На Купалле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
На Купалле
Жанр музычны спектакль
Заснаваны на аднайменнай драме
Аўтар М. Чарот
Кампазітар У. Тэраўскі
Дырыжор Міхась Чарот
Рэжысёр Е. Міровіч
Харэограф К. Алексютовіч
Акцёры А. Александровіч
Г. Грыгоніс
Краіна БССР
Мова беларуская
Год 1921

На Купалле — музычны сінтэтычны спектакль, пастаўлены ў БДТ-1 у 1921 годзе, які пратрымаўся некалькі гадоў у рэпертуары тэатра[1] па аднайменнай драме М. Чарота «На купалле» Е. Міровічам.

Гісторыя стварэння п'есы[правіць | правіць зыходнік]

Першаму Беларускаму дзяржаўнаму тэатру патрабавалася пастаноўка, якая мела б арыгінальную драматургію, каб надаць тэатру непаўторную адметнасць, звязаную з нацыянальным каларытам[2]. Е. Міровіч, які замяніў Ф. Ждановіча на пасадзе мастацкага кіраўніка тэатра, запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх беларускіх пісьменнікаў. Адным з першых адклікнуўся на запрашэнне Міхась Чарот[2]. Ён быў знаёмы з тэатральнай спецыфікай, бо ў свой час быў задзейнічаны як акцёр у пастаноўках Першага беларускага таварыства драмы і камедыі і тэатра Галубка, таксама ім былі ўжо напісаны камедыя «Жаніх без шлюбу» (1919), драма «Слуцкая варона» (1920), аднаактавыя п'есы для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920)[2]. Для БДТ-1 М. Чарот прапанаваў драму «На Купалле», заснаваную на народнай легендзе аб кветцы шчасця і яе пошуках у купальскую ноч[3].

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам новага спектаклю стаў мастацкі кіраўнік тэатра Е. Міровіч, кампазітарам У. Тэраўскі, балетмайстарам шматлікіх танцавальных уставак К. Алексютовіч, а мастаком К. Елісееў[2].

Акцёры[правіць | правіць зыходнік]

Першай выканаўцай галоўнай ролі Алесі, была Алеся Александровіч, сяброўка М. Чарота, якая таксама спявала ў хоры У. Тэраўскага[4]. Ролю Данілы выконваў Генрых Грыгоніс[5].

Апісанне спектакля[правіць | правіць зыходнік]

П'еса «На Купалле» была, несумненна, новым словам у літаратуры Беларусі, але яна ўзнікла на шматвяковай традыцыі народнай творчасці, арыентацыя на якую засцерагала беларускую драматургію ад касмапалітычнай безаблічнасці. Выкарыстанне народна-паэтычных прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механічнага капіравання фальклорных сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання, бо мастацкі метад у фальклоры прынцыпова адрозніваецца ад мастацкага метаду ў літаратуры. Спектакль, заснаваны на народнай аснове, быў напоўнены народнымі мелодыямі, песнямі і танцамі.

Асноўны матыў п'есы Міхася Чарота «На Купалле» — пошукі шчасця, які ў той час быў надта папулярным у Беларусі. У п'есе нязмушана разгортваліся актуальныя праблемы, сучасныя часу.

Танцавальная частка[правіць | правіць зыходнік]

Балетмайстар К. Алексютовіч вырашыў харэаграфічную частку спектакля ў народным духу, у плане фальклорных скокаў. Так, з дзявочымі купальскімі карагодамі пераклікаліся пластычныя танцы русалак у сцэне сноў[6]. У народныя танцы харэограф дадаваў класічныя элементы, ён паставіў русалак «на пальцы» ў карагодзе. У спектаклі ўпершыню на беларускай сцэне з'яўляюцца народныя хараводы, напрыклад, рэалізавана сцэнічная пастаноўка народнага танца «Кола»[7]. Гэтыя карагоды падкрэслівалі нацыянальны характар п'есы і, арганічна ўліваючыся ў драматургію спектакля, дапамагалі раскрыццю тэмы.

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Працу рэжысёра З. Бядуля ацаніў найвышэйшай адзнакай, назваўшы яе ідэальнай[8]. Маскоўскія тэатральныя аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923 г., калі БДТ-1 выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўцы, адзначыўшы, што гэты спектакль раскрыў рускаму гледачу душу беларускага народа лепш, чым бы гэта зрабілі дзесяткі спецыяльных навуковых артыкулаў[2].

Толькі ў 1920-я гады спектакль вытрымаў 432 паказы[9].

Уплыў на культуру[правіць | правіць зыходнік]

Па п'есе «На Купалле» была пастаўлена опера «Квётка шчасця» А. Туранкова. Песня «Купалінка», якую многія лічаць народнай, з'яўляецца фрагментам музычнага суправаджэння спектаклю «На Купалле»[10].

П'еса была згублена, але паводле М. Куліковіча, тэкст М. Чарота і частка музыкі У. Тэраўскага былі захаваны беларускай эміграцыяй[11].

Зноскі

  1. Сын сваёй эпохі Архівавана 27 лістапада 2020.
  2. а б в г д Лаўшук С. С. Драматургія // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 134—166.
  3. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі
  4. Наш край в новой энциклопедии Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
  5. Яўген Рамановіч «Беларуская хатка»
  6. Начало белорусского советского балетного театра (руск.)
  7. Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
  8. Савецкая Беларусь. 1921. 23 лістапада
  9. Максiм IЎКIН. Як аўтарская «Купалінка» стала народнай песняй? Архівавана 29 мая 2014.
  10. Тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў Архівавана 23 мая 2012.
  11. Куліковіч Мікола. Савецкая беларуская опэра // Спадчына № 6 — 1991. С. 75-88.