Нямецкая акупацыя Беларусі 1941-1944

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Савецкія партызаны ў Беларусі, 1943 год
Нямецкая карта-справаздача айнзацгрупы А

НЯМЕЦКАЯ АКУПАЦЫЯ БЕЛАРУСІ (1941—1944), акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі ў 19411944 тэрыторыі БССР (у межах 1941 года). Радыкальнай польскай гістарыяграфіяй не прызнаецца як цэлы прадмет вывучэння, і падзяляецца на акупацыю Усходняй Польшчы і акупацыю БССР у межах 1938 года.

Пасля поўнага захопу нямецкімі войскамі (1941), тэрыторыя БССР была падзелена на наступныя зоны кіравання: тылу армейскай групы «Цэнтр», рэйхкамісарыятаў «Остланд» і «Украіна», генеральнай акругі Усходняя Прусія.

На акупаванай тэрыторыі з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі савецкія партызанскія фарміраванні. Таксама з 1941 сюды была распаўсюджана дзейнасць польскіх партызанскіх сіл, а польскія падпольныя арганізацыі існавалі і ў даваенны перыяд 1939—1941. У шэрагу раёнаў Брэсцкай вобласці дзейнічалі ўкраінскія АУН і УПА.

Нацыянальная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

На захопленай Трэцім Рэйхам тэрыторыі БССР пад акупацыяй апынулася каля 8 млн чалавек, а таксама 900 тыс. савецкіх ваеннапалонных[1]. Нямецкай адміністрацыяй праводзілася палітыка генацыду, рабавання і гвалту. Усё гэта адбывалася па нямецкаму плане «Ост».

Першым крокам акупантаў стала ўвядзенне абмежаванняў грамадзянскіх свабод мясцовага насельніцтва. Было абвешчана надзвычайнае становішча. Усё насельніцтва, якое пражывае на акупаванай тэрыторыі, падлягала абавязковаму ўліку і рэгістрацыі ў мясцовых адміністрацыях. Забаранялася дзейнасць усіх арганізацый, а таксама правядзенне мітынгаў і сходаў. Уводзіўся прапускны рэжым і дзейнічаў каменданцкая гадзіна. З першых дзён вайны немцы праводзілі масавыя чысткі: забівалі камуністаў, камсамольцаў, актывістаў савецкай улады, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. З асаблівай жорсткасцю знішчалася «расава шкодная» частка насельніцтва: яўрэі, цыганы, фізічна і псіхічна хворыя.

Масавае знішчэнне насельніцтва ажыццяўлялі асаблівыя аператыўныя групы — айнзацгруппы, якія дзяліліся на спецыяльныя і аператыўныя[2].

На тэрыторыі Беларусі фашыстамі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў[3]. Самым буйным з'яўляўся Трасцянецкі лагер смерці, у якім за гады вайны было знішчана 206,5 тыс. чалавек[4].

У гарадах арганізоўваліся спецыяльныя зоны пражывання яўрэяў — гета. Усяго ў Беларусі было створана, па розных дадзеных, ад 111 да больш чым 200, а па дадзеных доктара гістарычных навук Эмануіла Іофе — 299 гета ў 277 населеных пунктах на даваеннай тэрыторыі БССР, з якіх на сучаснай тэрыторыі Беларусі — 238 гета ў 216 населеных пунктах. Найбольш буйныя гета меліся ў Мінску, Гродне, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Пінску, Слоніме, Гомелі. яўрэі падвяргаліся сістэматычнаму мэтанакіраванаму знішчэнню ў рамках палітыкі «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання».

У мэтах барацьбы з анцігерманскім супраціўленнем нямецкімі акупацыйнымі ўладамі шырока выкарыстоўваліся карныя экспедыцыі (антыпартызанскія аперацыі). Знішчаліся цэлыя раёны, якія ператвараліся ў «зоны пустыняў». За час акупацыі БССР было праведзена звыш 140 карных экспедыцый. Першая з іх — «Прыпяцкія балоты» — адбылася ў ліпені — жніўні 1941 на тэрыторыі Брэсцкай, Мінскай, Пінскай і Палескай абласцей. За час аперацыі нямецкімі карнымі атрадамі было расстраляна 13788 чалавек[5]. За ўвесь час нямецкай акупацыі было знішчана 628 населеных пунктаў разам з жыхарамі, 5295 населеных пунктаў знішчаныя з часткай жыхароў[6].

