Міхаіл Фёдаравіч Раманюк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Міхал Раманюк)
Міхаіл Фёдаравіч Раманюк
Дата нараджэння 3 студзеня 1944(1944-01-03)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 4 верасня 1997(1997-09-04)[2] (53 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Вучоба
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхась Раманюк, поўнае імя Міхаіл Фёдаравіч Раманю́к (3 студзеня 1944, Кавалі, Брагінскі раён — 4 верасня 1997, Мінск) — беларускі мастацтвазнавец, мастак, этнограф. Кандыдат мастацтвазнаўства (1976), прафесар (1995). Даследаваў пытанні народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзяў (вясковая архітэктура, прылады працы, посуд, мэбля, адзенне і г. д.). Зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька загінуў на фронце падчас Другой сусветнай вайны. У 1951 годзе з прычыны нястачы маці з дзецьмі пераехала да сваякоў у Старынкі Дзяржынскага раёна. Скончыў сямігадовую школу ў в. Старынкі Дзяржынскага раёна.

У 1959 годзе пераехаў жыць у Мінск. У 1959—1963 гадах вучыўся ў Мінскiм тэхналагiчным тэхнiкуме па спецыяльнасці «Мадэляванне і канструяванне мужчынскага верхняга адзення», па заканчэнні атрымаў кваліфікацыю канструктара-мадэльера. У час навучання працаваў краўцом, а пазней — закройшчыкам мужчынскага адзенння.

У 1963 годзе М. Раманюк паступаў у Беларускi дзяржаўны тэатральна-мастацкi iнстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), але не прайшоў па конкурсе і быў залічаны вольным слухачом, а ў кастрычніку 1964 года, з улікам паспяховай вучобы, быў залічаны адразу на другі курс па спецыяльнасці «Мастацкае мадэляванне трыкатажных і швейных вырабаў». Па заканчэнні iнстытута (1971) атрымаў кваліфікацыю «мастак-мадэльер».

У 1964—1967 гадах служыў у Савецкай Арміі.

У 1969 годзе здзейсніў першую этнаграфічную экспедыцыю на купленым адмыслова для гэтага мапедзе.

У 1971—1974 гадах вучыўся ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1974 года працаваў выкладчыкам кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, мовы і літаратуры. У 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Народны касцюм беларускага Палесся» (канец ХIХ — пачатак ХХ ст.) і ў 1976 годзе атрымаў вучоную ступень кандыдата мастацтвазнаўства.

У 1978 годзе ўступіў у Саюз мастакоў СССР.

У 1980—1982 гадах быў дэпутатам Савета народных дэпутатаў Першамайскага раёна Мінска.

У 1981 годзе апублікаваў аўтарскі альбом «Беларускае народнае адзенне».

У 1982—1984 гадах заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусi», дзе быў галоўным рэдактарам.

У 1983—1987 гадах узначальваў камісію па працы з народнымі майстрамі Саюза мастакоў Беларусі.

У 1984—1997 гадах — загадчык кафедры гiсторыi і тэорыi мастацтваў.

Цягам 1992—1996 гадоў М. Раманюк стварыў больш за 350 мастацка-графічных рэканструкцый «Беларускія народныя строі».

У 1996 годзе ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi адбылася персанальная выстаўка «Беларускi нацыянальны касцюм».

Памёр 4 верасня 1997 года, пахаваны паводле ўласнага жадання на могілках Старынак Дзяржынскага раёна.

Навуковая і творчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з канца 1960-х гадоў Міхась Раманюк за ўласныя сродкі ажыццявіў больш за 50 экспедыцый.

