Навухаданосар II
| Навухаданосар II | ||
|
||
|---|---|---|
| 7 верасня 605 — 7 кастрычніка 562 да н.э. | ||
| Папярэднік: | Набапаласар | |
| Пераемнік: | Амель-Мардук | |
| Нараджэнне: | 630 да н.э. | |
| Смерць: | 7 кастрычніка 562 да н.э. | |
| Род: | X Новававілонская (халдзейская) дынастыя | |
| Бацька: | Набапаласар | |
Навухаданосар II, Набу–кудуры–усур (Nabû-kudurri-uṣur) — сын Набапаласара, цар вавілонскі[1] (605/604—562/561 да н.э.), адзін са славутых заваёўнікаў антычных часоў, яго імя ў перакладзе азначае: Набу, абарані карону.
Выдатны стратэг і палітык. У 605 да н.э. нанёс жорсткае паражэнне егіпцянам пад Кархемішам (605 г. да н.э.) і захапіў Сірыю і Палесціну. Гэта перамога вырашыла лёс Блізкага Усходу на карысць Навухаданосара. Спробы егіпцян аднавіць актыўную палітыку ў Сірыі шляхам стварэння кааліцыі мясцовых цароў выклікалі яго новыя ваенныя паходы. У 597 і 586 да н.э. захопліваў Іерусалім. У 586 да н.э. разбурыўшы Іерусалім, вывез у Вавілон нарабаваныя багацці і значную частку іерусалімскага насельніцтва. Ператварыў Іудзею ў вавілонскую правінцыю. На працягу 13 гадоў (585 — 573 да н.э.) неаднойчы асаджваў Цір, пакуль гэты горад не прызнаў яго ўладу, чым завяршылася падпарадкаванне Вавілону Усходняга Міжземамор'я.
У часы доўгага панавання Навухаданосара Вавілонскае царства дасягнула эканамічнага і культурнага росквіту. Нягледзячы на няспынныя паходы і войны, ён клапаціўся аб адбудове, умацаванні і ўпрыгожанні сталіцы, якую ператварыў у непрыступную крэпасць. Пры ім у Вавілоне былі пабудаваны славутая Вавілонская вежа, шэраг цудоўных палацаў і храмаў, разведзены на штучна зробленых земляных тэрасах дзіўныя сады Семіраміды, якія антычная традыцыя прылічала да сямі цудаў свету. Пісьмовыя біблейскія крыніцы (кнігі прарокаў Ісайі і Данііла) паказвалі і трактавалі Навухаданосара выключна ў негатыўным плане, як жорсткага заваёўніка, разбуральніка святога горада Іерусаліма, яго імя доўгі час выклікала ў нашчадкаў жах, нянавісць і нават агіду. Такі погляд на гэтага цара замацаваўся і ў літаратуры больш позняга часу.[2]
Зноскі
- ↑ Новававілонскага царства.
- ↑ Скарына Ф. Творы:... С. 148.
Літаратура [правіць]
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.148. ISBN 5-343-00151-3.
- Белявский В.А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический, М., 1971;
- Кленгель-Брандт Э. Вавилонская башня: легенда и история, М., 1991.
Шаблон:Дзясятая Вавілонская дынастыя
