Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мітрафан Доўнар-Запольскі
Mitrofan Dovnar-Zapol'skiy.jpg
Дата нараджэння:

14 чэрвеня 1867(1867-06-14)

Месца нараджэння:

горад Рэчыца, Мінская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці:

30 верасня 1934(1934-09-30) (67 гадоў)

Месца смерці:

Масква, РСФСР

Род дзейнасці:

гісторык, этнограф, фалькларыст, літаратуразнавец, эканаміст

Кірунак:

гісторыя Беларусі

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (2 чэрвеня (14 чэрвеня) 1867, Рэчыца — 30 верасня 1934, Масква[1]) — гісторык і этнограф беларускага паходжання. Паходзіў з дробнага беззямельнага дваранства, сын калежскага сакратара[2].

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі ў 19 ст., гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычным рухам, сялянскаму пытанні і этнаграфіі Беларусі.[3] Працы яго пераважна мелі навукова-аналітычны характар. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш за 20 архіваў (Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж і інш.). Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені (1916).

Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). Прафесар Маскоўскага ўніверсітэта (1899), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1902). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў[4] (Кіеў, 1906), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.

Пасля канфлікту са студэнтамі Кіеўскага камерцыйнага інстытута (1917) і «Справы Сташэўскага» (1917),[5] адмовіўся амаль ад усёй выкладчыцкай працы. Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі (снежань 1919) і Харкаўскага ўніверсітэта (1920—1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута (1922—1925). Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (кастрычнік 1925—восень 1926), стваральнік, супольна з Д. І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульту (1925). Пасля вымушанага пераезду ў Маскву (восень 1926), часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я). У 1920-х—1930-х таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.

У палітыцы[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнічаў у нелегальных дэмакратычных рухах (1880-я), быў пад часовай забаронай сяліцца ў Кіеве. Пазней, сімпатызаваў левым рухам.

Актыўна падтрымліваў БНР, ачольваў Беларускую гандлёвую палату (Кіеў, 1918), падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску (кан. сакавіка 1918). У маі—кастрычніку 1918 удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней «Мемарыял» быў перакладзены на англійскую мову П. Кларкам. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, і быў прадстаўлены на Версальскай канферэнцыі, хоць і беспаспяхова.

Два сыны Доўнар-Запольскага загінулі ў час грамадзянскай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі.

Надрукаваная але непублікаваная кніга «Гісторыя Беларусі» выклікала абурэнне палітычных уладаў Беларусі (пач.1926), была названа «катэхізісам нацыянал-дэмакратызму», забаронена, а рукапіс канфіскаваны. Пасля гэтага, Д.-З. быў вымушаны пераехаць, практычна высланы, у Маскву (восень 1926), і ніколі больш не вяртаўся ў Беларусь.

У 1930—1934 ён быў рэзка крытыкаваны за «нова-народніцтва», яму прыпісвалася аўтарства ідэйнай базы «нацыянал-дэмакратызму», яго называлі «агентам фашызму» (акад. В. К. Шчарбакоў), ён і яго навуковая школы былі палітычна выкрыты ў выступе яго былога вучня праф. А. П. Аглобліна (Кіеў, 1934).[6]

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

Вучань прафесараў Галубоўскага, Іконнікава, і, асабліва, В. Б. Антановіча. Імкнуўся спалучаць навуковую і навучальную дзейнасці, як гэта рабілі Шафарык, Караджыч, Кастамараў.

Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці, рашуча падтрымліваў беларускае нацыянальнае адраджэнне ў пач. 20 ст. Вітаў з'яўленне «строга аб'ектыўнай і навуковай» плыні ў беларускіх гістарычных і этнаграфічных даследваннях. Выказваў агульную сімпатыю да марксізму, але не быў ім захоплены.

Гістарычныя канцэпцыя[правіць | правіць зыходнік]

Д.-З. аддаваў вяршэнства гісторыі народаў у пар. з гісторыяй дзяржаў, лічыў этнаграфію і эканоміку аднымі з найважнейшых фактараў у развіцці грамадства.