Яго падарожныя дзённiкi складаюць каля дзясятка тамоў. Ён фатаграфаваў, занатоўваў, замалёўваў, даследаваў народнае аддзенне, вясковую архiтэктуру і інтэр’ер, мэблю і прылады працы, творы народнага жывапісу і скульптуры, вырабы з тканіны, керамікі і саломкі, надмагільныя помнікі і іншыя артэфакты беларускай культурнай спадчыны, а таксама беларускія абрады: сямейныя (вяселле, хрышчэнне, провады ў войска, пакланенне абракальным крыжам, пахаванне, памінанне) і каляндарныя (Вербніца, Купалле, Троіца і іншыя). Вывучаў рамёствы: ткацтва, куфэрства, саломапляценне, ганчарства, кавальства, дрэваапрацоўку, бортніцтва… Даследаваў духоўны свет вяскоўцаў праз вусную народную творчасць (словы, песні, прымаўкі, паданні). Склаў слоўнік адзення, аўтэнтычных назваў розных рэчаў і з’яў з народнага асяроддзя.

Фотаархіў вучонага налiчвае больш за 50 000 чорна-белых негатываў і каляровых слайдаў, зробленых уласнаручна. За асабістыя сродкі Міхась Раманюк сабраў калекцыі народнага аддзення, ткацтва, керамікі, прасніц, народнага жывапісу, вырабаў з саломкі і лазы, а таксама іншых твораў і вырабаў народных рамёстваў. Адначасова збіраліся калекцыі сучаснага мастацтва і старой фатаграфіі.

Даследаваў пытанні народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзяў (вясковая архітэктура, прылады працы, посуд, мэбля, адзенне і г. д.). Зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Адзiн з самых вядомых вынiкаў працы — фундаментальны альбом «Беларускае народнае адзенне» (1981), якi стаўся эпахальнай падзеяй у гiсторыi еўрапейскай этнаграфii. Міхась Раманюк на падставе навуковага аналізу рэгіянальных і лакальных асаблівасцяў адзення ўпершыню ў гiсторыi мастацтвазнаўства, этналогii і дэкаратыўнага мастацтва ажыццявiў мастацтвазнаўча-этнаграфiчнае раянаванне беларускага нацыянальнага касцюма паводле атрыбутаў, уласцівых розным рэгіёнам краіны, iх дэкаратыўных, кампазiцыйна-арнаментальных, каларыстычных, пластычных асаблiвасцяў. Ён першы, хто выявiў i ўвёў у навуковы ўжытак класiфiкацыю сялянскага ўбрання паводле народных строяў, што абазначае традыцыйны комплекс адзення для кожнага рэгіёна Беларусі.

Апублікаваныя ў альбоме фотаздымкі маюць не толькі этнаграфічную, але і мастацкую каштоўнасць. У гэтай працы аўтар-фатограф здолеў аб’яднаць навуковы досвед з мастацкім мысленнем. Этнаграфічная фатаграфія Міхася Раманюка захавала для нас тыпажы беларусаў, апранутых у аўтэнтычнае адзенне і па-майстэрску ўпісаных у ландшафт беларускай вёскі ХХ стагоддзя.

Лагічным працягам працы вучонага стала стварэнне мастацка-графічных рэканструкцый «Беларускія народныя строі», у якіх шматгадовыя і руплівыя даследаванні, аналіз уласных і архіўных матэрыялаў паспяхова пераўвасобіліся ў эстэтычную форму. Цягам 1992—1996 гадоў Міхась Раманюк з дапамогай жонкі Наталлі Сакаловай намаляваў больш за 350 твораў. Малюнкі былі выкананы на паперы гуашшу і акварэллю. У 1996 годзе яны склалі аснову персанальнай выставы «Беларускі нацыянальны касцюм» у Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi. На ёй упершыню дэманстравалiся сiнтэзаваныя вынiкi дзейнасцi мастака, фатографа, вучонага-даследчыка i рэстаўратара ў адной асобе. На выставе экспанавалiся 100 мастацка-графiчных рэканструкцый. Гэткiмi, якiмi iх прадставiў Міхась Раманюк, яны ўжо i застануцца, бо ён быў бадай апошнiм з навукоўцаў, хто бачыў і вывучаў народнае аддзенне ва ўжытку. Дапаўнялі экспазіцыю мапа гiсторыка-этнаграфiчных рэгiёнаў Беларусi, упершыню iлюстраваная традыцыйнымi народнымi строямi, а таксама фотаздымкi са шматлікіх экспедыцый і малюнкi 12 паштовых марак і 3 паштовак серыi «Беларускае народнае адзенне», выдадзеных РДА «Белпошта» (1995—1997).

