Мялецій Сматрыцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мялецій Сматрыцкі

Мялецій СМАТРЫЦКІ, свецкае імя Максім (каля 1577, с. Смотрыч, цяпер п.г.т. Хмяльніцкай вобл. Украіны — 27 снежня 1633, Дзермань; Псеўданімы: Теофил Ортолог) — вялікалітоўскі філолаг, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, старабеларускі пісьменнік-палеміст, полацкі праваслаўны архіепіскап (з 1620), архімандрыт манастыра ў Дзермані, сын пісьменніка-палеміста і педагога Герасіма Сматрыцкага.

Жыццё і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Адукацыю атрымаў у г. зв. Астрожскай акадэміі. Лічыў сябе вучнем Кірылы Лукарыса — вучонага грэка, пазней канстанцінопальскага патрыярха. Пазней пры падтрымцы кіеўскага ваяводы К. Астрожскага вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Вільні, якую, хутчэй за ўсё, не скончыў з невядомых прычын. Працягнуў навучанне ў пратэстанцкіх акадэміях Германіі (Лейпцыга, Вітэнберга), з 1601 г. суправаджаючы як дарэктар маладога праваслаўнага князя Багдана Саламярэцкага[1]. Потым жыў у маёнтку Саламярэцкіх каля Менска. Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва пры Траецкім манастыры, дзе зблізіўся з заснавальнікам манастыра Лявонціям Карповічам.

Падчас Брэсцкай царкоўнай уніі, легітымнасць якой не прызнаў, М. Сматрыцкі меў 19 гадоў. Царкоўная і пісьменніцкая кар'ера М. Сматрыцкага развівалася ў кантэксце рэлігійнай, культурнай і нацыянальнай палемікі, якая бударажыла Рэч Паспалітую ў пач. 17 ст. М. Сматрыцкі апынуўся ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця. У 1608—1623 г. быў адным з вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, пасля пераходу на Унію ў 1627 г. выступаў за рэформу ўніяцкай царквы. Дасягненні і паразы М. Сматрыцкі сведчылі пра тую дылему, якую змушаная была пераадолець русінская духоўная і свецкая культурная эліта ў Рэчы Паспалітай у перыяд кіравання Жыгімонта Вазы.

У 1608 г. супраць твораў І. Пацея «Ерасі…» і «Гармонія…» М. Сматрыцкі выдаў «Антыграфі…». У 1610 г. друкарня Віленскага брацтва св. Духу выдала пад псеўданімам Тэафіла Арталога палемічны твор М. Сматрыцкага «Трэнас, то бок Лямант усходняй царквы» на польскай мове, якою ён карыстаўся ва ўсіх сваіх апублікаваных палемічных творах. Аўтар у вобразе маці-царквы, якая плача і мучыцца, выступіў у абарону праваслаўя супраць усяго заходняга хрысціянства. Твор выклікаў шырокі грамадска-палітычны рэзананс. Хоць аўтар пазбягаў палітычнай заангажаванасці, кніга выклікала трывогу Жыгімонта Вазы, які загадаў кнігу спаліць, а кнігадрукара і аўтара арыштаваць. «Трэнас» атрымаў вострую крытыку (П. Скарга «На плач і лямант Тэафіла Арталога», Кракаў, 1610; І. Марахоўскі «Парэгорыя», 1612), але і аб'яднаў прыхільнікаў і абаронцаў праваслаўя. Выдавец кнігі Л. Карповіч быў пасаджаны ў турму, ананімны аўтар пазбег пакарання.

У 1616 друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва ў Еўі, куды яна была перанесена пасля зачынення ў Вільні ў сувязі з выданнем «Трэнаса», надрукавала «Евангелле вучыцельнае» з прадмовай М. Сматрыцкага. У 1637 г. мітрапаліт П. Магіла выдаў яго выпраўленую версію, замаўчаўшы імя тлумачальніка, верагодна, у сувязі са скандалам, выкліканым пераходам М. Сматрыцкага на Унію. Паміж 1617 і 1618 М. Сматрыцкі стаў манахам у віленскім манастыры Св. Духа пад імем Мялеція. Працаваў у брацкай школе манастыра, быў рэктарам кіеўскай брацкай школы (1618—1620). Вынікам педагагічнай дзейнасці стала «Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619). У «Граматыцы» аўтар аспрэчваў папрок П. Скаргі ў адрас царкоўнаславянскай мовы, што на гэтай мове немагчыма развіваць навукі, і сцвярджаў яе роўнасць грэчаскай і лацінскай мовам. «Граматыка» М. Сматрыцкага стала важным фактарам развіцця ўсходнеславянскай духоўнай культуры, неаднаразова перавыдавалася і да 19 ст. была ў праваслаўным свеце найбольш аўтарытэтным і ўжываным падручнікам па славянскім мовазнаўстве; двойчы выдавалася ў Маскве; урыўкі з яе І. Капіевіч надрукаваў у Галандыі. М. Ламаносаў назваў яе «брамай вучонасці». У 18 — 1-й пал. 19 ст. «Граматыка» стала ўзорам для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык.

