Орачы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Орачы
(орочисэл, нани)
SYBPOP.jpg
Агульная колькасць 596
Рэгіёны пражывання Расія
Мова орачская
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы нанайцы, ульчы, оракі, удэгейцы

Орачы (саманазвы орочисэл, нани)[1] - карэнныя насельнікі паўднёвага ўсходу Сібіры.

Рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Жывуць дысперсна ў Хабараўскім крае Расіі, пераважна ўздоўж рэк Тумнін і Амур. Асобныя прадстаўнікі - у Магаданскай вобласці, Сахалінскай вобласці, Прыморскім крае. Агульная колькасць у Расіі - 596 чал. (2010 г.).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што продкамі орачаў было абарыгеннае насельніцтва перадгор'яў Сіхатэ-Алінь, якое пазней змяшалася з амурскімі народамі і часткова з эвенкамі.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя гаспадарчыя заняткі - лоў рыбы і паляванне на лясных і марскіх звяроў. Рыбу, пераважна ласося, лавілі сеткамі, невадамі, вудамі, ставілі на рэках перагародкі і пасткі. Запасы вяленай рыбы рабіліся на год. Палявалі на капытных, мядзведзя, футравых звяроў, пры гэтым карысталіся самастрэламі, пасткамі, увесну білі астрогай. Паўночныя орачы, якія палявалі на ластаногіх, ужывалі дзіды з доўгімі (да 15 м.) тронкамі. Перамяшчаліся на рознага тыпу лодках, у тым ліку парусных, самацяглых нартах, у якія маглі ўпрагаць паляўнічых сабак.

Орачы вялі аселы вобраз жыцця, некаторыя з іх паселішчаў існавалі сотні гадоў. Будавалі зрубныя паўзямлянкі з дахамі на два пахілы. Спалі на нарах. Меліся зрубныя гаспадарчыя пабудовы, часцяком на палях. Улетку на месцах палявання і лову рыбы майстравалі часовыя хаціны з драўляных плах, жэрдак, кары.

У орачаў меўся родавы падзел грамадства. Аднак у адным паселішчы месціліся прадстаўнікі розных родаў. Міжродавыя сувязі адыгрывалі важную ролю пры заключэнні шлюбаў або ў судовых справах. Галоўнай сацыяльнай адзінкай была малая нуклеарная сям'я з невялікай колькасцю дзяцей. Палігамныя шлюбы рэдкія. У гаспадарчым жыцці існаваў строгі падзел працы паміж паламі. Лоў рыбы і паляванне, а таксама вытворчасць неабходных для іх прылад, лічыліся заняткамі мужчын. Жанчыны клапаціліся пра гаспадарку, апрацоўвалі скуры, шылі вопратку.

Традыцыйная вопратка - покто (халаты з зашпількай на правым боку), энгэрэгдэ (мужчынскія паляўнічыя скураныя халаты), эруэ (зімовае сабачае футра). Жаночае адзенне ўпрыгожвалася яркім арнаментам, нагруднікамі, пацеркамі. Шаманы насілі спадніцу са скуры нерпы.

Орачы маюць багатую фальклорную спадчыну - казкі, легенды, паданні, загадкі, песні. Распаўсюджаныя музычныя інструменты - флейты і прымітыўныя скрыпкі. Вылучаліся развітыя арнаментальнае мастацтва, разьбярства па дрэве, скуры, бяросце.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова орачаў адносіцца да амурскай падгрупы тунгуса-маньчжурскіх моў. Непісьменная. Гутарковая мова хутка губляецца.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Вернікі належаць да праваслаўнай царквы. Захаваліся анімістычныя культы. У мінулым славіліся орачскія шаманы.

Зноскі

  1. Смоляк А. В. Орочи. // Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. C. 260