Мінскі гарадскі тэатр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дом Я. Байкова, фрагмент акварэлі Ю. Пешкі (кан. XVIII ст.)

Мінскі гарадскі тэатр — першы тэатральны будынак Мінску, унікальны помнік культуры і архітэктуры Беларусі. Знаходзіўся на Валоцкай вуліцы, злева ад гатэля «Еўропа» (зруйнаваны ў вайну гатэль адбудавалі акурат на месцы тэатра ў 2000-я гады).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XVII стагоддзі на гэтым месцы існаваў мінскі палац Радзівілаў, які пад канец XVIII ст. быў прададзены мінскаму бурмістру Яну Байкову. У 1825[1] года адбылася рэканструкцыя будынка, па якой у ім размясціўся гарадскі тэатр. Глядзельная зала знаходзілася на другім паверсе. Меў месцаў: у верхнім ярусе 15 ложаў, у ніжнім ярусе 13 ложаў і 56 крэслаў, 151 месца ў партэры, 40 — на гаўбцы і 92 — у райку. 30 мая 1835 года тэатр згарэў, але быў адбудаваны. У памяшканнях Мінскага гарадскага тэатра, акрамя спектакляў, давалі балі і маскарады, наладжвалі аматарскія канцэрты.

Выдатнай з'явай у культурным жыцці Мінску стала прэм'ера першай беларускай камічная оперы «Сялянка» («Ідылія») на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў В. Дунін-Марцінкевіч. Нягледзячы на тое, што расійскія ўлады забаранілі пастаноўку оперы на беларускай мове, 9 лютага 1852 года спектакль усё адно адбыўся і меў вялізны поспех.

У 1870-х гадах побач з трох'яруснай глядацкай заляй знаходзіліся антрактовая зала, курыльня, буфет і гардэроб.

У 1884 годзе гарадскі тэатр згарэў. Ад 1895 года ў ім знаходзілася мінскае аддзяленне Пецярбургска-Азоўскага банка, якое з 1901 года змяніла філіял Паўночнага банка, а ў 1913 годзе тут размясцілася аддзяленне Расійска-Азіяцкага банка, што «праглынуў» Паўночны.[2] У 19201930-х гадах да будынка надбудавалі чацверты паверх.

Мінскі гарадскі тэатр не быў пашкоджаны ў часы Другой сусветнай вайны, аднак у 1984 годзе, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, савецкая ўлада зруйнавала ўнікальны помнік культуры і архітэктуры.

У 20042007 гадах на месцы знішчанага тэатра быў пабудаваны новы будынак, які ў агульных рысах паўтарае існы да Другой Сусветнай вайны гатэль Еўропа, што насамрэч размяшчаўся справа.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Мінскі гарадскі тэатр — помнік архітэктуры класіцызму. Будынак быў двухпавярховы, меў сіметрычную кампазіцыю з рызалітам (выступам) і трохвугольным франтонам пасярэдзіне галоўнага фасада.

Пасля пажару 1884 года будынак неаднаразова перарабляўся, падвышаўся і паступова губляў свае першапачатковыя класіцыстычныя рысы.

Ад XVIII ст. у будынку заставаліся падмуркі, сходы са скляпеннямі і ніжнія дзялянкі сценаў. Падчас рэстаўрацыі дома ў 1982 годзе пад слоем тынкоўкі быў выяўлены руст сярэдзіны XIX ст., якраз таго часу, калі тут адбылася пастаноўка «Сялянкі».[3]

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Пікет, што адбыўся 13 чэрвеня 1984 года супраць руйнавання будынка Мінскага гарадскога тэатра стаў першай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Беларусі. У ім удзельнічалі 13 мінскіх студэнтаў, членаў «Беларускай спеўна-драматычнай майстэрні». Усе ўдзельнікі пікету былі затрыманы.[4]

Зноскі

  1. Памяць. Мінск 2001, с. 420.
  2. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 260
  3. Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 99
  4. Вячаслаў Ракіцкі. Мінск, вуліца Інтэрнацыянальная, 28 // Радыё Свабода, 8.09.2009

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]