У 1620 М. Сматрыцкі быў дэлегаваны на сустрэчу з іерусалімскім патрыярхам Феафанам, які, вяртаючыся з Масквы, дзе пасвяціў патрыярха Філарэта, правёў некалькі месяцаў ва ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. У Кіеве Феафан пасвяціў 7 новых праваслаўных епіскапаў, у т.л. архіепіскапам полацкім і епіскапам віцебскім і мсціслаўскім — М. Сматрыцкага, наўзамен тых, якія перайшлі на Унію.

Неўзабаве М. Сматрыцкі быў абраны архімандрытам віленскага праваслаўнага манастыра на месца нядаўна памерлага Лявонція Карповіча. На пахаванні Л. Карповіча М. Сматрыцкі прамовіў «Казанье на честный погреб Леонтия Карповича», апублікаванае на старабеларускай мове (Вільня, 1620) і на польскай (Вільня, 1621). У новапасвечанай праваслаўнай іерархіі М. Сматрыцкі займаў цяпер другое па значэнні месца пасля мітрапаліта Іова Барэцкага. У бліжэйшыя пасля гэтага гады М. Сматрыцкі выступаў як галоўны абаронца праваслаўнай царквы ў палеміцы пра легальнасць новапасвечанай іерархіі, што аспрэчвалася ўніяцкім і каталіцкім бокам («Апраўданне нявіннасці», 1621; «Абарона апраўдання», 1621; «Юстификация нявіннасці», 1623; і інш.).

У той жа час погляды і дзейнасць М. Сматрыцкага давалі падставы ўніяцкім колам лічыць, што ён блізкі да далучэння да іх. Абодва бакі: уніяцкі і праваслаўны — хацелі мець М. Сматрыцкага ў сваім лагеры і дамагаліся гэтага, але ніводны, як уяўляецца, не быў цалкам упэўнена ў лаяльнасці М. Сматрыцкага.

У 1624—1625, пасля расправы віцяблянаў над полацкім уніяцкім архібіскупам І. Кунцэвічам, М. Сматрыцкі здзейсніў паломніцтва па Святых мясцінах на Блізкім Усходзе, падчас якога наведаў Іерусалім і Канстанцінопаль. У Вільню ён ужо не вярнуўся. Апошні перыяд жыцця правёў у Дзермані як архімандрыт мясцовага манастыра, які знаходзіўся ва ўладаннях брацлаўскага ваяводы Аляксандра Заслаўскага, які нядаўна прыняў каталіцызм. А. Заслаўскі разам з мітрапалітам І. Руцкім схілялі М. Сматрыцкага да пераходу на Унію. У 1627 г. М. Сматрыцкі таемна, а пасля Сабору 1628 г. галосна прыняў Унію. Змены ў светапоглядзе знайшлі адлюстраванне ў палемічным творы «Апалогія» (1628), які быў асуджана праваслаўным Саборам у жніўні 1628 г. у Кіеве: кнігу разарвалі і выкінулі, уніяцкі архімандрыт манастыра ў Дубна Касьян Саковіч за яе друк быў пракляты, а М. Сматрыцкага вымусілі пісьмова зрачыся яе. З мэтай дыскрэдытацыі М. Сматрыцкага ў вачах уніятаў адрачэнне было надрукаванае на старабеларускай і польскай мовах. У серыі твораў, напісаных у Дзермані ў наступныя два гады («Пратэстацыя супраць сабору», 1628; «Паранезіс», 1629 і «Экзетэзіс», 1629), М. Сматрыцкі палемізаваў як з ідэолагамі праваслаўя, так і са сваімі ўласнымі творамі, напісанымі ў перыяд да яго прыналежнасці.

Папства, верагодна, з-за недастатковага даверу да М. Сматрыцкага, не магло вырашыць, як з ім паступіць і марудзіла з прызначэннем яго біскупам. Тым часам гэта пытанне стаяла яшчэ перад Кіеўскім саборам 1628 г., калі М. Сматрыцкі быў таемным уніятам. Кангрэгацыя прапаганды веры 8.4.1628 прасіла мітрапаліта І. Руцкага пацвердзіць шчырасць прыняцця Уніі М. Сматрыцкім і яго лаяльнасць Папству, што І. Руцкі зрабіў лістом да Рыму ад 9.1.1629. Папа Урбан VIII 5.5.1631 прызначыў М. Сматрыцкага архібіскупам.

У апошнія свае гады М. Сматрыцкі пацярпеў шмат расчараванняў, найбольшае з іх няўдалы прымірэнчы ўніяцка-праваслаўны сабор у Львове ў 1629 г.

