Нёманская культура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Нёманская культура — археалагічная культура плямён сярэдняга і позняга неаліту, якія ў IV-м — пачатку II-га тыс. да н.э. жылі на тэрыторыі заходняй Беларусі, у сярэдняй і ўсходняй Польшчы, на паўднёвым захадзе Літвы. Уплывы культуры пранікалі на поўнач Валыні, у цэнтральную Беларусь, на захад — да нізоўяў Одэра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, земляробствам і жывёлагадоўляй, на мелавых пакладах метадам адкрытых выпрацовак здабывала крэмень. Мела наземныя жытлы на берагах вадаёмаў. Культура першапачаткова сфарміравалася на Павісленні на мясцовай мезалітычнай аснове. У пачатку III-га тыс. да н.э. частка плямён нёманскай культуры перасяляецца на захад Беларусі, на крайні паўднёвы захад Літвы і поўнач Валыні, дзе змешваецца з носьбітамі прыпяцка-нёманскай ранненеалітычнай культуры.

На тэрыторы Беларусі нёманская кульььтура ў сваім развіцці прайшла 2 этапы. Ранні (лысагорскі) этап культуры сфарміраваўся пад уплывам культуры лейкападобных кубкаў. Сярод крамянёвых вырабаў шмат рубячых прылад. Выкарыстоўваецца гладкасценны вастрадонны посуд са звужанай шыйкай, у цесце якога прысутнічаюць дамешкі валакністай арганікі і жарствы. Краі венцаў аздабляліся глыбокімі наколамі, корпус — адбіткамі грэбеня, лінейнага штампа, наколамі, пракрэсленымі лініямі. На лысагорскім этапе на паўночна-ўсходняй перыферыі нёманскай культуры адчуваюцца ўплывы неалітычных культур Ніжняй Прыпяці і Падняпроўя, а таксама усвяцкай культуры.

Позні (дабраборскі) этап звязаны з уплывам культуры шарападобных амфар, пазней — культуры шнуравой керамікі. Назіраецца росквіт крамянёвай індустрыі, шырока распаўсюджваюцца рэтушаваныя трохвугольныя наканечнікі стрэл і лістападобныя дзід, сярпы, з’яўляюцца сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Форма посуду ў большасці захоўваецца ранейшая, на яе паверхні з’яўляецца заштрыхоўкай, а ў цесце знікаюць арганічныя дамешкі. Краін венцаў пасудзін упрыгожваюцца поясам глыбокіх круглых ямак, корпус — пераважна рознымі адступаючымі наколамі, адбіткамі лінейнага штампа, пракрэсленымі лініямі, з’яўляюцца шнуравыя ўзоры, грабеньчатыя арнаменты выкарыстоўваюцца значна менш.

Асобныя групы нашчадкаў познанеалітычнага насельніцтва на захадзе Беларусі пратрымаліся да сярэднебронзавага часу, дзе ўступілі ў кантакт з носьбітамі тшцінецкай культуры. Найбольш вядомыя помнікі нёманскай культуры на тэрыторыі Беларусі: Кругліца, Камень, Ніз, Добры Бор, Русакова, Ярэмічы, Русаковічы. Сверынава.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Исаенко, В.Ф. Неолит Припятского Полесья. — Мн.: Наука и техника, 1976. — 128 с.
  • Чарняўскі, М.М. Неаліт Беларускага Панямоння / М. М. Чарняўскі; Акадэмія навук БССР, Ін-т гісторыі; Навук. рэд. Д. Я. Цялегін. – Мн.: Навука і тэхніка, 1979. – 140, [1] с.