Падзенне камуністычнага рэжыму ў Албаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Падзенне камуністычнага рэжыму ў Албаніі адбылося апошнім сярод еўрапейскіх дзяржаў, не лічачы савецкіх рэспублік, пачаўшыся ў снежні 1990 года са студэнцкіх дэманстрацый.

11 красавіка 1985 года сканаў Энвер Ходжа, які кіраваў камуністычнай Албаніяй чатыры дзесяцігоддзі. У 1989 пачаліся забурэнні ў Шкодэры, дзе людзі намерваліся скінуць помнік Іосіфу Сталіну, пазней пратэсты перакінуліся на іншыя гарады. Урэшце кіруемы рэжім правёў частковую лібералізацыю, у тым ліку прадаставіў у 1990 годзе магчымасць выяжджаць за мяжу. Пачаліся спробы навязвання стасункаў з вакольным светам.

У сакавіку 1991 прайшлі першыя свабодныя выбары, і хоць на іх перамагла кіруючая Албанская партыя працы, аднак усеагульны страйк і вулічныя сутычкі змусілі камуністаў сфарміраваць кааліцыйны ўрад з некамуністычнымі партыямі. На выбарах у сакавіку 1992 года былыя камуністы на фоне эканамічнага калапсу і сацыяльных хваляванняў атрымалі паражэнне.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Энвера Ходжы ў 1985 годзе да ўлады прыйшоў Раміз Алія, які праводзіў палітыку на захаванне камуністычнага ладу адначасна з правядзеннем рэформ па ўратаванні эканомікі, якая хутка занепадала пасля спынення падтрымкі ад былых камуністычных дзяржаў. З гэтай мэтай Алія дазволіў інвестыцыі ад капіталістычных фірмаў і пачаў пашыраць дыпламатычныя стасункі з заходнееўрапейскімі краінамі[1].

Падчас рэвалюцыяў 1989 года мноства албанцаў не мелі інфармацыі пра падзеі з-за ізаляванасці дзяржавы. Большасць грамадзян нават не чулі пра падзенне Берлінскай сцяны ў лістападзе 1989 года[2]. З часам палітычная актыўнасць абудзілася ў розных сегментах Албанскага грамадства, пачалася антыўрадавая агітацыя. Найбольш актыўнымі апынуліся асобныя інтэлектуалы і рабочы клас — традыцыйнае апірышча камуністычных рухаў — а таксама моладзь, якая стамілася ад працяглай ізаляцыі і абмежаванняў[1].

З'яўленне апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

У адказ на патрабаванні Алія дазволіў грамадзянам выяжджаць за мяжу, што дагэтуль было забаронена, скараціў паўнамоцтвы Сігурымі (сакрэтнай паліцыі), аднавіў свабоду веравызнання і зрабіў пэўныя крокі да вольнага рынку. У снежні 1990 пад аграмадным ціскам студэнтаў і рабочых урад дазволіў стварэнне незалежных палітычных партый, што азначала канец камуністычнай манаполіі[1].

У СССР у гэты час Міхаіл Гарбачоў праводзіў палітыку галоснасці і перабудовы, а ў Румыніі ў выніку рэвалюцыі быў забіты камуністычны лідар Нікалае Чаўшэску. Алія быў вымушаны праводзіць далейшыя радыкальныя рэформы, каб не стаць наступным. Таму ён падпісаў Хельсінкскія пагадненні, якія забавязвалі Албанію паважаць правы чалавека. Упершыню з 1944 года ўрад правёў 31 сакавіка 1991 вольныя выбары. На іх перамагла кіруемая партыя.

Тым не менш, было відавочна, што гэты факт не здольны спыніць пераход да дэмакратыі. Камуністы здолелі захаваць кантроль над урадам, аднак праз два месяцы пасля ўсеагульнага страйку саступілі. Быў сфарміраваны «камітэт нацыянальнага ўратавання», які таксама быў скасаваны праз паўгады. З кожнай саступкай апазіцыі абсалютны кантроль дзяржавы над грамадствам слабеў. З-за эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай нестабільнасці былі расфарміраваны яшчэ некалькі ўрадаў, пакуль на выбарах у сакавіку 1992 года не перамагла антыкамуністычная апазіцыя на чале з Дэмакратычнай партыяй. Алія склаў паўнамоцтвы прэзідэнта, і гэту пасаду заняў Салі Берыша, першы дэмакратычны кіраўнік Албаніі пасля біскупа Фана Нолі.

Постакамуністычны ўрад[правіць | правіць зыходнік]

Пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, відавочна, сутыкнуўся з мноствам праблем. Дэмакратычная партыя абяцала правесці рэформы, аднак яны ці праходзілі павольна, ці не здолелі вырашыць праблемы, таму людзі расчараваліся ў надзеях на хуткі росквіт дзяржавы. На выбарах у чэрвені 1996 года Дэмакратычная партыя сфальшавала вынікі, каб атрымаць абсалютную большасць.

У 1997 годзе ўрад апынуўся недзеяздольным у выніку краху фінансавай піраміды і квітнення карупцыі, з-за чаго ў краіне выбухнулі пратэсты і забурэнні. Урад накіраваў на спыненне пратэстаў войскі, аднак спроба здушыць паўстанне правалілася з-за карупцыі ва ўзброеных сілах. Таму дзеля абароны сваіх грамадзян, дыпламатычных місіяў і іншых замежнікаў былі вымушаны ўмяшацца сілавікі іншых дзяржаў.

У адпаведнасці з пераходным асноўным законам, прынятым у 1991 годзе, у 1998 годзе Албанія ратыфікавала посткамуністычную канстытуцыю, якая абвясціла дэмакратычную сістэму кіравання, заснаваную на вяршынстве законе і гарантыі абароны фундаментальных правоў чалавека.

Зноскі

  1. а б в Remzi Lani. ALBANIA: NINE YEARS AFTER (англ.)(недаступная спасылка). AIM TIRANA (16 снежня 1999). Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2015. Праверана 25 сакавіка 2015.
  2. Albania and the European Union: the tumultuous journey towards integration. — С. 21.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Aleksander Meksi. Dhjetor '90: Dokumente dhe materiale. — Tirana: UET Press, 2010. — ISBN 978-99956-39-40-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]