Сцвярджаў існаванне беларускай нацыі, з уласнай гісторыяй, выразнымі этнаграфічнымі рысамі, багатай народнай культурай, з уласнай беларускай мовай як спадчынніцай дыялектаў крывічоў і дрыгавічоў. Падтрымліваў «тэорыю каланізацыі» узнікнення дзяржаўнасці ў Беларусі, лічыў крывічоў і дрыгавічоў у вялікай ступені ізаляванымі ад старажытнарускай дзяржавы, іх развіццё, з гэта прычыны, адметным. Д.-З. таксама сцвярджаў адсутнасць этнаграфічнай еднасці ў старажытнарусай дзяржаве, яе адзінымі яднальнымі фактарамі лічыў вонкавыя палітычныя і ваенныя пытанні.

Разглядаў стварэнне ВКЛ у 13 ст. як часткова мірна ўтвораны і ўзаемна карысны саюз князёў ваяўнічай Літвы і аслабленых князёў Русі.

Лічыў як дзяржаўную унію, так і царкоўную унію негатыўнымі фактарамі беларускай гісторыі, якія спрыялі рэлігійнай нецярпімасці. Адмоўна ставіўся да ўлучэння беларускіх земляў у склад Расіі пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай. Наогул, лічыў, што і польская «шляхецкая арыстакратычная рэспубліка», і расійская «баярская алігархія», якія выключалі дэмас, былі «двума ліхамі» у беларускай гісторыі і згубна ўплывалі на беларускі народ, які «моцна дэмакратычны ў сваіх гістарычных і народных традыцыях».

Пазней у 1920-х, дадаткова падкрэсліваў эканамічны фактар у гісторыі і значэнне класавай барацьбы ў гісторыі ВКЛ.

У бачанні іншых[правіць | правіць зыходнік]

Яго асоба і творчасць прыцягвалі самыя палярныя ацэнкі. Да 1930-х яго наогул станоўча ацэньвалі М. К. Любаўскі, У. І. Пічэта, Ф. Ф. Турук, Д. І. Даўгяла і інш.[7] Пачынаючы з 1930-х, Д.-З. трапіў, як навуковец, пад вострую палітызаваную крытыку (С. Я. Вольфсон, В. М. Перцаў, У. К. Шчарбакоў і інш.). У 1940-х—1970-х, параўнальна бяспечныя часткі яго прац (этнаграфія, археалогія, археаграфія) вывучаліся, і ставіліся ў аснову прац (В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, І. У. Чаквін, М. М. Улашчык, Л. В. Аляксееў). Гістарычныя працы Д.-З. зрэдку ўзгадваліся ў спасылках да 1980-х. Спробы ацэнкі Д.-З. як гісторыка рабіліся ў манаграфіях У. М. Міхнюка, З. Ю. Капыскага, В. У. Чапко. У 1990-х з'явіліся працы, якія вывучалі агульную навуковую пазіцыю Д.-З. (С. І. Міхальчанка), развіццё яго гістарычнай канцэпцыі (Дз. У.Караў, М. Ф. Шумейка).

Джон Леслі Говард Кіп і Альтэр Л. Літвін узгадваюць пра Доўнар-Запольскага і Пічэту як пра «умеркаваных (беларускіх) нацыяналістаў»[8].

Навуковыя працы[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя, эканоміка і статыстыка Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарыс гісторыі крывіцкіх і дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя, Кіеў, 1891.
  • Заходне-руская сялянская абшчына ў XVI стагоддзі, Санкт-Пецярбург, 1897.
  • Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства літоўскага пры Ягелонах. Магістарская дысертацыя, Кіеў, 1901.
  • Нарысы арганізацыі заходне-рускага сялянства ў XVI стагоддзі. Доктарская дысертацыя, Кіеў, 1906.
  • Гісторыя рускай народнай гаспадаркі, Кіеў, 1911.
  • Гісторыя Беларусі, пачатковы варыянт у 1919, дапоўнена і надрукавана ў 1925, забаронена, выд. паводле няпоўнага рукапісу ў 1994 і 2005.
  • Нарыс сацыяльна-эканамічнай структуры Беларусі ў XVI—XVIII ст., Менск, 1925.
  • Народная гаспадарка Беларусі ў 1861—1914, Менск, 1926.
  • СССР па раёнах. Заходні раён (Беларуская ССР і заходняя частка РСФСР), Масква-Ленінград, 1928.

Этнаграфія і фальклор Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускае вяселле і вясельныя песні, Кіеў, 1888.
  • Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках, Кіеў, 1893.
  • Беларускеа Палессе. Зборнік этнаграфічных матэрыялаў М. В. Доўнар-Запольскага. Песні пінчукоў[9], Кіеў, 1895.
  • Даследванні і артыкулы. Зборнік у 2 т., Кіеў, 1909.

