Палітычны статус македонскай мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Паліты́чны ста́тус македонскай мовы — дыскусія вакол пытання існавання асобнай македонскай мовы, якая гістарычна разгортваецца сярод лінгвістаў розных пунктаў гледжання, а таксама грамадска-палітычныя фактары, звязаныя з падобнымі спрэчкамі.

Усходнія паўднёваславянскія дыялекты, распаўсюджаныя ў сучаснай Паўночнай Македоніі, з’яўляюцца часткай дыялектнага кантынууму, які распасціраецца ад сербскахарвацкіх штакаўскіх дыялектаў праз тарлацкія дыялекты (на паўночны ўсход ад Македоніі) да заходніх і ўсходніх балгарскіх дыялектаў. Македонская мова, як балгарская, сербская, харвацкая, баснійская мовы, прадстаўляе сабою стандартызаваную форму адных з гэтых дыялектаў.

У лінгвістычным дачыненні адносіцца да ўсходняй падгрупы паўднёваславянскай групы славянскай галіны моў. Дзяржаўная мова Паўночнай Македоніі.

Македонскі пункт гледжання[правіць | правіць зыходнік]

Дыялекталагічная карта македонскай мовы.
Паўднёваславянскія ізаглосы.
Паўднёваславянскі дыялектны кантынуум (назвы дыялектаў — пры адкрыцці карты ў легендзе).

Паводле македонскага пункту гледжання, прадстаўленага ў сучаснай македонскай навуковай літаратуры, македонская мова стала першай агульнаславянскай пісьмовай мовай дзякуючы ўвядзенню Кірылам і Мяфодзіем славянскай літаратурнай мовы, якая засноўвалася на паўднёвамакедонскіх дыялектах паблізу Фесалонікаў — роднага горада асветнікаў[1]. Пазней Македонія патрапіла пад уладу балгараў, а візантыйцы сталі разглядаць усё славянскае насельніцтва Македоніі як балгараў.

Крстэ Петкаў Місіркаў, адзін з першапраходцаў у станаўленні літаратурнай македонскай мовы, нібыта сцвярджаў, што яго суайчыннікі працягваюць размаўляць па-балгарску, а Балгарыя з’яўляецца іх айчынай[2].

Балгарскі пункт гледжання[правіць | правіць зыходнік]

Незважаючы на тое, што Балгарыя стала першай краінай, якая прызнала незалежнасць Македоніі пасля распаду Югаславіі, большасць тамтэйшых вучоных, а таксама пэўная частка грамадства лічыць македонскую мову адной з формаў балгарскай мовы[3]. Між тым, пасля дыпламатычных цяжкасцей, выкліканых акадэмічнымі дыскусіямі, урад Балгарыі ў 1999 годзе прызнаў абцякальную фармулёўку: «афіцыйная мова Рэспублікі Македонія паводле яе Канстытуцыі»[4].

Балгарская лінгвістыка звычайна кіруецца пунктам гледжання, у адпаведнасці з якім славянскае маўленне Паўночная Македоніі з’яўляецца складовай часткай балгарскага дыялектнага арэалу, на карысць чаго прыводзяцца агульныя падабенствы македонскіх дыялектаў з балгарскімі[5][6][7]. Разам з гэтым, на думку балгарскіх даследчыкаў насельніцтва Македоніі да 1945 года не разглядала ўласную мову як асобную ад балгарскай, а македонскія і югаслаўскія лінгвісты, што працавалі над кадыфікацыяй новай літаратурнай мовы, асабіста канцэнтраваліся на павелічэнні адрозненняў новай мовы ад балгарскай і набліжэнні яе да сербскай[8]. Таксама, як мяркуюць балгарскія даследчыкі, македонскія дзеячы культуры звярталіся да фальсіфікацыяў і наўмысных няправільных тлумачэнняў гістарычных сведчанняў з мэтай абгрунтавання існавання асобнай македонскай нацыянальнай свядомасці да 1940-х гадоў[9]. Падобныя тэзісы дазваляюць шэрагу балгарскіх вучоных меркаваць, што македонская не з’яўляецца асобнай мовай, а іншай пісьмовай нормай, створанай на аснове балгарскіх дыялектаў. У прыватнасці, гэтая фармулёўка была падрабязна разгледжаная ў выданні Балгарскай Акадэміі Навук 1978 года пад назваю «Адзінства балгарскай мовы ў сучаснасці і мінулым»[2].

