Нованарвежская мова
Ню́нарск (ню́нашк) — адна з формаў сучаснай літаратурнай нарвежскай мовы (побач з букмалам). У іншай трактоўцы - адна з афіцыйных пісьмовых моваў Нарвегіі (другая афіцыйная мова — букмал (нарв. bokmål), апроч таго, у некаторых камунах дадатковай афіцыйнаю моваю ёсць адна з саамскіх).
Фармаванне нованарвэскай мовы, першапачаткова называнай "мовай краю" (лансмал, нарв. landsmål), было пачата ў сярэдзіне XIX стагоддзя Іварам Осэнам. Осэн бачыў у сваім праекце «папраўдзе нарвежскую» альтэрнатыву дзяржаўнаму стандарту нарвежскай мовы таго часу — «дзяржаўнай мове» (рыксмал, нарв. riksmål), якая была вельмі падобная да дацкай мовы. «Дзяржаўная мова» ў далейшым стала называцца «кніжнаю», букмал (нарв. bokmål) і стала адною з дзвюх афіцыйных пісьмовых моваў Нарвегіі.
У цэлым нованарвежская палягае на заходненарвежскіх дыялектах і ўжываецца прыблізна дзясятаю доляй насельніцтва Нарвегіі. Пісьмовыя нормы ўсё больш набліжаюцца да букмала, але раўналежна існуе хёгнарск (хёгнашк, нарв. Høgnorsk — «высокая нарвежская») — штучная норма, ачышчаная ад любых словаў з букмала. У нованарвежскай Вікіпедыі артыкулы на хёгнашк размешчаныя ў асобнай катэгорыі.
У школах выкладанне вядзецца на абедзвюх мовах.