Выстаўка атрымала шырокае грамадскае прызнанне, якое адлюстравана ў дзясятках рэцэнзiй у рэспублiканскiх часопiсах i газетах. Аб’ектыўнай адзнакай гэтай працы стала прысуджэнне «Прэмii года за выдатныя дасягненнi ў галіне мастацтва» (1996).

У 2003 годзе мастацка-графічныя рэканструкцыі ўпершыню былі апублікаваныя кнігай. Невялікае сувенірнае выданне «Беларускія народныя строі» (Дзяніс Раманюк, Мінск, 2003) змяшчала 62 выявы. Кніга мела вялікі поспех і была адзначаная пяццю ўзнагародамі на міжнародным і рэспубліканскіх конкурсах. У 2014 годзе адбылося яе перавыданне, наклад якога паспяхова разышоўся.

Прафесар Мiхась Раманюк каля 30 гадоў працаваў у Акадэмii мастацтваў спачатку як выкладчык, а ў 1984—1997 гадах — як загадчык кафедры гiсторыi і тэорыi мастацтваў.

У 1992 годзе дзякуючы яго нястомным намаганням удалося ажыццявiць першы набор на аддзяленне мастацтвазнаўства дзённай формы навучання. Такiм чынам ён стаў пачынальнiкам i першым кiраўнiком вышэйшай школы мастацтвазнаўства ў Беларусi.

У акадэмii Мiхась Раманюк выкладаў курсы замежнага і айчыннага мастацтва, гiсторыю касцюма беларусаў і народаў свету, гiсторыю матэрыяльнай i духоўнай культуры Беларусi.

За час працы атрымаў наступныя навуковыя званні: у 1981 годзе — навуковае званне дацэнта кафедры гiсторыi i тэорыi мастацтваў, мовы i лiтаратуры, у 1995 годзе — вучонае званне прафесара кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў.

Аўтар вучэбных праграм
  • Гiсторыя матэрыяльнай i духоўнай культуры Беларусi. Праграма для спецыяльнасцяў: мастацкае праектаванне вырабаў тэкстыльнай i лёгкай прамысловасцi; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; дызайн; iнтэр’ер i абсталяванне; праектаванне выстаў i рэкламы. — Минск: БелАМ, 1991.
  • Беларускi народны касцюм. Праграма для спецыялiзацый: мадэляванне касцюма; мастацкае афармленне тэкстыльных вырабаў. — Менск: БелАМ, 1993.
  • Гiсторыя спецыяльнасцi (Беларускi народны тэкстыль). Праграма для спецыяльнасцi: мастацкае праектаванне вырабаў тэкстыльнай i лёгкай прамысловасцi. — Мінск: БелАМ, 1995.
  • Тэорыя i гiсторыя мастацкай крытыкi. Праграма для спецыяльнасцi: мастацтвазнаўства. — Мінск: БелАМ, 1995.

Мiхась Раманюк быў заснавальнiкам i галоўным рэдактарам (1983—1985 гг.) першага часопіса, цалкам прысвечанага айчыннаму мастацтву, — «Мастацтва Беларусi» (з 1992 года — «Мастацтва»).

Удзельнічаў у стварэнні экспазіцыі Заслаўскага музея рамёстваў і народных промыслаў (1977). Стварыў сцэнiчныя касцюмы для Дзяржаўнага акадэмiчнага народнага хору БССР (1974), Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусi, шматлiкiх самадзейных калетываў. Як спецыяліст па касцюме і матэрыяльнай культуры кансультаваў многія мастацкія фільмы «Беларусьфільма», у тым ліку фільм «Людзі на балоце».

У 1981 годзе Мiхась Раманюк стаў арганізатарам выставы «Беларускі нацыянальны касцюм» у Мінску, якая пасля дэманстравалася ў Парыжы і Ліёне ў Францыі, дзе да яе быў выдадзены каталог «Costume nationales Belorusse» (Paris, 1981).