Як сцвярджаюць балгарскія навукоўцы, славянскае насельніцтва Македоніі азначала сваю прыналежнасць да балгараў задоўга да першых увасабленняў македонскага нацыянальнага руху; цягам усяго асманскага панавання славянамоўнае насельніцтва Мезіі, Фракіі і Македоніі акрэслівала ўласную мову як балгарскую, сваю нацыянальную прыналежнасць — як балгарскую[10][11]. Так, сербскі даследчык С. Веркавіч, які на працягу доўгага часу працаваў у Македоніі адзначаў, што македонцы лічаць сябе балгарамі і лічаць уласнае славянскае маўленне балгарскай мовай; раннія народныя творы Македоніі перыяду XVIII-ХІХ стст., друкаваныя грэчаскім алфавітам, указвалі ўласную мову як балгарскую, што рабілі таксама і аўтары гэтых выданняў[12].

Між тым, першыя ўзоры балгарскіх фанетыкі і граматыкі, складзеныя сербскім літаратарам Вукам Караджычам, засноўваліся на разлоскім дыялекце — адным з дыялектаў Македоніі[13], а тагачасная балгарская літаратурная мова перажывала сваё паўторнае ўзнікненне і шмат у чым абапіралася на досвед архаічнай царкоўнаславянскай арфаграфіі, дзякуючы чаму адрозненні між дыялектамі Балгарыі і Македоніі змяншаліся.

Па нарастанні балгарскага нацыянальнага руху з другой паловы ХІХ ст. некаторыя гарады Македоніі сталі аднымі з першых, хто высоўваў патрабаванні па наданні балгарамоўнай адукацыі і святароў[14]. Тым не менш, да 1860-х гадоў цэнтральнабалканскі рэгіён Балгарыі заняў пануючае месца ў мясцовых лінгвістычных і літаратурных рухах, да чаго спрычынілася лепшая адукацыя ў гэтай мясцовасці ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Балгарыі. У выніку гэтага з перамогай ідэі пра нацыянальную мову з асновай на народных дыялектах перавагу атрымалі дыялекты цэнтральнай Балгарыі, якія былі найбольш прадстаўленыя ў падобных рухах.

Некаторыя іншыя балгарскія нацыянальныя дзеячы сцвярджалі пра патрэбу большага прадстаўніцтва македонскіх дыялектаў у фармаванні балгарскай літаратурнай мовы, аднак гэтыя меркаванні ігнараваліся або ўспрымаліся негатыўна[7]. У 1871 годзе ў артыкуле «Македонскае пытанне» балгарскага публіцыста Петка Славейкава быў раскрытыкаваны македонскі нацыянальны рух (македанізм), а ў 1887 сербскі даследчык і дзеяч культуры Стаян Навакавіч апісваў македанізм як патэнцыйны саюзнік пашырэння Сербіі на поўдзень з уключэннем Македоніі, насельніцтва якой тагачаснымі вучонымі амаль заўсёды лічыўся балгарамі. У пэўнай ступені на карысць падобным сербскім ідэалогіям адыгрывала боязь некаторых македонцаў перад стаўленнем з боку балгарскіх уладаў.

Да 1912—1918 гг. большасць македонцаў вывучала літаратурную балгарскую мову. Усе дзеячы македонскіх палітычных рухаў выкарыстоўвалі ў мемуарах і карэспандэнцыі балгарскую мову, не разглядаючы яе як замежную[15]. Падобныя пункты гледжання былі характэрныя нават для дзейнасці Унутранай македонскай рэвалюцыйнай арганізацыі ў 1920-1930-х гг. падчас афармлення ідэі асобнай македонскай нацыі[16].

Пачынаючы з 1930-х гадоў балгарскія камуністы і Камінтэрн імкнуліся спрыяць македонскаму руху як аднаму з сродкаў дасягнення аўтаноміі ў складзе тагачаснай Югаславіі, што такім чынам, стала фактарам развіцця македонскай мовы, культуры і літаратуры[17][18]. Пры ўтварэнні македонскай рэспублікі ў складзе сацыялістычнай федэратыўнай Югаславіі ўзнікнуў моўны канфлікт між прасербскімі і прабалгарскімі македонскімі дзеячамі, аднак першыя атрымалі большы палітычны ўплыў, з-за чаго іх погляды сталі ўплываць на тагачасную македонскую моўную палітыку[19].

Камуністычны ўрад Югаславіі імкнуўся да стварэння федэрацыі з Балгарыяй, што пацягнула стварэнне культурнай аўтаноміі на паўднёвым захадзе Балгарыі, дыялекты якой досыць блізкія да македонскай мовы. Некаторыя даследчыкі разглядаюць гэтыя падзеі як прызнанне македонскай мовы з боку балгарскіх камуністаў[2], аднак пасля расколу паміж Ціта і Сталіным падобныя праекты адышлі на другі план, гэтая дата таксама з’яўляецца пачаткам першых сцвярджэнняў балгарскіх лінгвістаў адносна нібыта сербізацыі македонскай мовы[20]. На афіцыйным узроўні Балгарыя працягвала працэс уніфікацыі македонскай нацыі, але ў рамках выключна Балканскай федэрацыі[19]. Тым не менш, ужо ў 1950-60-х гг. між кіраўніцтвамі Балгарыі і Югаславіі пачаліся спрэчкі наконт палітыкі македанізацыі, што адлюстравалася нават двухбаковых зносінах паміж краінамі[21][2].

