Пародыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Пародыя (грэч.: παρῳδία — спевы навыварат) — камічнае перайманне стылю і кірунку пісьменства, што знарок скажае і акарыкатурвае рысы арыгінала дзеля высьмейвання. Ёсць крытыкай твора паводле мысленнага і стылёвага напаўнення, мастацкага разумення і грамадскага стаўлення творцы. Пры перайманні жанра арыгінала захоўвае яго кампазіцыю і стыль. Супярэчнасць выгляду арыгінала паводле зместу спрыяе адрознаму сэнсаваму напаўненню і адваротнаму тлумачэнню яго асноўнай думкі. Мастацкая вартасць заключаецца ў выразнай пазнавальнасці рысаў арыгінала.

Віды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле зместу бывае: 1) грамадзянская (Якуб Колас «Малебен»), 2) літаратурная (Цімох Дзераза «Літаратурная пародыя») і 3) побытавая (Георгій Юрчанка «З Уладзіміра Скарынкіна»). Вылучаюцца парадыйныя ода (Аляксандр Сумарокаў), памфлет (Вальтэр, Даніэль Дэфо і Джонатан Свіфт), раман (Франсуа Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль») і трагедыя (Іван Крылоў «Падшчыпа»). Бываюць пародыі на прамову, рэпартаж, дэтэктыўныя, паэтычныя, празаічныя і драматычныя творы, крытычныя працы.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай літаратуры сустракаецца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 стагоддзя. Склалася ў жанр да сярэдзіны 19 стагоддзя (паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына і «Энеіда навыварат» Вікенція Равінскага). Блізкія да побытавай і грамадзянскай пародыі «Калыханка» Францішка Багушэвіча, «Янка і свабода» і «Ісцінна чорнае трыо» Я. Купалы і «Пратэст» Ядвігіна Ш. Надзённасцю вызначаюцца пародыі Кандрата Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску» і «Нібы сатыра на Нібы паэму М.Грамыкі „Гвалт над формай“»). У 19201930-я гг. пародыі пісалі Андрэй Александровіч, Якуб Колас, Янка Купала, Паўлюк Трус і Мікола Хведаровіч. Сустракаецца ў Рыгора Барадуліна, Васіля Віткі, Артура Вольскага, Анатоля Вялюгіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Дзяргая, Хведара Жычкі, Аляксея Зарыцкага, Петруся Макаля, Міколы Мятліцкага, Міхася Скрыпкі і Язэпа Таўшчэзнага. У пачатку 1970-х гадоў з'явілася паэма Ніла Гілевіча «Сказ пра Лысую гару» аб нечаканасцях жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснай пісьменніцкай творчасці. Парадыйныя складнікі знаходзяцца ў празаічных творах Міраслава Адамчыка, Пятра Васючэнкі, А. Вырвіча, Адама Глобуса, у п'есах Алега Ждана, Сяргея Кавалёва і Алеся Петрашкевіча[1].

Зноскі

  1. Любоў Гарэлік. Пародыя // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 101. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]


Шаблон:Тэатральнае мастацтва