Панямонне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэгіёны Беларусі:
     Панямонне     Паазер'е     Падняпроўе     Заходняе Палессе     Усходняе Палессе     Цэнтральная Беларусь

Панямо́нне — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, вакол басейна ракі Нёман. Займае тэрыторыю Гродзенскай і сумежных частак Брэсцкай і Мінскай абласцей. На поўдні мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях рэк Нараў і Ясельда да гарадоў Бяроза і Івацэвічы), на ўсходзе і паўночным усходзе — адпаведна Цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на захад ад горада Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да гарадоў Маладзечна, Мядзел, Паставы).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З’яўленне славянскіх паселішчаў у басейне Нёмана адбылося, паводле меркавання даследчыкаў, дзесьці ў другой палове 1 тыс. н.э.[1] Археолагі лічаць, што ў гэты час названы рэгіён быў заняты рэдкімі і нешматлікімі балцкімі паселішчамі.

Насельніцтва этнагенетычна склалася на славянскай аснове з удзелам асіміляваных плямён старажытнай літвы і аўкштайтаў, яцвягаў, прусаў, татараў і іншых этнічных груп. Актывізацыя славянскага каланізацыйнага руху на Панямонні зафіксавана прыблізна з канца X — пачатку XI ст. Менавіта ў гэты час усходнімі славянамі былі заснаваны асноўныя гарады рэгіёну, якія захавалі сваё значэнне да сённяшняга дня: Наваградак, Горадня, Ваўкавыск, Слонім, падобна і Вільня. Адной з верагодных прычын названай актыўнасці можна лічыць прымусовую хрысціянізацыю ўсходніх славян, якая была праведзена якраз у канцы X ст. Гвалтоўная замена карэннага светапогляду чалавека познеродавага грамадства магла прывесці да адтоку часткі незадаволенага насельніцтва ў разведаную ўжо панямонскую вобласць. На Панямонні сустрэліся некалькі каланізацыйных плыняў — крывіцкая — з усходу, дрыгавіцкая і валынская — з паўднёвага ўсходу і поўдня. З паўднёвага захаду да Панямоння даходзілі і мазавецкія каланісты[2].

У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой часам ужывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некаторых аўтараў (М. Любанскі, П. Бранцаў, У. Пічэта). уяўляла сабой першапачаткова славянскі масіў на землях балцкіх плямён. У канцы X — 1-й палове XI стагоддзя далучана да Кіеўскай Русі. У XII — 1-й палове XIII стагоддзя была ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў.

Паводле археолагаў Ф. Гурэвіч і Я. Звяругі, славянскае насельніцтва Верхняга Панямоння ў Х—ХІ стст. лічыцца сумессю розных этнічных груп — групамі дрыгавічоў, валынян, мазаўшан, драўлян і крывічоў[3]. На думку Аляксея Кібіня, у тыя часы ў паўднёвай частцы Панямоння маглі існаваць устойлівыя групы, якія мелі ўласную ідэнтычнасць, але ён задаецца пытаннем, ці гэтымі групамі былі пералічаныя «плямёны»[4]. Аляксей Кібінь зрабіў аналіз[5] і ўказвае, што адзіная «племяная» назва, якая адлюстравалася ў тапаніміцы Верхняга Панямоння, — «крывічы», хоць значэнне гэтай назвы магло змяняцца з цягам часу[6]. Ён таксама адзначыў, што, хоць сляды перасяленцаў з Валыні, Палесся і Мазовіі, фіксуюцца ў Верхнім Панямонні ў X—XI стст. у рысах пахавальнага абраду, але ўказвае, згаджаючыся з аналізам К. Паўлавай, што ў адной і той жа мясцовасці курганы X—XI стст. маюць і «дрыгавіцкія», і «драўлянскія», і (у меншай ступені) крывіцкія рысы, таму пахавальныя рысы мелі змешанае паходжанне і ў дадзеным выпадку мадэль племяной міграцыі ў X—XI стст. у Верхняе Панямонне не працуе[7]. Паводле А. Кібіня, на захадзе Беларусі і ў XIII ст. культурная ідэнтычнасць большасці насельніцтва Верхняга Панямоння (тэрыторый вакол Гродна, Навагрудка, Слоніма і Ваўкавыска), мясцовай знаці, гарадскога і значнай часткі сельскага насельніцтва, нягледзячы на пэўны прыток перасяленцаў з Літвы і Прусіі, не мянялася і захавала арыентацыю на культурную мадэль Русі і Візантыі[8].

У XIII стагоддзі рэгіён апынуўся ў цэнтры важных падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Яго першай сталіцай быў Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 годзе каранаваўся вялікі князь Міндоўг.

Панямонне, паштовая марка Беларусі

За час існавання ВКЛ на працягу XIII—XVIII ст. «уласна Літва» праз працэс балта-славянскіх кантактаў набыла пераважна беларускі этнічны характар. У сучаснай Беларусі выдзяляецца як асобны гісторыка-этнаграфічны рэгіён «Панямонне»[9].

Зноскі

  1. Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья. — Москва — Ленинград, 1962. — С. 144.
  2. Краўцэвіч А. Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 1998, nr 9. — S. 5-25.
  3. Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья. — М., Л., 1962. — С. 97-111, 135—137; Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в 1Х-ХII вв. — Минск, 1989. — С. 99-110; Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках — М., 2014. — С. 30.
  4. Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках — М., 2014. — С. 30.
  5. Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках — М., 2014. — С. 30-34.
  6. Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках — М., 2014. — С. 34-35.
  7. Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках — М., 2014. — С. 35-36.
  8. Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках — М., 2014. — С. 210—211.
  9. Цітоў B. C. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці. — Мн., 1994. — С. 258—279

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]