Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей

Заснаваны 12 верасня 1992
navagrudak.museum.by

Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей — музей ў Навагрудку.

Першыя спробы стварыць краязнаўчы музей у Наваградку рабілі карэспандэнт газеты «Новае жыццё» і рэдактар навагрудскага радыё Іван Іванавіч Казачонак, а таксама мясцовыя краязнаўцы Барыс Іванавіч Бесараб і Раман Сцяпанавіч Лецка ў канцы 1960-х гадоў. Аднак тады музей не быў створаны, а сабраныя экспанаты не захаваліся.

Цяперашні музей быў арганізаваны дзякуючы збіральніцкай працы Ніны Пятроўнай Шурак пачынаючы з 1987 года. Адкрыты музей 12 верасня 1992 года. Па ініцыятыве дырэктара музея Тамары Рыгораўны Вяршыцкай, на месцы Навагрудскага гета, створана экспазіцыя «Музей яўрэйскага супраціву ў Навагрудку».

Экспазіцыя размешчана ў 9 залах (250 кв.м.) фонды музея налічваюць 13,5 тыс. адзінак захоўвання.

Экспазіцыя адлюстроўвае найбольш значныя падзеі гісторыі горада і раёна, знаёміць з утварэннем Вялікага княства Літоўскага: каранацыяй Міндоўга, дзейнасцю вялікіх князёў Войшалка, Гедыміна, Вітаўта і інш., расказвае пра рассяленні татараў на Навагрудчыне, пра стварэнне праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ і г.д. На падставе дакументаў і дыярам паказаны змены ў статусе горада ў сувязі з атрыманнем ім магдэбургскага права, герба, пасяджэннямі Галоўнага трыбунала ВКЛ, а таксама войнаў, якія прывялі да разбурэння Навагрудскага замка, падзеі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў. Расказвае пра выдатных людзей, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з Навагрудчынай.

Музей мае багатую этнаграфічную калекцыю, творы народнага мастацтва (жаночы і мужчынскі строі, тканыя посцілкі, дзяругі, настольнікі, вышываныя ручнічкі, сурвэткі, гліняны і драўляны посуд).

Асобнымі тэмамі пададзена дзейнасць у міжваенны перыяд у Навагрудку дзяржаўнай польскай і прыватнай беларускай гімназій.

Значная плошча адведзена паказу нямецкай акупацыі Навагрудчыны ў гады І і ІІ сусветных войнаў: удзел жыхароў у ваенных дзеяннях, рэжым акупацыі, трагедыя яўрэйскай абшчыны горада, супярэчлівы рух супраціўлення, у якім удзельнічалі савецкія партызанскія атрады, фарміраванні Арміі Краёвай, яўрэйскі партызанскі атрад Бельскага і інш.

У музеі створаны мемарыяльны раздзел з архіва былога выпускніка беларускай гімназіі, ганаровага грамадзяніна г. Навагрудка, вядомага ў свеце вучонага ў галіне астранаўтыкі Барыса Кіта.

У 2016 годзе музей наведала 13 тыс. чалавек (паводле наведвальнасці 9-е месца ў Гродзенскай вобласці)[1].

Зноскі

  1. Культура Республики Беларусь. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2017. — С. 27-28.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]