Навагрудская мячэць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мячэць
Навагрудская мячэць
Адноўленая мячэць у Навагрудку. Студзень 2010 года.
Адноўленая мячэць у Навагрудку. Студзень 2010 года.
53°35′37,77″ пн. ш. 25°49′34,60″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Навагрудак
Канфесія Іслам
Тып будынка Мячэць
Заснавальнік Аляксандр Асанавіч
Дата заснавання 1885
Асноўныя даты

1945мячэць закрыта
1994будынак вернуты вернікам

1997адноўлена служба
Статус ахоўваецца дзяржавай
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Навагрудская мячэць — магаметанскі храм у Навагрудку (вул. Леніна, 28). Мячэць вяла службу да канца Другой сусветнай вайны, а за савецкім часам была закрыта і перабудавана ў жылы дом. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

Мячэць у Навагрудку вядома з XVI стагоддзя[1]. Прывілей на будаўніцтва мячэці ў 1792 годзе навагрудскія татары атрымалі ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, яго ўхваліў віленскі біскуп. Праз чатыры гады ў Навагрудку на тым месцы адбылося першае служэнне. Мячэць была драўлянай і да 1820 года была філіялам лоўчыцкай мусульманскай супольнасці, а потым стала цэнтрам прыхода. У сярэдзіне ХІХ ст. у яго складзе налічвалася 375, у 1882 г. — 333 прыхаджаніны мужскога полу. Навагрудскі прыход з 1831 года падпарадкоўваўся Таўрычаскаму магаметанскаму духоўнаму праўленню.

У матэрыялах Мінскага губернскага праўлення за 1853 год ёсць

«…даведка Таўрычаскага магаметанскага духоўнага праўлення ад 31 жніўня, пры якой пераправодзіцца на… разгляд губернскага праўлення прадстаўлены хатыпам Навагрудскай саборнай мячэці Багдановічам прыгавор мясцовых прыхаджан аб хадайніцтве пра дазвол на пабудову новай мячэці ў г. Навагрудку».

У выніку хадайніцтва, сабраных дакументаў, сведчанняў гарадской паліцыі аб ветхасці мячэці «праўленне знайшло неабходным дазволіць пабудаваць новую мячэць на месцы існуючай, якая прыйшла ў канчатковую ветхасць». Пры гэтым загадвалася, каб пры ўзвядзенні мячэцці не было адступлення ад устаноўленага законам парадку карыстання так званымі «узорнымі» планамі і фасадамі[2]. У 1855 годзе на месцы старой мячэці на сродкі адстаўнога маёра Аляксандра Асановіча была пабудавана новая мячэць. У 1858 годзе Вінцэсь Каратынскі запісаў:

«У татар здавён у Наваградку ёсць свая мячэць, здаецца, заўсёды, так, як і сёння, драўляная»[3].

Аснову мячэці складае зрубны, блізкі ў плане да квадрата аб’ём, які пераходзіць у шатровы дах з нізкім чацверыком і палогай чатырохсхільнай страхой, мінарэтам з паўсферным завяршэннем. Да асноўнага аб’ёму далучаны прытвор і два бакавыя прырубы. Сцены ашаляваны, вокны і дзверы аздоблены ліштвамі, афарбаванымі ў белы колер. Верхнія ліштвы маюць кілепадобную форму, шырока распаўсюджаную ў ісламскай архітэктуры[4]. У мячэці была ўстаноўлена мармуровая дошка ў гонар Аляксандра Асановіча.

Візіт Прэзідэнта РП Ігнацыя Масціцкага ў навагрудскую мячэць (1929)

У даваенны час у Навагрудскую мячэць наведала дэлегацыя з Турцыі. 22 верасня 1929 году мячэць адведаў прэзідэнт Польскай рэспублікі Ігнацы Масціцкі. Муэдзінам у той час быў Бэкір Радкевіч.

Да 1939 года пры мячэці працавала рэлігійная школа — мактаб. У 1945 годзе мячэць была закрыта і перабудавана ў жылы дом. Мячэць у гэтым стане знаходзілася да 1994 года, пакуль яна не была вернута вернікам. Тады пачалася перабудова святыні, і 11 ліпеня 1997 года мячэць аднавіла сваю дзейнасць. Адкрыццё было прымеркавана да 600-годдзя пасялення татараў на Беларусі.[5]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Мишкинене Галина.. Литовские татары (руск.).
  2. Александровіч Р. Татарскі след у гісторыі Наваградчыны // Наваградчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы. Мінск: Рыфтур, 2010. — С. 223.
  3. Каратынскі В. Творы. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 199.
  4. Лакотка А. І. Бераг вандраванняў, ці адкуль у Беларусі мячэці. Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 60.
  5. Канапацкая Зорина. Мечети татар Беларуси, Литвы и Польши: история и современность(руск.) // Мечети в духовной культуре татарского народа (XVIII в. — 1917 г.). — С. 19. — ISBN 5-94981-071-6.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]