Памяць (нацыянал-патрыятычны фронт)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нацыянал-патрыятычны фронт «Памяць» — расійскае грамадскае аб’яднанне, першая ў Расіі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі масавая руская нацыяналістычная арганізацыя.

Фарміраванне арганізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак фарміравання арганізацыі прыпадае на канец 1970-х — пачатак 1980-х гадоў. Першапачаткова фарміравалася як рускае нацыянальна-культурнае таварыства. Яно супрацьпаставіла класаваму падыходу да гісторыі, які быў пануючым у СССР, нацыянальны падыход, выкрывала шэраг з’яў, якія, па меркаванні дзеячаў «Памяці», сведчылі аб дыскрымінацыі рускіх у СССР (напрыклад, нацыянальныя квоты ў ВНУ, адсутнасць Акадэміі навук РСФСР у адрозненне ад іншых рэспублік і г. д.), займалася арганізацыяй культурніцкіх акцый, вывучэннем і прапагандай рускай гісторыі і культуры і г. д.

1980-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У 1985 годзе рух быў юрыдычна аформлены, і колькасць яго членаў пачала хутка ўзрастаць. У гэты ж час акцэнт дзейнасці арганізацыі перамясціўся з культурнага да палітычнага. «Памяць» правяла першую ў СССР несанкцыянаваную дэманстрацыю (6 мая 1986) — шматтысячнае шэсце па вуліцах Масквы. Дэманстранты запатрабавалі скасаваць работы на Паклоннай гары па афіцыйна зацверджанаму праекту і ўсталяваць помнік па праекту вядомага скульптара Вячаслава Клыкава (які тады з’яўляўся сябрам «Памяці»). Прадстаўнікі дэманстрантаў мелі двухгадзінную сустрэчу з першым сакратаром Маскоўскага гаркома КПСС Барысам Ельцыным, і іх патрабаванні былі выкананы. З гэтага часу арганізацыя стала шырока вядомай як у СССР, так і за мяжой.

У 1987 годзе канчаткова аформіўся раскол на палітычны рух, які набыў назву Нацыянальна-патрыятычны фронт «Памяць» (яго ўзначаліў Дзмітрый Васільеў), і культурніцкую арганізацыю, якая неўзабаве знікла. У 1987—1990 гадах быў праведзены яшчэ шэраг шматтысячных мітынгаў і іншых акцый, арганізацыя перажыла некалькі расколаў, ідэалогія пачала дрэйфаваць у бок манархізму і «антысіянізму». У гэты перыяд з’явілася шмат артыкулаў у прэсе і іншых СМІ. Падчас жнівеньскіх падзей 1991 года «Памяць» арганізавала знос помніка Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы ў Маскве.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Перыяд заняпаду арганізацыі пачаўся з карэннай зменай сацыяльна-палітычных умоў у пачатку 1990-х гадоў. У выніку таго, што «Памяць» не змагла прыладзіцца да новых умоў, яна пачала страчваць падтрымку і членаў. У кастрычніку 1990 года з яе выйшаў адзін з лідараў Аляксандр Баркашоў разам з усімі актыўнымі сябрамі. Яны заснавалі рух Рускае нацыянальнае адзінства, які пачаў працаваць з прынцыпіяльна новай тактыкай. З гэтага моманту «Памяць» практычна перастала існаваць як больш ці менш заметная арганізацыя.

Апошняй рэзананснай акцыяй «Памяці» з’явіўся разгром у 1992 годзе рэдакцыі газеты «Московский комсомолец», але працэс маргіналізацыі руху стаў ужо незваротным, і да сённяшняга часу арганізацыя існуе з вельмі малой колькасцю членаў.

Дзмітрый Васільеў памёр у 2003 годзе.