Паланецкі ўніверсал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Паланецкі ўніверсал, заканадаўчы акт Начальніка паўстання 1794 года Т. Касцюшкі, выданы 7 мая 1794 у лагеры каля мястэчка Паланец пад Сандамірам. Складзены пры ўдзеле Г. Калантая.

Універсалам абвяшчалася апека ўрада над сялянамі, сяляне аб'яўляліся асабіста вольнымі, г. зн. адмянялася прыгоннае права, але без зямлі. Пайсці ад памешчыка селянін мог толькі пры ўмове выплаты даўгоў і дзяржаўных падаткаў, а таксама паставіўшы ў вядомасць камісію ўпраўлення аб тым, куды ён перасяляецца. Устанаўліваліся пэўныя ільготы ў адбыванні паншчыны. Спецыяльнымі артыкуламі «Універсала» Касцюшка папярэджваў аб тым, што парушэнне гэтых пастаноў памешчыкамі будзе карацца судом і вінаватыя будуць пакараны як за процідзеянне мэтам паўстання.

Сяляне ў сваю чаргу заклікаліся старанна адбываць астатнія дні паншчыны, слухацца свайго начальства, дбаць пра гаспадарку, не павінны былі адмаўляцца наймацца да памешчыкаў за адпаведную плату. Духавенству прадпісвалася растлумачваць гэтае распараджэнне з амвонаў у касцёлах і ў царквах на працягу чатырох тыдняў. Камісіі ўпраўлення павінны былі прызначаць асоб, якія б аб'язджалі абшчыны і гучна чыталі гэтае распараджэнне ў вёсках і прыходах, заклікаючы сялян да таго, каб яны ў падзяку за вялікія дабрачыннасці Рэчы Паспалітай шчыра сталі на яе абарону.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

«Паланецкі ўніверсал» не адмяняў цалкам прыгоннага права і не ліквідаваў феадальнай эксплуатацыі, але дазваляў сялянам адыходзіць ад памешчыкаў, што было таксама ў інтарэсах буржуазіі, якая зараджалася. Гэты акт быў безумоўна прагрэсіўным, хоць і палавінчатым. Ён паслабляў эканамічны стан памешчыцкіх маёнткаў, абмяжоўваў паншчыну і падрываў значэнне шляхецкіх прывілей. Таму памешчыкі ўсяляк затрымлівалі апавяшчэнне «Універсала» і, баючыся сацыяльнай рэвалюцыі, часта ішлі на змову з замежнымі войскамі. Многія палажэнні Універсала не выконваліся на месцах і засталіся толькі на паперы. Супраць ажыццяўлення палажэнняў «Паланецкага ўніверсала» выступілі вярхі каталіцкага духавенства.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Літ.: Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270с.