Орачэны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Орачэны
(кіт.: 鄂伦春族)
Chuonnasuan, the last shaman of the Oroqen, in July 1994 (Photo by Richard Noll).jpg
Шаман
Агульная колькасць 10 тыс.
Рэгіёны пражывання Кітай
Мова орачэнская
Рэлігія анімізм, культ продкаў, шаманізм
Блізкія этнічныя групы эвенкі, негідальцы

О́рачэны або о́рачаны (кіт.: 鄂伦春族) — тунгуса-маньчжурскі народ, насельнікі Паўночна-Усходняга Кітая, пераважна ва Унутранай Манголіі і правінцыі Хэйлунцзян. Агульная колькасць (2010 г.) - каля 10 тыс. чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назва орачэнаў сустракаецца ўжо ў XVII ст. і можа паходзіць ад тунгускіх слоў "алень" ці "горы". Да гэтага часу яны насялялі паўночны бераг ракі Амур і, магчыма, з'яўляліся адной з груп эвенкаў-аленяводаў. Аднак сутычкі з рускімі казакамі вымусілі іх перасяліцца на поўдзень.

У сярэдзіне XX ст. колькасць орачэнаў значна скарацілася. Улады КНР надалі ім афіцыйны статус нацыянальнай меншасці, які прадугледжвае пэўныя прывілеі, стымулявалі аселасць і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Ва Унутранай Манголіі была створана орачэнская тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка. Аднак вынікам гэтых змен таксама стаў заняпад традыцыйнай культуры і роднай мовы орачэнаў.

Колькасць орачэнаў у XX ст.
Год 1917 1943 1953 1982 1990 2000
Колькасць 4000 3700 2250 4100 7000 8196

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі заняткамі орачэнаў здаўна з'яўляліся паўкачавое паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Найбольш важным аб'ектам палявання з'яўлялася казуля. Орачэны наогул пазбягалі месц, дзе гэтая жывёла не жыла. Сушанае мяса казулі лічылася галоўнай ежай. Са скуры казулі шылі вопратку і абутак. Скуру здымалі з галавы разам з рогамі і выраблялі з яе шапкі. Паляванне на футравых звяроў мела больш камерцыйнае значэнне. Футра мянялі ў кітайцаў і манголаў на розныя тавары. Але мяса футравых звяроў таксама ўжывалася ў ежу. Раней орачы славіліся як выдатныя стралкі з лука. Агнястрэльнай зброяй яны сталі карыстацца толькі ў XIX ст. Здабычай займаліся як мужчыны, так і жанчыны.

Земляробства з'явілася толькі ў сярэдзіне XX ст., аднак жывёлагадоўля была вядома здаўна. Орачэны трымалі коней, якіх выкарыстоўвалі для руху па гарах. Орачэнскія коні невялікія, затое вельмі цягавітыя, прывучаныя сілкавацца сушаным мясам і ягадамі.

Звычайным жытлом была разборная канічная каркасная канструкцыя з бярозавых жэрдак, якая накрывалася варанай бярозавай карай і шкурамі дзікіх жывёл. На швах для ўпрыгожвання прывязваліся скураныя пэндзлікі. У сярэдзіне жытла ладзіўся агмень. Падлогу рабілі двухслаёвую таксама са скуры, прычым на ніжнюю частку ішло да 50 скур. Верхняя частка хутка брудзілася, таму для яе бралі горшыя скуры, а часцяком і тканіны.

Орачэны падзяюцца на экзагамныя роды, шлюбы ўнутры якіх забаронены. Яны складаюцца з малых нуклеарных сем'яў. Глава сям'і — заўсёды мужчына.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова орачэнаў блізкая да паўднёвых дыялектаў эвенкійскай мовы, непісьменная. У наш час фактычна выцеснена кітайскай.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Орачэны вераць у шматлікіх духаў прыроды, а таксама духаў-абаронцаў сям'і і рода. Рэліквіі-абярэгі захоўваюць на тычцы над жытлом. Практыкуюцца шматлікія табу. Нябожчыкаў хаваюць у дуплах дрэў. Орачэны шануюць мядзведзя. Раней праводзіліся мядзведжыя святы, якія аднак скончваліся рытуальным забойствам звера. У мінулым важную ролю ў грамадстве таксама адыгрывалі шаманы саман і удаю.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]