Каменны век на Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Палеаліт на Беларусі)

Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва. На тэрыторыі Беларусі пачаўся разам з прыходам першых людзей каля 100 — 30 тысяч год таму назад і працягваўся да канца 3 тысячагоддзя да н. э. (пачатак выкарыстання металу). Падзяляецца на перыяды: ранні, альбо ніжні (палеаліт), сярэдні (мезаліт) і позні, альбо верхні (неаліт).

Палеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Палеаліт таксама падзяляецца на ранні (ніжні), сярэдні (мусцье) і позні (верхні). На тэрыторыю Беларусі чалавек прыйшоў у сярэднім палеаліце, прыкладна 100 — 30 тыс. г. таму назад.

Сярэдні палеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Востраканечнiк i скэблападобная прылада працы. Сярэдні палеаліт. Знойдзены ля в. Абідавічы. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Сведчаннем прыходу людзей на тэрыторыю Беларусі з'яўляюцца прылады працы гэтай эпохі (востраканечнікі, скрэблы, адшчэпы), якія знойдзены каля вёсак Абідавічы (Быхаўскі раён Магілёўскай вобл.) і Свяцілавічы (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). Носьбітамі гэтай культуры былі неандэртальцы — папярэднікі чалавека сучаснага тыпу. Яны палявалі на буйных жывёл (маманта, шарсцістага насарога), займаліся збіральніцтвам, навучыліся здабываць агонь, будаваць жытлы. У гэты час адбываўся пераход ад праабшчыны (першабытнага чалавечага статку) да радавога ладу.

Позні палеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Касцяны выраб, упрыгожаны арнаментам. Позні палеаліт. Костка. Стаянка ля в. Юравічы, археалагічныя раскопкі У. Дз. Будзько. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі Беларусі пачаўся каля 35 тыс. г. таму назад. Тэрыторыю Беларусі паступова пачалі засяляць краманьёнцы — людзі сучаснага фізічнага тыпу. Найбольш старажытныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі выяўлены каля в. Бердыж (Чачэрскі раён) і Юравічы (Калінкавіцкі раён) Гомельскай вобл., яны адносяцца да верхнепалеалітычнай эпохі, іх узрост 26 — 22 тыс. г. да н. э. Знойдзены рэшткі жытлаў, сцены якіх умацаваны чарапамі і касцямі мамантаў, валунамі. Большасць прылад працы выраблялася з крамянёвых пласцін, некаторыя з біўняў і рэбраў мамантаў, касцей іншых больш дробных жывёл. Паселішчы належалі радавым абшчынам краманьёнцаў.

Тэрыторыя Беларусі падчас палеаліту. Агульная карта.

У канцы палеаліту чалавек рассяліўся пераважна па далінах вялікіх рэк. Асноўныя рысы часу — развіццё вытворчасці прылад працы з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі. Развіваліся спосабы апрацоўкі косці, першабытнае мастацтва, існаваў складаны пахавальны абрад, аформілася першабытная рэлігія — татэмізм. Даволі высокі на той час узровень гаспадаркі, выраб прылад працы і будаўніцтва жытлаў далі чалавеку магчымасць выжыць у суровых умовах прыледавіковай, амаль бязлеснай зоны.

У 11 тысячагоддзі да н. э. на Дняпры і Сажы пачала складвацца грэнская культура (Бароўка Быхаўскага р-на, Грэнск каля Чачэрска, Журавель Чэрыкаўскага, Каромка Рагачоўскага, Фойна Магілёўскага р-наў і інш.), у 10 — 7 тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Заходняга Палесся, Валыні, у басейнах Нёмана і Віслы жылі плямёны свідэрскай культуры (Гожа Гродзенскага, Нясілавічы Дзятлаўскага, Опаль Іванаўскага р-наў). Апошнія этапы гэтых культур прыпадаюць на эпоху мезаліту (9 — 5 тыс. да н. э.).

Мезаліт[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў 9 тыс. да н. э. На працягу ранняга галацэну праз Панямонне, Дняпроўскі басейн, першабытныя лясы-пушчы, што ўзнавіліся, прайшлі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Насельніцтва паступова стабілізавалася. У мезаліце з поўдня па далінах буйных рэк засялялася тэрыторыя Беларусі. Больш за 100 стаянак выяўлена ў Верхнім Падняпроўі, Панямонні і на Прыпяці. За гэты час склаўся мацярынска-радавы лад, фарміраваліся плямёны, развівалася родава-племянная ўласнасць. Асноўным гаспадарчым калектывам гэтага часу была радавая абшчына, у якой вытворчыя адносіны поўнасцю супадалі з адносінамі кроўнага сваяцтва па мацярынскай лініі, заснаваны былі на калектыўнай вытворчасці, уласнасці і пэўнай роўнасці спажывання. Зліццё некалькіх культурных традыцый прывяло да фарміравання на тэрыторыі ўсходняй Беларусі сожскай культуры (Глыбаўка Веткаўскага, Горкі Чэрыкаўскага, Лудчыцы Быхаўскага, Шыхаў Жлобінскага р-наў).