Апошні рукапіс М. Сматрыцкага, які захаваўся гэта вялікі ліст да папы Урбана VIII, напісаны з Дзермані 16.2.1630, дзе М. Сматрыцкі піша пра ціск як адзіны сродак вырашэння веравызнаўчых канфліктаў на Русі (вядома, яе рэчыпаспалітаўскай часткі). М. Сматрыцкі лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях. Адначасова М. Сматрыцкі пераконваў папу ў неабходнасці забараніць русінам пераходзіць на лацінскі абрад з уніяцкага.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Біёграфы М. Сматрыцкага, у залежнасці ад іх веравызнання і нацыянальнай прыналежнасці, паказвалі яго жыццё як гісторыю здрады або як паспяховы шлях да праўды. Для адных перамена М. Сматрыцкім веры была здрадай Русі і асіміляцыяй польскімі і заходнімі палітычнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Для іншых азначала прызнанне ім больш высокага ўзроўня гэтых каштоўнасцей. Але дзейнасць М. Сматрыцкага цяжка змясціць у гэтыя схемы, яго галоўным клопатам было ўзмацненне русінскай царквы, культуры і самога русінскага народа ў Рэчы Паспалітай, яго свецкай і духоўнай эліты, абарона яго своеасаблівасці.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Harmonia, 1608
  • Грамматіка славправилноє Сѵнтаґма, 1619
  • Kaзaньe … нa пoгрeбь … отця Леонтія Карповича, 1620
  • Verificatia niewinności, 1621
  • Obrona Verificaciey, 1621
  • Elenchus pism uszczypliwych, 1622
  • Suplikacja … do obiegu stanu duchownego i świeckiego Senatu…, 1623
  • Justifikacia niewinności, 1623
  • Apologia peregrinatiey do kraiów wschodnych, 1628
  • Protestatia przeciwko soborowi w … r 1628 w Kijowie, 1628
  • Paraenesis albo napomnienie, 1629
  • Exethesis albo expostulatia, 1629

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Θρηνος to iest Lament iedyney S. powszechney apostolskiey Wschodniey Cerkwie… — Wilno, 1610.
  • Ґрамма́тіки Славе́нския пра́вилное Cv́нтаґма… Евье, 1619. Репринт: Київ: Наукова думка, 1979.
  • Apologia. — Львов, 1628.
  • Αντιγραφη (Антиграфи) // Памятники полемической литературы. — СПб., 1903. — Кн. 3 (Русск. ист. библиотека, Т. 19).
  • Verificatia niewinności // АЮЗР. — Ч. 1. — T. 7.
  • Лямент у світа убогих на жалостноє преставленіє святолюбивого а в обої добродітелі багатого мужа в Бозі велебного господина отця Леонтія Карповича, архімандрита общіа обителі при церкві Сошествія святого духа братства церковного Віленського православного гречеського // Пам'ятки братських шкіл на Україні. — К., 1988.
  • Collected works of Meletij Smortyc'kyj / Harvard Library of Early Ukrainian Literature: Texts: Volume I. Cambridge (Massachusetts): Harvard University, 1987. ISBN 0-916458-20-2.
  • The Jevanhelije učytelnoje of Meletij Smotryc'kyj / Harvard Library of Early Ukrainian Literature: Texts: Volume II. Cambridge (Massachusetts): Harvard University, 1987. ISBN 0-916458-21-0.

Зноскі

  1. Багдан Багданавіч Саламярэцкі — з 5 гадоў навучаўся ў Л. Зізанія, потым у М. Сматрыцкага. Пазней з-за псіхічнай хваробы быў пад апекай мужоў сваіх сёстраў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Collected Works of Meletij Smotryc'kyj. Ed. D. A. Frick. — Cambridge, 1987.
  • Frick D. Smotrycki Melecjusz // Polski słownik biograficzny. — T. XXХIX. — Warszawa-Kraków, 1999—2000. — S. 356—362.
  • Frick D. A. Meletij Smotryckyj and the Ruthenian Question in the Early Seventeenth Century // Harvard Ukrainian Studies. — 1984. — P. 351—375.
  • Kułak K. Psychologia nawrócenia z prawosławia na katolicyzm Melecjusza Smotryckiego. — Białystok, 1984.
  • Голубев С. Киевский митрополит Петр Могила и его сподвижники. — К., 1883.
  • Засадкевич Н. Мелетий Смотрицкий, как филолог. — Одесса, 1883.
  • Короткий В. Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. — Мн., 1987.
  • Осинский А. С. Мелетий Смотрицкий, архиепископ Полоцкий. — К., 1912.
  • Прокошина Е. С. Мелетий Смотрицкий. — Мн., 1966.
  • Яременко П. К. Мелетій Смотрицький. Життя і творчість. — К., 1986.