Нервовая сістэма

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Схема нервовай сістэмы чалавека
Дэкарт: «Раздражненне ступні перадаецца па нервах у мозг, узаемадзейнічае там з духам і такім чынам спараджае адчуванне болю».

Нервовая сістэма — цэласная марфалагічная і функцыянальная сукупнасць розных узаемазвязаных нервовых структур, якая разам з гумаральнай сістэмай забяспечвае ўзаемазвязаную рэгуляцыю дзейнасці ўсіх сістэм арганізма і рэакцыю на змяненне ўмоў унутранага і знешняга асяроддзя. Нервовая сістэма дзейнічае як інтэгратыўная сістэма, якая звязвае ў адно адчувальнасць, рухальную актыўнасць і працу іншых рэгулятарных сістэм (эндакрыннай і імуннай).

Нервовая сістэма ажыццяўляе ўспрыняцце дзеяння на арганізм раздражняльнікаў, правядзенне і апрацоўку ўзбуджэння, якое ўзнікла пры гэтым, фарміраванне прыстасавальных рэакцый у адказ. Яна рэгулюе і каардынуе ўсе функцыі арганізма ў яго ўзаемадзеянні з асяроддзем.

Цэнтральная нервовая сістэма (ЦНС) прадстаўлена галаўным мозгам і спінным мозгам, якія знаходзяцца адпаведна ў поласці чэрапа і ў пазваночным канале. Перыферычная нервовая сістэма прадстаўлена нервамі, нервовымі канцамі і нервовымі вузламі.

Асноўным структурным і функцыянальным элементам нервовай сістэмы з'яўляецца нейрон. Нейроны, аб'яднаныя паміж сабой сінапсамі, здольны перадаваць узбуджэнне ад адной клеткі да другой. Нейрон можа знаходзіцца ў двух станах: спакою і актыўнасці. Гэтыя станы нейрона вызначаюць магчымасць перадачы інфармацыі ад адной нервовай клеткі да другой.

Найбольш простым функцыянальным аб'яднаннем нейронаў з'яўляецца рэфлекторная дуга. Яна служыць асновай усіх рэакцый арганізма ў адказ на знешнія ўздзеянні або змяненні яго ўнутранага стану. Кантроль за работай сэрца, унутраных органаў і стрававальных залоз ажыццяўляецца сімпатычным і парасімпатычным аддзеламі аўтаномнай нервовай сістэмы.

Галаўны мозг, уключаючы кару вялікіх паўшар'яў, ажыццяўляе ацэнку атрыманай інфармацыі. Ён фарміруе каманды, якія кіруюць дзейнасцю арганізма і накіраваны на рашэнне біялагічных і сацыяльных задач (пастаянства ўнутранага асяроддзя і паводзіны адпаведна). Такім чынам, вышэйшым рэгулятарным аддзелам нервовай сістэмы з'яўляецца галаўны мозг. Менавіта пад яго кантролем ажыццяўляецца работа ўнутраных органаў і паводзіны індывіда.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.

Cпасылкі[правіць | правіць зыходнік]