Асобная старонка ў навуковай дзейнасці Мiхася Раманюка — артыкулы i iлюстрацыi ў шматтомных «Беларускай савецкай энцыклапедыі», «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», а таксама ў даведніку «Этнаграфiя Беларусi», у часопісах «Мастацтва», «Беларусь» ды іншых выданнях.

22-27 жніўня 1996 года адбылася апошняя экспедыцыя, а ўжо ў верасні цяжкая хвароба перашкодзіла паўнавартаснай працы.

Апошні год жыцця Міхась Раманюк прысвяціў упарадкаванню манаграфіі «Беларускія народныя крыжы», якая пабачыла свет праз тры гады (2000 г.). Кніга стала першым даследаваннем у Беларусі, дзе на ўласным дакументальным матэрыяле так шырока і дэтальна прадстаўлены пахавальны, памінальны, абракальны абрады і пластыка надмагілляў. Вучоны ўпершыню сістэматызаваў і класіфікаваў абракальныя крыжы і надмагіллі паводле іх рэгіянальна-тыпалагічных асаблівасцяў, апісаў уяўленні беларусаў пра пераход чалавека з рэчаіснага жыцця ў свет памерлых і звязаныя з гэтым звычаі, абрады і рытуалы.

Сярод праектаў, якія Міхась Раманюк не паспеў здзейснiць, — гiсторыя беларускай фатаграфii. У спадчыну ён пакінуў часткова гатовыя да выдання манаграфiі: «Беларускiя маляваныя дываны», «Беларускiя маляваныя куфры», «Беларускiя інсітныя мастакі» i новы, вялікі альбом «Беларускiя народныя строі».

За мінулыя гады творы Міхася Раманюка сталі хрэстаматыйнымі. Іх дасканалыя выявы аздабляюць экспазіцыі музеяў, публікуюцца ў энцыклапедыях і шматлікіх выданнях па этнаграфіі, гісторыі і культуры. Таксама яны адлюстроўваюцца ў календарах, паштоўках, упакоўках шакаладу, безлічы сувенірнай прадукцыі, якая прэзентуе краіну… Адкрыццi Міхася Раманюка ў галiне касцюма многiя жывапiсцы, графiкi i скульптары Беларусi выкарыстоўваюць і ў сваёй творчай практыцы, i пры стварэннi касцюмаў для сцэны.

Шырынёю і маштабам даследаванняў Мiхась Раманюк не меў сабе роўных, выконваючы адзін тое, што мог бы ўзяць на сябе вялiкi калектыў. Ён застанецца апошнiм класiчным этнографам у Беларусi. Такi збор твораў народнай культуры, якi ён пачаў збiраць з канца 1960-х, не збярэ ўжо нiхто.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка Наталля Міхайлаўна Сакалова мела адукацыю архітэктара і заўжды дапамагала мужу ў рэалізацыі прафесійных планаў. Яна дапамагала сістэматызаваць матэрыялы, сабраныя падчас палявых экспедыцый, а таксама ўдзельнічала ў стварэнні серыі мастацка-графічных рэканструкцый беларускіх народных строяў, падрыхтоўцы да выдання аднайменнай серыі паштовых марак і паштовак. Сям’я выхавала сына — Дзяніса Раманюка, вядомага кнігавыдаўца, фотамастака, дызайнера, мастака, і дачку — Алесю Раманюк, мастацтвазнаўцу, кандыдата навук, выкладчыцу.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • На XIV мiжрэспублiканскiм конкурсе мастацтва кнiгi Беларускай ССР, Лiтоўскай ССР, Латвiйскай ССР i Эстонскай ССР (Вiльнюс, 1982) прысуджаны два дыпломы:
    • дыплом II ступенi як аўтару-фатографу альбома «Беларускае народнае адзенне» выдавецтва «Беларусь» (Мiнск, 1981);
    • дыплом III ступенi за паштоўкi «Беларускае народнае адзенне».
  • Дыплом Саюза мастакоў СССР (Масква, 1982) за кнiгу «Беларускае народнае адзенне» выдавецтва «Беларусь» (Мiнск, 1981) як за лепшую мастацтвазнаўчую работу 1981 года.
  • Дыплом II ступенi (1982) Дяржаўнага камiтэта Савета Мiнiстраў БССР па справах выдавецтваў, палiграфiі і кніжнага гандлю.
  • Дыплом II ступенi за стварэнне камплекта паштовак «Беларускае народнае адзенне» (1981) у Беларускiм рэспублiканскiм конкурсе на лепшыя выданнi па мастацка-тэхнiчным афармленні i палiграфiчным выкананні (1982).
  • Лаўрэат Прэмii 1996 года «За выдатныя дасягненнi ў галіне мастацтва».
  • «Залаты фаліянт» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2019» у персанальнай намінацыі «Майстэрства — Найлепшы фотамастак» — за захаванне і папулярызацыю традыцыйнай культуры беларусаў у фотаздымках да кніг «Беларускае народнае адзенне» і «Беларускія народныя крыжы».