Найбольш буйнымі карнымі аперацыямі з'яўляліся «Арол», «Трыкутнік», «Чароўная флейта», «Котбус», «Герман». У справаздачы аб выніках экспедыцыі «Герман» (ліпень — жнівень 1943), праведзенай на тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудскага і Юрацішкаўскі раёнаў, К. фолн Готтберг паведамляў у Берлін, што забіта 4280 чалавек, ўзята ў палон 20944 чалавек, у тым ліку 4180 дзяцей. Нямецкімі салдатамі было рэквізавана 3145 курэй, 6776 кароў, 499 цялят, 9571 авечак, 1517 свіней і звыш 100 сельскагаспадарчых машын[6].

Улётка часоў нямецкай акупацыі Беларусі

Нямецкія акупацыйныя ўлады часта выкарыстоўвалі дзяцей у якасці донараў крыві. Мясцовае насельніцтва прыцягвалася да расчыстцы замініраваных участкаў, было жывым шчытом у баявых аперацыях супраць партызан і войскаў Чырвонай Арміі. Нямецкай адміністрацыяй ужывалася дэпартацыя насельніцтва на прымусовыя працы ў Германію, Аўстрыю, Францыю, Чэхію. Такіх «добраахвотных» работнікаў называлі остарбайтары. З Беларусі было вывезена каля 400 тыс. чалавек. 186 тыс. беларусаў загінула на працах[7].

Усе эканамічныя і прыродныя рэсурсы захопленых раёнаў былі абвешчаныя нямецкай уласнасцю. Уводзілася абавязковая працоўная павіннасць. Аб сутнасці эканамічнай палітыкі ва Усходняй Еўропе (уключаючы Беларусь) можна меркаваць па патрабаванням рейхсмаршала Г. Герынга да рейхскамісараў у жніўні 1942[7].

Вы накіраваны туды для таго, каб працаваць на дабрабыт нашага народа, а для гэтага неабходна забіраць усё магчымае. Пры гэтым мне абсалютна ўсё роўна, калі вы мне скажаце, што людзі акупаваных абласцей паміраюць з голаду. Хай паміраюць, абы толькі былі жывыя немцы. Я зраблю ўсё — я прымушу выканаць пастаўкі, якія на вас ускладаю, і калі вы гэтага не зможаце зрабіць, тады я пастаўлю на ногі органы, якія пры любых абставінах вытрасуць гэтыя пастаўкі.

Насельніцтва Беларусі павінна было плаціць непасільныя плацяжы: 3-4 ц збожжа з гектара, 350 л малака з кожнай каровы, 100 кг свініны з аднаго двара, 35 яек ад кожнай курыцы, 6 кг птушкі з двара, 1,5 кг воўны з кожнай авечкі і ў сярэднім 100 рублёў на чалавека[8].

Усе гэтыя мерапрыемствы, якія праводзяцца нямецкай адміністрацыяй на тэрыторыі Беларусі, спрыялі ўздыму вызваленчага руху. З першых дзён вайны беларусы пачалі аказваць супраціўленне нямецкім акупацыйным уладам. Пасля ўвядзення розных абмежаванняў і падаткаў незадаволенасць сярод мірнага насельніцтва нарастала ў геаметрычнай прагрэсіі, што дазволіла паспяхова арганізаваць партызанскі рух на Беларусі.

Пачынаючы з 1941, В. Кубэ, які кіраваў грамадзянскай адміністрацыяй у генеральным камісарыяце «Вайсрутэнія» («Беларусь») праводзіў палітыку г. зв. «вайсрутэнізацыі», якая, між іншым, вылікала сур'ёзныя канфлікты між ім і кіраўніцтвам нацысцкай партыі, аб'ектыўна паспрыяла ўзмацненню беларускага не-савецкага нацыянальнага пачуцця і пацягнула за сабой шэраг трывалых палітычных наступстваў, у тым ліку ў савецкай пасляваеннай нацыянальнай і дэмаграфічнай палітыцы.

Пачынаючы з 1942 дадаткова да дапаможнай паліцыі нямецкія ўлады фарміравалі на тэрыторыі Беларусі ваенна-паліцэйскія сілы, у т.л., беларускія (Беларускі корпус самааховы).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 96.
  2. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 97.
  3. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 98.
  4. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 99.
  5. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 100.
  6. 6,0 6,1 Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 101.
  7. 7,0 7,1 Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 102.
  8. Каваленя А. А. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа — С. 103.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]