Музеязнаўства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Музеязнаўства, музеялогія — комплексная навуковая дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спецыяльных ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навуковага дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхнічнымі навукамі. Першыя спробы тэарэтычнага асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам музеязнаўства лічыцца нямецкі калекцыянер І. Д. Маёр — аўтар кнігі «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674 г.). Распрацоўкі і практычны попыт французскага музеязнаўцаў канца XVIII — пачатку XIX стст. былі пераняты большасцю еўрапейскіх краін. У 2-й палове XIX ст. музеязнаўства сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960 — 1970-я гг., калі аформіліся нямецкая, польская і чэшская музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне музеязнаўства як самастойнай навуковай дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Савецкая школа музеязнаўства склалася ў 1960 — 1970-я гг. Яе тэарэтычным і навукова-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі інстытутт культуралогіі). На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па музеязнаўстве (Б.Р.Брэжга, А. П. Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус навукова-даледчых устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.Ю.Ластоўскі). 3 пачатку 1930-х беларуская музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы савецкага музеязнаўства. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самастойнай беларускай школы музеязнаўства. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства ў БДУ, у 1994 г. — кафедра этналогіі і музеязнаўства ў Беларускім універсітэце культуры. 3 1993 г. у Беларускім інстытуце праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа музеязнаўства для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гужалоўскі, А. А. Музеязнаўства / А. А. Гужалоўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 11: Мугір — паліклініка. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2000. — С. 13 — 14.
  • Музееведение: вопросы теории и методики. — Мн., 1987.
  • Сотникова, С. И. Музеология: Пособие для вузов. — М., 2004.
  • Юренева, Т. Ю. Музееведение: Учебник для высшей школы / Т. Ю. Юренева. — 3-е издание, исправленное и дополненное. — М.: Академический проект, 2006. — 560 с. — («Gaudeamus»).