Нёманская нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нёманская нізіна

Каардынаты: 53°30′ пн. ш. 25°00′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь, Літва
Вышыня над узроўнем мора 80—160 м
Працягласць з поўначы на поўдзень 20—55 км
Працягласць з захаду на ўсход 160 км
Плошча каля 8300 км²

Нёманская нізіна[1] — нізіна на захадзе Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобласці, уздоўж ракі Нёман ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады (Літва).

Працягласць з захаду на ўсход — 160 км, шырыня з поўначы на поўдзень — 20—55 км. Вышыня над узроўнем мора — 80—160 м. Плошча — каля 8,3 тыс. км². Падзяляецца на Верхнянёманскую і Сярэднянёманскую нізіны. Мяжуе з Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім і Ашмянскім узвышшамі, а таксама з Капыльскай градой і Лідскай раўнінай.

У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з верхнім узроўнем тэрас Нёмана[1].

На тэрыторыі працякае мноства рэк, буйнейшыя з якіх Нёман і яго прытокі — Сула, Уса, Заходняя Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Котра, Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зэльвянка, Рось, Свіслач, Чорная Ганча. Сустракаюцца невялікія азёры ледавіковага перыяду. Буйныя азёры: Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава.

Поймавая дуброва

Каля 35 % нізіны займаюць лясы (хваёвыя, яловыя, мяшаныя), радзей — дубровы. У межах Нёманскай нізіны знаходзяцца заказнікі дзяржаўнага значэння: ландшафтныя — Азёры, Ліпічанская пушча, Котра; біялагічныя — Гожаўскі, Парэцкі, Сапоцкінскі. На беразе Нёмана ўнікальнае геалагічнае агаленне Самастрэльнікі (Мастоўскі раён). Зоны адпачынку: дзяржаўнага значэння — Азёры, Масты; мясцовага значэння — Дзітва, Морына, Воўпа, Скідаль, Сонічы, Высокае і іншыя[2].

На тэрыторыі нізіны маюцца радовішчы карысных выкапняў — гліны, крэйды, мергелю, будаўнічых пяскоў.

Месца, дзе Нёман перасякае мяжу з Літвой, з’яўляецца самым нізкім пунктам Беларусі (81 м).

Зноскі

  1. а б Беларусь 1995.
  2. Турысцкая энцыклапедыя Беларусі. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нёманская нізіна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 535. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.