Міногі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Міногі
Diversas lampreas.1 - Aquarium Finisterrae.JPG
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Petromyzontidae Bonaparte, 1832

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   159697
NCBI   7746
EOL   1904

Міно́га {Petromyzontiformes; беларускія мясцовыя назвы: верацёнка, віюн, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.) — падклас (атрад) пазваночных класа кругларотых.

3 сямействы, 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя міногі жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых міног жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: мінога рачная (Lampetra fluviatilis), мінога ручаёвая еўрапейская (Lampetra planeri) — у басейнах рэк Заходні Буг, Дзвіна, Нёман; мінога ўкраінская (Lampetra mariae, або Eudontomyzon mariae) — у басейнах рэк Дняпро і Нёман.

Дарослая мінога мае вугрападобнае, гладкае шэра-карычневае без лускі цела, даўжыня да 1 м, маса да 3 кг. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 з кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. На краях рота — спецыфічныя махры. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам.

Для размнажэння мінога выбірае месцы з хуткай плынню, зацененыя прыбярэжнай расліннасцю. Дарослыя асобіны не харчуюцца, пасля адкладвання і апладатварэння жаўтавата-блакітнага колеру ікры, яны гінуць. Ікру ў колькасці да 2-2,5 тысяч ікрынак самка адкладае ў ямкі на дне, якія яна рые разам з самцом. Гэта адбываецца ў траўні, калі вада ўжо добра прагрэцца. Праз некаторы час з'яўляюцца лічынкі, якія нагадваюць паўпразрыстых чарвякоў, яны селяцца ў глеі, дзе харчуюцца дробнымі водарасцямі і дэтрытам. За першы год яны вырастаюць толькі да 3-4 см, а напрыканцы чацвёртага года жыцця, якое яны праводзяць практычна ўвесь час закапаўшыся ў дно ракі, могуць дасягаць 22-23 см. Цела лічынак светлага шэраватага колеру, пакрытае сліззю. Яны маюць маленькую галаву, трохвугольны бяззубы рот, плаўнікі і вочы слаба развітыя.

На 4-м ці нават 5-м годзе жыцця зімой адбываецца перараджэнне лічынкі ў дарослую асобіну — метамарфоз. Цела ўкарочваецца, становіцца пругкім, яркага колеру, развіваюцца вочы, плаўнікі і жабры. З наступленнем цёплых дзён дарослая мінога пачынае свой шлюбны перыяд, які цягнецца да 2 тыдняў, каб потым, даўшы жыццё новаму пакаленню, загінуць.

Мінога — другарадны аб'ект промыслу. Некаторыя марскія віды міног выкарыстоўваюцца ў харчаванні чалавека, іх лічынкі — папулярная нажыўка для драпежных рыбін.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Міногі // Праект «Наша ежа»
  • Жыццё ў глеі // Гоман Барысаўшчыны, № 4(97), 2007