Павел Якаўлевіч Жаўрыд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Павел Якаўлевіч Жаўрыд (1 (13) чэрвеня 1889, в. Цецяроўка Слуцкага павета Мінскай губерні — 1937, пас. Княж-Пагост, Комі АССР, ГУЛАГ) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Слуцкую гімназію (1909); вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1916 мабілізаваны ў войска; у 1917 скончыў Віленскае ваеннае вучылішча, эвакуіраванае ў Палтаву. Удзельнік 1-га Усебеларускага з'езда (1917). Працаваў юрысконсультам у Слуцку. У 1919 арыштаваны ЧК, абвінавачаны ў дапамозе Дзянікіну. Вызвалены, у лістападзе 1919 вярнуўся ў Слуцк. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання (1920). У 1921 у Вільні; потым вярнуўся на Случчыну. У 1923—1930 на розных гаспадарчых пасадах у Мінску і Мар'інай Гроцы, пасля ў Мар'інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, рэдакцыі газеты «Звязда» (пад час арышту стыльрэдактар). Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Вызвалены 21.6.1934. Пасля выхаду з лагера жыў у ссылцы ў Сарапуле Удмурцкай АССР. Зноў арыштаваны ў 1937 і асуджаны на 10 гадоў лагераў, верагодна, этапаваны ў Паўночна-чыгуначны канцлагер НКУС Комі АССР (пас. Княж-Пагост), дзе памёр ад хваробы. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 10.6.1988. Групавая справа Ж. і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.


Літ.:

ЭГБ, т. 3.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]