Прэтэнзіі па сербізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што кадыфікацыя македонскай мовы накіроўвалася на стварэнне ўлснай літаратурнай мовы, асобнай як ад балгарскай, так і сербскай, некаторыя балгарскія даследчыкі разглядаюць македонскую мову як моцна сербаваную, асабліва ў галіне лексікі[22]. На думку балгарскага даследчыка Коста Царнушанава існавала некалькі спосабаў сербізацыі македонскай мовы[23].

Сербскі пункт гледжання[правіць | правіць зыходнік]

Сербія афіцыйна прызнае македонскую мову як асобную. Паводле звестак перапісу насельніцтва краіны 2002 года прыкладна 26 000 чалавек вызначылі сваю нацыянальную прыналежнасць да македонцаў.

Грэчаскі пункт гледжання[правіць | правіць зыходнік]

Паводле грэчаскага пункту гледжання, які, у тым ліку, прадстаўляецца і ў афіцыйным асяроддзі, тэрмін Македонія мае дачыненне толькі да старажытнай Македоніі і аднайменнага рэгіёна ў складзе Грэцыі[24].

На думку Д. А. Флоўдаса сваю сучасную назву Рэспубліка Македонія атрымала толькі ў 1944 годзе з мэтай падвышэння ўплыву ў рэгіёне Ёсіпа Ціта, у выніку гэтага падобную назву з прыметнікам «македонская» атрымала і мясцовая мова, якая раней лічылася заходнімі дыялектамі балгарскай мовы[25]. Грэцыя на афіцыйным узроўні не прымае назва Рэспубліка Македонія, лічачы яго патэнцыйным сродкам тэрытарыяльных прэтэнзій на аднайменны рэгіён Грэцыі. У сучаснай Грэцыі публікуецца шэраг літаратуры, у якой высоўваюцца тэзісы пра штучны характар македонскай мовы[26].

У рэгіёнах Грэцыі, памежных з Македоніяй, існуе прыкметная дзеля славянскага насельніцтва з не вельмі вызначанай этнічнай самаідэнтыфікацыяй, якія маюць уласныя паўднёваславянскія дыялекты (г.зв. эгейска-македонскія дыялекты). Большая частка гэтых дыялектаў класіфікуюцца лінгвістамі як македонскія[27][28].

Іншыя погляды[правіць | правіць зыходнік]

Як мяркуе амерыканскі лінгвіст Горэйс Лунт, які склаў першую англійскую граматыку македонскай мовы, балгарскія сцверджанні пра невядомасць македонскай мовы да Другой сусветнай вайны не маюць падстаў, што таксама верна і для іх грэчаскіх паплечнікаў[29]. Прафесар антрапалогіі Лорынг Дэнфарт падкрэслівае, што ўсе мовы падчас працэсу стандартызацыі маюць пэўны гістарычны або палітычны кантэкст, на яго думку факт палітычнага кантэксту кадыфікацыі македонскай мовы не з’яўляецца аргументам на карысць не асобнага характару македонскай мовы[30].

