, што адлюстроўваюць гісторыю ўтварэння і фарміравання Войска Польскага. Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырвонай Арміі. Сярод экспанатаў сцягі савецкіх і польскіх часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў.

У цэнтральнай частцы памяшкання знаходзіцца дыярама «Бой за Леніна» (мастакі М. Авечкін[d] і А. Інтазараў), у якой паказаны кульмінацынйы момант бою.

Стэла[правіць | правіць зыходнік]

Перад шырокім уваходам у музей устаноўлена бетонная стэла вышынёй 8 м, увенчаная выявай сцяга, дрэўка якога трымаюць 2 моцныя рукі. У ніжняй частцы стэлы на польскай і рускай мовах змешчаны надпіс «СССР — Польшча, 1943 год».

Пляцоўка вакол музея выкладзена каменнымі плітамі, ад яе ў розныя бакі разыходзяцца дарожкі. Адна з іх вядзе на паўночны ўсход да 2 лабрадарытавых пліт, пакладзеных на ўшанаванне памяці загінулых савецкіх і польскіх воінаў. Пліты змяшчаюць надпісы-прысвячэнні на беларускай, польскай і рускай мовах. Побач — трохметровы пагнуты, з прабоінамі і няроўнымі краямі кавалак брані. Пляцоўка вакол пліт (9×12 м) выкладзена цёмна-чырвоным гранітам, перад імі запалены Вечны агонь. З трох бакоў уладкаваны траўнікі, высаджаны елкі і бярозы.

Брацкія магілы[правіць | правіць зыходнік]

Брацкая магіла савецкіх воінаў размешчана на вуліцы Леніна, на месцы былых баявых пазіцый савецкіх салдат. У ёй пахаваны 1711 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нацыстаў у кастрычніку 1943 года. На магіле пастаўлены блок з чырвонага граніту, сячэнне якога (дыяметр 2 м) уяўляе сабой пяціканцовую зорку з надпісам-прысвячэннем у цэнтры.

Брацкая магіла польскіх воінаў знаходзіцца на вуліцы Леніна, на месцы былых баявых пазіцый польскіх жаўнераў. Пахаваны 502 польскія воіны, якія загінулі ў баях супраць нацыстаў у кастрычніку 1943 года. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза Уладзіслаў Высоцкі і Анэля Кжывань[d].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]