Манаграфіі і выданні[правіць | правіць зыходнік]

Вокладка кнiгі Miхася Раманюка «Беларускiя народныя строi».
  • Беларускае народнае адзенне. — Мінск : Беларусь, 1981.
  • Costume nationals Bielarusse ["Беларускi нацыянальны касцюм", на франц. мове]. — Парыж, 1981.
  • Беларускае народнае адзенне : камплект з 16 паштовак. — Мінск : Беларусь, 1981.
  • Беларускі нацыянальны касцюм : 7 буклетаў-плакатаў. — Мінск : Полымя, 1988—1992.
  • Народны касцюм Чачэрска і ваколіц. — Мінск : Бел. iн-т праблем культуры, 1994.
  • Песні і строі Піншчыны [у суаўтарстве з Васілём Ліцвінкам і Уладзімірам Раговічам]. — Мінск, 1994.
  • Беларускае народнае адзенне : серыя з 12 паштовых марак і 3 паштовак. — Мінск : РДА «Белпошта», 1995—1997.
  • Беларускія народныя крыжы : манаграфія [укл. Дз. Раманюк]. — Вільнюс : Дз. Раманюк і Наша ніва, 2000.
  • Беларускія народныя строі : [укл. Дз. Раманюк]. — Мінск : Дз. Раманюк, 2003.
  • Беларускія народныя строі. — [Перавыд.]. — Мінск : Дз. Раманюк, 2014.

Графiчныя працы М. Раманюка і эскiзы тэатральных, народных, сцэнiчных касцюмаў зберагаюцца сёння ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi, Музея дэкаратыўнага мастацтва Расii, Нацыянальнага музея гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры Беларусi, у музеях Магiлёва, Вiцебска, Брэста, Маладзечна, Оршы, у калекцыях у ЗША, Канадзе, Iталii, Нiдэрланадах, Францыi i iншых краінах.

Публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

У навуковых, мастацкіх і перыядычных выданнях: «Помнікі мастацкай культуры Беларусі», «Помнікі культуры і гісторыі Беларусі», «Помнiкi старажытна-беларускай культуры. Новыя адкрыццi», «Беларускі каляндар», серыя «Памяць. Гісторыка-дакумэнтальныя хронiкі Пружанскага, Ляхавіцкага раёна», «Выяўленчае мастацтва Беларусі», «Народные мастера. Традиции, школы»;

у часопісах: «Мастацтва Беларусi», «Бярозка», «Беларусь», «Маладосць», «Мода-74», «Спадчына», «Беларуская мова i лiтаратура ў школе», «Совецкая женщина»;

у газетах: «Літаратура і мастацтва», «Вечерний Минск», «Голас Радзімы», «Сельская газета»;

артыкулы і фотаздымкі ў энцыклапедыях «Беларуская савецкая энцыклапедыя», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі», «Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi», «Традыцыйная мастацкая культура Беларусі»;

публікацыі ў зборніках матэрыялаў канферэнцый і каталогах мастацкіх выставак.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Маркі Рэспублікі Беларусь з малюнкамі Міхаіла Раманюка:

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 2 лістапада 2019.
  2. Bibliothèque nationale de France Mìhasʹ Ramanûk // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]