Італьянскі лінгвіст Віторэ Пізані высоўваў меркаванне, згодна з якім македонская мова з’яўляецца вынікам палітычных пераўтварэнняў[31]. Падобнае меркаванне выказаў перад сваёй смерцю і Венка Маркоўскі, адзін з выбітных македонскіх пісьменнікаў, які, у тым ліку, браў удзел у працы камісіі па стварэнні македонскага алфавіта[18]. Нямецкі лінгвіст Фрыдрых Шольц сцвярджаў, што македонская нацыянальная свядомасць паўстала толькі ў пачатку ХХ ст. і асабліва ўмацавалася паміж дзвюма сусветнымі войнамі[32], аўстрыйскі лінгвіст Ота Кранштайнер меркаваў, што македонскія лінгвісты штучна ўвялі адрозненні ад балгарскай мовы з мэтай набліжэння да сербскай[33]. Амерыканскі гісторык Д. П. Гупчык сцвярджаў, што да 1944 года большасць лінгвістаў падзяляла балгарскія погляды адносна македонскай мовы[34].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Encyclopædia Britannica. Old Church Slavonic language.
  2. а б в г Mahon, M. 3 // The Macedonian question in Bulgaria. — Nations and Nationalism. — 1998. — Т. 4. — С. 389-407.
  3. Български език. XXVIII // Единството на българския език в миналото и днес. — 1978.
  4. Georgi Filipov. AIM Skopje. Bulgaria Recognises Macedonian Language. The End of Linguistic Controversy between Bulgaria and Macedonia // aimpress.ch. — 1999. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 1999.
  5. Інстытут балгарскай мовы. Единството на българския език в миналото и днес. — Сафія: Балгарская Акадэмія Навук, 1978. — С. 4.
  6. Стойков, Стойко. Българска диалектология. — София: Акад. изд. «Проф. Марин Дринов», 1962, 2002. — ISBN 954-430-846-6.
  7. а б Струкова, К. П. Общественно-политическое развитие Македонии в 50-70-я гг XIX века. — М.: Российская Академия наук, 2004. — С. 85-136. — ISBN 5-7576-0163-9.
  8. Ив. Кочев, Ив. Александров. Документи за съчиняването на македонския книжовен язык. — promacedonia.org.
  9. Коста Църнушанов. Македонизмът и съпротивата на Македония срещу него. — София: Унив. изд. «Св. Климент Охридски», 1992.
  10. Verković, St. Narodne pesme makedonski bugara. — Beograd, 1860.
  11. Миладинов Д., Миладинов К. Български народни песни. — Zagreb, 1861.
  12. Dr. Gustav Weigand. Ethnographie von Makedonien, Geschichtlich-nationaler, spraechlich-statistischer Teil. — Leipzig: Friedrich Brandstetter, 1924.
  13. Vuk Karadjić. Dodatak k sanktpeterburgskim sravniteljnim rječnicima sviju jezika i narječja sa osobitim ogledom Bugarskog језика. — Vienna, 1822.
  14. F. A. K. Yasamee. Nationality in the Balkans: The case of the Macedonians. — Balkans: A Mirror of the New World Order. — Istanbul: EREN, 1995. — С. 121-132.
  15. Иван Михайлов. Как пишеха народните будители и герои.
  16. Димитър Влахов. № 1 // Борбите на македонския народ за освобождение. — Виена: Библиотека Балканска Федерация.
  17. Петър Галчин. бр. 1 & 2 // Македонски литературен кръжок (1938–1941 г.). — Македонски Преглед. — София, 2002.
  18. а б Юлия Митева. Идеята за езика в Македонския литературен кръжок - естетически и идеологически аспекти. — LiterNet, 2001.
  19. а б Palmer, S.; R. King. Yugoslav Communism and the Macedonian Question. — Archon Books, 1971. — ISBN 0-208-00821-7.
  20. Friedman, V. 131 // The implementation of standard Macedonian: problems and results. — International Journal of the Sociology of Language. — 1998. — С. 31-57.
  21. Ibid., ст. 163.
  22. Bernard A. Cook. 2 // Europe Since 1945: An Encyclopedia. — Garland, 2001. — 1464 с.
  23. Коста Църнушанов. 1 // Сърбизиране на македонския казионен “литературен език”. — Македонски преглед, 1991.
  24. Danforth, L. The Macedonian Conflict: Ethnic Nationalism in a Transnational World. — Princeton: Princeton University Press, 1997. — ISBN 0-691-04356-6.
  25. Floudas, Demetrius Andreas. Pardon? A Name for a Conflict? FYROM's Dispute with Greece Revisited / Kourvetaris et al. — The New Balkans, East European Monographs. — Columbia University Press, 2002. — С. 85. Архівавана 25 сакавіка 2009.
  26. Roudometof, V. 14 // Nationalism and Identity Politics in the Balkans: Greece and the Macedonian Question. — Journal of Modern Greek Studies. — 1996. — С. 253-302.
  27. Trudgill P. Greece and European Turkey: From Religious to Linguistic Identity / Stephen Barbour, Cathie Carmichael. — Language and Nationalism in Europe. — Oxford: Oxford University Press, 2000. — С. 259.
  28. Schmieger, R. 131 // The Situation of the Macedonian Language in Greece: Sociolinguistic Analysis. — International Journal of the Sociology of Language. — 1998. — С. 125-155.
  29. Lunt 1984:110, 120
  30. Danforth, Loring. Macedonia and the language of nationalism. — abc.net.au. — 2008.
  31. Pisani, V. 12 // Il Macedonico, Paideia, Rivista Letteraria di informazione bibliografica. — 1957. — С. 250.
  32. Friedrich Scholz. Slavische Etymologie. — Harrassowitz, 1966.
  33. Kronsteiner, Otto. Der Zerfall Jugoslawiens und die Zukunft der makedonischen Literatursprache: Der späte Fall von Glottotomie?. — Herausgeber Schriftenreihe Die slawischen Sprachen, Erscheinungsjahr. — 1992. — С. 142-171.
  34. Dennis P. Hupchick. Conflict and Chaos in Eastern Europe. — Palgrave Macmillan, 1995. — С. 143.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]