Павараная соль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павараная соль
Крышталі солі пад павелічэннем

Павараная соль, каменная соль (хларыд натрыю, NaCl) — мінерал, харчовы прадукт. Бясколерны, празрысты, можа мець розныя адценні з-за прымесяў. У здробненым выглядзе ўяўляе сабой дробныя крышталі белага колеру.

Здабыча[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі прамысловыя паклады каменнай солі вядомы на Прыпяцкім прагіне. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча ў Гомельскай вобласці. Са здабытай сыравіны вырабляюць кухонную соль у Мазыры.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Соль жыццёва неабходная для чалавека: удзельнічае ў падтрыманні водна-салявога балансу ў арганізме, натрый-каліевага іоннага абмену, з'яўляецца асноўным механізмам транспартацыі ў клетку пажыўных рэчываў і вываду прадуктаў жыццядзейнасці. Недахоп натрыю (аднаго з кампанентаў хімічнай формулы солі) вядзе да абязводжання арганізму і ўтварэння маршчын, іон хлору з'яўляецца асноўным матэрыялам для выпрацоўкі важнага кампанента страўнікавага соку — салянай кіслаты. Сутачная норма ўжывання солі — 5—6 г. Пры яе ўжыванні ў большай колькасці ўзрастае рызыка гіпертаніі, цяжкіх захворванняў нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Каменная соль выкарыстоўваецца ў харчовай, тэкстыльнай, фармацэўтычнай, хімічнай прамысловасці, халадзільнай справе, вытворчасці пластмас і інш.

У харчаванні[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняе дзённае спажыванне солі без шкоды здароўю складае 2 грамы[1]. Ёдаваную соль лепей ужываць у салатах, бо пры тэрмічнай апрацоўцы з яе выпарваецца ёд, які з'яўляецца адным са значных элементаў для нармальнага росту і развіцця чалавека. Яшчэ больш за павараную карысная марская соль, якая ўтрымлівае ў сваім складзе прымесі (каля 5%) іншых мінералаў: магнію, кальцыю, калію і да т. п.

Зноскі

  1. Людзі ядуць зашмат солі і паміраюць ад яе. Радыё «Свабода» (25 сакавіка 2013). Праверана 13 студзеня 2017.(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вольга Кулінковіч. Соль у меру — добра // «Звязда» №7 (26871) 14 студзеня 2011

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]