Наперстаўка буйнакветная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наперстаўка буйнакветная

Агульны выгляд расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Digitalis grandiflora Mill., (1768)

Сінонімы
Digitalis ambigua Murray

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  502057
NCBI  38791
EOL  487942
GRIN  t:102280
IPNI  60453625
TPL  kew-2768008

Наперстаўка буйнакветная, Наперстаўка няпэўная[3], Палечнік жоўты[4] (Digitális grandiflóra) — шматгадовая травяністая расліна, від роду Наперстаўка (Digitalis) сямейства Трыпутнікавыя (Plantaginaceae).

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Батанічная ілюстрацыя Якаба Штурма з кнігі «Deutschlands Flora in Abbildungen», 1796

Карэнішча кароткае, мачкаватае, шматгалоўкавае.

Сцёблы 40-120 см вышынёй, прамыя, простыя, радзей ля аснавання пэндзля галінастыя, у верхняй частцы пакрытыя залозістымі валасінкамі, у ніжняй — пераважна доўгімі рэдкімі валасінкамі, у сярэдняй частцы голыя або рассеяна валасістыя.

Лісце светла-зялёнае, большай часткай падоўжана-ланцэтнае, завостранае, дробнапільчатае або цэльнакрайняе, знізу, асабліва па жылкам і па краі, пакрытыя залозістымі (на аднаклеткавай ножцы і з двуклеткавай галоўкай) і простымі (большай часткай з шасці клетак) валасінкамі. Разеткавае і ніжняе сцябловае лісце 7-25 см даўжынёй і 2-6,5 см шырынёй, даўгавата-ланцэтнае, ля аснавання паступова адцягненае ў кароткі і шырокі хвосцік. Сярэдняе сцябловае лісце яйкападобна-ланцэтнае і большай часткай сядзячае. Верхняе сцябловае лісце сядзячае, даўгавата-ланцэтнае, каля 4 см даўжынёй і 1 см шырынёй, паступова змяншаецца ў памерах і пераходзячае ў пазушныя прыкветкі.

Кветкі гарызантальна адхіленыя, паніклыя, сабраны ў большай часткай кароткія (6-25 см даўжынёй) і рэдкія верхавінкавыя гронкападобныя суквецці. Кветаножкі пры кветках 2,5 мм даўжынёй, пры пладах 5-15 мм даўжынёй, коратка залозіста- апушаныя. Долі чашачкі 4-7 мм даўжынёй і 1-2 мм шырынёй, пры пладах да 9 мм, ланцэтныя, вострыя, залозіставаласістыя. Вяночак серна-жоўты, на ўнутранай паверхні з бураватымі жылкамі, у сухім выглядзе жоўты або буры, звонку рассеяна залозістаапушаны, 3-4 см даўжынёй і 15-20 мм шырынёй, няправільна званочкавы; верхняя губа невыразна двухлопасцевая, каля 2 мм даўжынёй, сярэдняя лопасць ніжняй губы трохкутная, можа быць завостранай, 5-7 мм даўжынёй, бакавыя лопасці трохкутныя, вастраватыя, 2-3 мм даўжынёй.

Каробачка 8-14 мм даўжынёй, 5-8 мм шырынёй, яйкападобная, тупаватая, густа пакрыта валасінкамі. Насенне чатырохгранна-прызматычнае, 0,8-1,2 мм даўжынёй і каля 0,5 мм шырынёй. Цвіце ў чэрвені — ліпені.

Від апісаны з Еўропы.

Злева направа: сцябло, ліст, суквецце, кветкі

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Еўропа: Аўстрыя, Бельгія, Чэхія, Славакія, Германія, Венгрыя, Польшча, Швейцарыя, Албанія, Балгарыя, краіны былой Югаславіі, Грэцыя, Італія, Румынія, Францыя; тэрыторыя былога СССР: Беларусь, Эстонія, Латвія, Літва, Малдова, Еўрапейская частка Расіі, Украіна, Заходняя Сібір (поўдзень); Азія: Турцыя[5].

Расце ў лісцяных і змешаных лясах, на узлесках і высечках, часта на задзернаваных і камяністых схілах сярод хмызнякоў, радзей на рознатраўных лугах.

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Як і Digitalis lanata, наперстаўка буйнакветная ўтрымлівае кардыятанічныя гліказіды  (руск.) (кардэналіды), галоўныя з іх — дыгіланіды (ланатазіды) А, В, С[6].

Лісце наперстаўкі ўтрымлівае сардэчныя гліказіды, сапаніны, флаваноіды і некаторыя іншыя рэчывы.

Практычнае выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Лекавая, ядавітая і дэкаратыўная расліна.

У навуковай медыцыне выкарыстоўваюць лісце наперстаўкі лац.: Folia Digitalis. Прэпараты з яго прызначаюцца пры лячэнні складаных парушэнняў кровазвароту (сардэчнай дэкампенсацыі), вострай і хранічнай сардэчнай недастатковасці, пры парушэнні рытму сардэчных скарачэнняў, клапанных заганах сэрца і іншых парушэннях сардэчнай дзейнасці.

У ветэрынарыі лісце наперстаўкі выкарыстоўваюць пры парушэнні сардэчнай дзейнасці ў жывёл.

Усе органы наперстаўкі атрутныя. Ужыванне іх жывёламі ў вялікай колькасці прыводзіць да ўзрушанасці працы сэрца, звужэння крывяносных сасудаў, засмучэння стрававання.

Расліна прыдатна для вырошчвання на кветніках, а таксама ў зацененых месцах паркаў і лесапаркаў.

Вырошчванне[правіць | правіць зыходнік]

Для вырошчвання наперстаўкі адводзяць участак, абаронены ад халодных паўночна-ўсходніх вятроў. Лепш расце на лёгкіх суглінкавых і супяшчаных чарназёмных глебах, але не кіслых.

Сяўба[правіць | правіць зыходнік]

Перад пасевам ўчастак перакопваюць на глыбіню 22-27 см.

Размнажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Размножваюць як расадай, вырашчанай у парніках, так і насеннем, якое высейваюць пад зіму або рана вясной з міжраддзямі 60 см. Доглад за пасевамі заключаецца ў шматразовым рыхленні глебы, у праполцы і унясенні ўгнаенняў (200 кг гною, 2 кг суперфасфату і 1 кг калійных соляў на 100 м²).

Збор, перапрацоўка і захоўванне[правіць | правіць зыходнік]

Збіраюць прыкаранёвае і сцябловае лісце восенню ці вясной, да пачатку цвіцення, зрываючы яго рукамі. Складаюць, НЕ ўтрамбоўваючы, у невялікія кошыкі. Хутка сушаць на гарышчах пад жалезным дахам, але лепш у сушылках пры тэмпературы 55-60°. Сухія лісце пакуюць у цюкі або фанерныя скрыні, высланыя паперай, вагой па 50 кг.

Захоўваюць у сухіх памяшканнях на верхніх стэлажах. Тэрмін захоўвання — два гады.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 8. — 160 с. — 2 350 экз. — у крыніцы пад назвай Digitalis ambigua Murray
  4. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924. — у крыніцы пад назвай Digitalis ambigua Murray
  5. Паводле сайта GRIN. Гл. картку расліны
  6. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 214. — ISBN 5-06-000085-0. Архівавана 20 красавіка 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]