Палітычная гісторыя Русі і Расіі[правіць | правіць зыходнік]

  • Палітычны лад Старажытнай Русі, Масква, 1906.
  • Палітычныя ідэалы М. М. Сперанскага, Масква, 1906.
  • Узнікненне міністэрстваў ў Расіі, Масква, 1906.
  • З гісторыі сацыяльных рухаў у Расіі. Зборнік артыкулаў, Кіеў, 1905.

Працы па руху дзекабрыстаў[правіць | правіць зыходнік]

  • Таемнае таварыства дзекабрыстаў, Масква, 1906.
  • Мемуары дзекабрыстаў, Кіеў, 1906.
  • Ідэалы дзекабрыстаў, Масква, 1907.

Дакументальныя працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Дакументы Маскоўскага архіву Міністэрства юстыцыі, Масква, 1897.
  • Баркулабаўскі летапіс, 1897.
  • Акты Літоўска-Рускай дзяржавы. Выпуск 1, 1390—1529, Масква, 1898.
  • Літоўскія ўпамінкі татарскім ордам, Сімферопаль, 1898.
  • Зборнік матэрыялаў з гісторыі народу Валынскага ваяводства ў 17—18 ст., 1914 (не публ.).

Зноскі

  1. Памёр ад прыступу стэнакардыі і, лічыцца, пазбег такім чынам далейшых пераследванняў.
  2. Бацька займаў пасаду сталаначальніка ўезднага жандарскага ўпраўлення).
  3. Лучна з больш за 30 працамі па этнаграфіі і фальклоры Беларусі. Аўтар прац па этнаграфіі з 1883, начальнік вялікай этнаграфічнай экспедыцыі ў Мінскай і Грдзенскай губерніях (1890—1891).
  4. Кіеўскі камерцыйны інстытут з 1909.
  5. Сташэўскі быў яго вучнем, і быў замяшаны ў крадзеж архіўных дакументаў.
  6. Мяркуецца, што менавіта даклад былога вучня мог стаць повадам для фатальнага прыступу стэнакардыі.
  7. Караў 1994, С.5.
  8. У кнізе «Сталінізм: рускі і заходні пагляд на пераломе стагоддзяў» (Routledge, 2005, ISBN 0415351081, p.162).
  9. Тут, жыхароў Піншчыны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Саковіч А. Прафэсар Мітрахван Доўнар-Запольскі // Веда [Нью-Ёрк]. — 1952. — № 7 (12). — С. 193—206.
  • Палонская-Васіленка Н. Доўнар-Запольскі // Запісы = Zapisy. — 1953. — № 1. — С. 14—28.
  • Бандарчык В. Спадчына гісторыка і этнографа // Літаратура і мастацтва. — 1960. — № 102.
  • Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мн.: Навука і тэхніка, 1964. — 282 с. С.201—215.
  • Калубовіч А. Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка // Беларуская думка [Саўт-Рывэр]. — 1964. — № 6. — С. 3—7.
  • Калубовіч А. Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка // Калубовіч, А. Крокі гісторыі: Дасьледаваньні, артыкулы, успаміны / Аўген Калубовіч; Біяграфічны нарыс і сьпіс публікацый І. Каханоўскай. — Беласток — Вільня — Менск: «ГаМакс» — «Наша Ніва» — Мастацкая літаратура, 1993. — 285 с. — ISBN 5-340-01437-1. — С. 85—91.
  • Караў Дз. У. Прадмова // Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі / Беларус. Энцыкл., Нац. арх. Рэсп. Беларусь.; Пер. з рус. Т. М. Бутэвіч, Т. М. Кароткая, Е. П. Фешчанка. — Мн.: БелЭн, 1994. — 510 с.: 1л. ISBN 5-85700-151-X. С.5—15.
  • Даследчык гісторыі трох народаў: М. В. Доўнар-Запольскі. Гомель, 2000.
  • Лебедева В. М., Скалабан В. В., Шумейко М. Ф. М. В. Довнар-Запольский и его наследие // Довнар-Запольский М. В. История Белорусии / М. В. Довнар-Запольский. — 2-е изд. — Мн.: Беларусь, 2005. — 680 с. ISBN 985-01-0550-X. С.3—14.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

ВікіЦытатніку
Матэрыялы па тэме ў
Вікікрыніцах