Неаліт[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў канцы 5 — 4 тысячагоддзі да н. э. Клімат значна пацяплеў, усюды раслі лісцевыя лясы, рэльеф і рачная сетка ў асноўным набылі сучасны выгляд. Невялікія паселішчы з наземнымі або паўзямлянкавымі жытламі найчасцей размяшчаліся на рачных тэрасах каля вусцяў малых рэк, на берагах старыц і пясчаных дзюнах. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Пад канец эпохі ўзніклі і вытворчыя формы гаспадаркі — прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Пачалі выкарыстоўвацца камбінаваныя прылады працы, серпападобныя нажы і інш. Удасканальваліся спосабы апрацоўкі каменю, пашыраліся шліфаванне сякер, долатаў, цёслаў, матык. Прылады працы і рэчы ўжытку выраблялі таксама з рога, косці, дрэва. Ад адкрытых распрацовак марэннага і мелавога крэменю людзі перайшлі да здабычы яго шахтавым спосабам. Развіваўся прымітыўны абмен крэменем, бурштынам і інш. Найважнейшая адзнака неаліту — пачатак керамічнай вытворчасці. Гліняны посуд ляпілі ўручную і абпальвалі на вогнішчы. Вынаходства посуду дало магчымасць палепшыць спосабы прыгатавання і захоўвання ежы.

На тэрыторыі Беларусі вядома 600 неалітычных стаянак, большасць іх сканцэнтравана ў далінах рэк басейнаў Прыпяці, Сажа і Нёмана. Усходняе Палессе ў гэты час насялялі плямёны палескага варыянта днепра-данецкай культуры, якія выраблялі вастрадонныя шыракагорлыя гаршкі, упрыгожаныя адбіткамі грэбеня і наколамі, і мікралітычныя прылады працы (Слабодка, Юравічы Калінкавіцкага, Краснаселле Хойніцкага р-наў і інш.).

Басейн Дняпра на паўночны ўсход ад вусцяў рэк Бярэзіна і Іпуць займалі плямёны верхнедняпроўскай культуры, для іх характэрны посуд, арнаментаваны ямкавымі і лапчастымі ўзорамі (Струмень Кармянскага, Рудня-Шлягіна Веткаўскага, Сябровічы Чачэрскага, Вець Быхаўскага, Лучын, Ходасавічы Рагачоўскага, Глыбаўка, Новыя Грамыкі Веткаўскага, Гронаў Чэрыкаўскага р-наў).

Панямонне і левабярэжжа верхняй Прыпяці, суседнія раёны Літвы і Польшчы насялялі плямёны нёманскай культуры, насельніцтва якой карысталася пераважна вастрадонным прафіляваным посудам, арнаментаваным наколамі, насечкамі і пракрэсленымі рыскамі, вырабляла лістападобныя наканечнікі стрэл, разнастайныя скрабкі і прылады, якімі секлі (Добры Бор Баранавіцкага, Кругліца Стаўбцоўскага, Русакова Слонімскага, Моталь Іванаўскага, Камень Пінскага, Ярэмічы Карэліцкага р-наў).

У 3 тыс. да н. э. на Усходнім Пасожжы жылі таксама плямёны дзяснінскай культуры, на тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі праніклі плямёны культуры лейкападобных кубкаў, жывёлагадоўчыя плямёны культуры шарападобных амфар. У сярэдзіне 3 тыс. да н. э. на тэрыторыі Паўночнай Беларусі пашырыліся плямёны культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, для іх быў характэрны гліняны посуд з круглаватым дном і лістападобныя наканечнікі стрэл і коп'яў.

Антрапаморфная выява. Неаліт. Рог. Паселішча Асавец-ІІ, Верхнекрывінскі сельсавет, Бешанковіцкі р-н, Віцебская вобл. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Статуэтка: галоўка качачкі. Неаліт. Рог. Паселішча Асавец-ІІ. Археалагічныя раскопкі М. М. Чарняўскага. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Змейка. Неаліт. Рог. Паселішча Асавец-ІІ. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Пасудзіна гліняная. Кан. 3 — пач. 2 тыс. да н. э. Паселішча Асавец-ІІ. Раскопкі М. М. Чарняўскага. НГМ РБ.

Тэрыторыю Беларускага Паазер'я ў 4 — 3 тыс. да н. э. насялялі плямёны нарвенскай культуры, якія значную частку прылад працы выраблялі з рога і косці. У 2-й палове 3 тыс. да н. э. на гэтай тэрыторыі жылі плямёны, што выраблялі гладкасценны посуд з дамешкамі ў гліне тоўчаных ракавін, арнаментаваны насечкамі, адбіткамі грэбеня і наколамі. У канцы 3 тыс. да н. э. сюды перасялілася частка падняпроўскага неалітычнага насельніцтва і плямёны культур шнуравой керамікі. У выніку тут склалася паўночнабеларуская культура, насельніцтва якой вырабляла ўпрыгожанні з зубоў жывёл, касцяных пласцінак і бурштыну, скульптуры людзей, звяроў і птушак, выразаныя з дрэва, косці. На паўночна-ўсходняй тэрыторыі Беларусі пашырыліся помнікі бабінавіцкага тыпу.

Неаліт, і ў цэлым каменны век, завяршыўся на тэрыторыі Беларусі ў кан. 3 тыс. да н. э. Наступным перыядам у гісторыі чалавецтва быў бронзавы век.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Палеаліт // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 552. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]