Міхась Кавыль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з М. Кавыль)
Міхась Кавыль
Язэп Казіміравіч Лешчанка
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Язэп Казіміравіч Лешчанка
Псеўданімы Міхась Кавыль, М. К., Я. Ляшчына, Я. Л.
Дата нараджэння 1 снежня 1915(1915-12-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 6 красавіка 2017(2017-04-06) (101 год)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, рэдактар, грамадскі дзеяч
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у

Міхась Кавыль, сапр. Язэп Казіміравіч Лешчанка (1 снежня 1915[1], в. Покаршаў (Покрашава), Слуцкі павет, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць — 6 красавіка 2017, Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША[2]; Псеўданімы і крыптанімы: М. К., Я. Ляшчына, Я. Л.) — беларускі паэт, рэдактар, грамадскі дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нapaдзiўcя на Случчы­не. Ягоны бацька неўзабаве загінуў у вой­ску падчас Пepшaй Сycвeтнaй вaйны, і ў мaцi засталося пяцёpa дзяцeй. Вучыўся ў Грэскай сямігодцы, пасля ў Грозаўскай, а потым зноў у Грэскай, якую скончыў у 1930. У 1930—1933 вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (Мінск). 23 лютага 1933 арыштаваны і асуджаны на 3 гады зняволення па справе «Беларускай народнай Грамады». Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе. У 1935 годзе вызвалены, жыў у Варонежы (1935—1941), дзе вучыўся ў педагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Камінтэрн», настаўнічаў.

З пачаткам Другой сусветнай вайны на тэрыторыі СССР на Украінскім фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. Далучыўся да Саюза беларускай моладзі, скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Берлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў СБМ, працаваў у аддзеле прапаганды ў Мінску.

З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы. Рэдактар першых трох нумароў газеты «Беларуская трыбуна», потым рэдактар не пазначаўся. У 1950-х браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі (БККА). Быў віцэ-старшынёй на Першым Кангрэсе беларусаў Амерыкі (11 лютага 1951). Сумесна з Янкам Золакам у 1958 г. рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Прыйсьце». Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва.

З падвоенага № 27—28 (1983) быў сталым рэдактарам часопіса «Беларуская думка», аднак, з-за праблем са здароўем рэдактарскія функцыі перайшлі да друкара і выдаўца часопіса Ж. Навумчыка.

1 снежня 2015 г. адзначыў стагоддзе, з чым яго павіншаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Управа Беларускага інстытута навукі і мастацтва разам з віншаваннем перадала яму, ягоным сынам і ўнукам копіі старонак з англамоўнай гісторыі беларускай замежнай літаратуры брытанскага прафесара Арнольда Макміліна, на якіх аўтар апісвае літаратурныя творы Міхася Кавыля.

Памёр 6 красавіка 2017 г. у Саўт-Рыверы і пахаваны на могілках царквы Св. Еўфрасінні Полацкай.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкавацца пачаў у 1929 у газеце «Беларуская вёска». Уваходзіў у літаратурную арганізацыю «Маладняк». У 19421944 друкаваўся ў газеце «Раніца», потым у шэрагу эміграцыйных выданняў.

На эміграцыі выйшлі зборнікі паэзіі «Ростань», «Пад зорымі белымі», «Першая рана», «Цяжкія думы», кніга выбраных твораў «Міжагнёўе».

Займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, з украінскай пераклаў паасобныя творы Яра Славуціча, М. Рыльскага, П. Тычыны; з англійскай — Н. Гімбела[en], польскай — В. Гамуліцкага, Л. Падгорскага-Аколава, рускай — Б. Пастэрнака. Сумесна з Янам Пятроўскім пераклаў «Роздумы» Марка Аўрэлія.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратурныя[правіць | правіць зыходнік]

  • Ростань: Вершы. — Рэгенсбург, 1947. — 44 с.[3]
  • На Парнасе // Беларуская інфармацыйная служба. — 1948. — № 21. — 1 верасьня. — С. 3—4.
  • Пад зорамі белымі: Вершы. —Ню-Ёрк: [выдавецтва Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту ў Ню-Ёрку], 1954. — 70 с.
  • Першая рана. — Манчэстэр: выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху, 1960. — 41 с.
  • Цяжкія Думы: Санэты. — Саўт Рывэр: выданьне Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту, 1961. — 61 с.
  • Лясная казка: [П'еса]. — Саўт Рывэр, 1967. — 6 с.
  • Міжагнёўе: Выбраныя творы. — Нью Ёрк: БІНІМ, 1990. — XXI, 343 с. — (Byelorussian Poets and Writers Series; № 4).
  • Мой шлях. — Grand Rapids, Mi.: «Беларускі Сьвет», 1991. — 10 с.

Публіцыстычныя[правіць | правіць зыходнік]

  • «Дзярлівая птушка» К. Акулы // Беларуская думка. — 1965. — № 8. — С. 8.
  • Казённы дом і казённая дарога // Запісы БІНІМ. — 1992. — № 20. — С. 65—101.
  • Мой адказ Рамановічу [Рыгору Крушыне] // Бацькаўшчына. — 1959. — № 1—2 (437—438). — С. 7[4].

Зноскі

  1. У літаратуры, напр. даведніках Гардзіцкага і Маракова, сустракаецца памылковая дата нараджэння — 1.11.1915, у энцыклапедыі «Беларускія пісьменнікі» у 6 т. у 3-м томе таксама памылкова — 1.2.1915 года. Праўдзівую дату 1.12.1915 пацвярджае уласнаручна запоўненая М. Кавылём анкета, альманах «Ля чужых берагоў» і зборнік «Міжагнёўе».
  2. Памёр пісьменнік Міхась Кавыль. Ён пражыў 101 год
  3. Printed with the permission of UNRRA team 906. Технічними засобами вид. С-ки «Украінське Слово». Druk: «Mittelbayerische Zeitung», Regensburg. Вокладка мастака М. Білінськага.
  4. Адказ на артыкул К. Рамановіча «Думкі аб паэзіі»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]