Патрыкей Давыдавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пацірг Кейстутавіч)
Патрыкей Давыдавіч
староста гарадзенскі[d]
1326 — 1365

Бацька Давыд Гарадзенскі
Дзеці Аляксандр Патрыкеевіч
Дзейнасць арыстакрат, князь старадубскі (северскі)

Патрыкей Давыдавіч (пачатак XIV ст. — пасля 1365) — князь, староста гарадзенскі (1326—1365), князь старадубскі (пасля 1365).

Сын старосты гарадзенскага Давыда. Упершыню згадваецца ў хроніцы Яна Длугаша пад 16.10.1336 года, калі князі Альгерд, Кейстут і іншыя, у тым ліку Патрыкей Давыдавіч (Patricius filius David Ruthenus — Патрыкій сын Давіда Русіна) напалі на Мазовію[1][2], пэўная дзённая дата можа сведчыць пра яе пазычанне Длугашам з даўнейшага рочніка або календара[3].

Пазней князя Патрыкея не раз згадвае ў сваёй хроніцы Віганд Марбургскі. Пад 21 студзеня 1356 года Віганд паведамляе пра паход князёў Кейстута, Альгерда і Патрыкея Гарадзенскага (Kynstud, Algart et rex Paterky vulgariter de Karten) супраць Ордэна ў Прусію[4]. У 1358 годзе (13 жніўня) для вызначэння вялікалітоўска-мазавецкай мяжы створана двухбаковая камісія, куды вялікі князь Кейстут прызначыў сваіх князёў і баяр Патрыкея, Войшвіла, Айкшу, Алізара і Васку Кірдзеевіча (duces et boyaros nostros videlicet super Patryky, Woyszwilt et Aykszy, Olizar et Waskonem Kerdejewicz)[5]. Напэўна ў сувязі з вызначэннем мяжы, мазаўшане каля 1360 года пачалі будаваць замак паблізу Райгорада, на тэрыторыі якую Ордэн лічыў сваёй, таму да месца будаўніцтва падышло ордэнскае войска на чале з маршалам, які сярод іншага запытаў мазаўшан ці быў тут Кейстут, а яны адказалі: «Не Кейстут, але Патрык і яго сын» (non Kynstute, sed Patirke et filius suus)[6][7]. Сакавіком 1361 года Кейстут, Патрыкей і Альгерд (Kynstud, Patirky et Algard) на прускай мяжы Ордэна атакаваны немцамі, Кейстут трапіў у палон, а Патрыкей ледзь здолеў уцячы[8]. На пачатку 1364 года нямецкія і англійскія рыцары з Прусіі падышлі пад Гродна (Garten), тады князь Патрыкей «rex dictus Patrike» сустрэў іх хлебам і соллю і пачаў перамовы з ордэнскім маршалам. Таму і, на думку Віганда Марбургскага, за «сяброўства з Ордэнам», у наступным годзе вялікі князь Кейстут перавёў Патрыкея з Гродна на іншае рускае княства невядомае храністу[9][10]. Да пераводу, 14 лютага 1365 года, князі Кейстут, Альгерд, Патрыкей Гарадзенскі і Аляксандр (Kynstud, Algart, Paterky de Garten et rex Alexander) з чатырохтысячным войскам напалі на ўладанні Ордэна ў Прусіі[11].

Ужо Длугаш частку звестак пра гарадзенскага «князя» Патрыкея адносіў да ўяўнага сына вялікага князя Кейстута — Патрыкея Кейстутавіча, уласна Длугаш і стварыў гэту асобу, якая і цяпер жыве ў гістарыяграфіі. Пазней князя Патрыкея Давыдавіча сталі атаясняць і з рэальным унукам вялікага князя Гедзіміна — Патрыкеем Нарымонтавічам, крыніцы такой думкі пакуль не ясныя.

Пазнейшы лёс князя Патрыкея вядомы з некалькіх спісаў Любуцкага сінодзіка, якія памінаюць «Кн[я]зя Патрикія Давидовича Стародубскаго, пріемшаго агг[е]лскій образъ, и кн[я]гиню его Елену»[10][12] і «с[ы]на ихъ кн[я]зя Иоанна». Таксама сынамі князя Патрыкея Давыдавіча былі князь старадубскі Аляксандр і князь рыльскі Фёдар. На думку Андрэя Кузьміна, родзічам князя Патрыкея Давыдавіча быў ноўгарад-северскі князь Канстанцін Давыдавіч і яго сын Цімафей Канстанцінавіч[13].

Старадубскае княства Патрыкей атрымаў не ў 1365 годзе, бо пад уладай ВКЛ яно вядома з 1379 года, а трапіла пад яе ў 1372—1375 гадах, напэўна тады і было нададзена Патрыкею. Невядома якое княства ён трымаў перад гэтым.

Зноскі

  1. Лицкевич 2014, с. 35..
  2. Długosz J. Opera omnia. — Cracoviae, 1876. — Т. XII. Historiae polonicae libri XII. T. III. — P. 172.
  3. Келембет 2015, с. 13..
  4. Scriptores rerum Prussicarum. — Leipzig, 1863. — Bd. 2. — S. 522.
  5. Kodeks dyplomatyczny Księstwa Mazowieckiego. — Warszawa, 1863. — S. 73-74, № LXXX (Datum et actum in Grodno feria tercia proxima infra octauas Beati Laurencij Martiris gloriosi).
  6. Codex diplomaticus Prussicus. — Königsberg, 1848 — Bd. 3. — S. 115, № 87.
  7. Scriptores rerum Prussicarum. — Bd. 2. — S. 525.
  8. Scriptores rerum Prussicarum. — Bd. 2. — S. 527—528; Bd. 3. — S. 80.
  9. Scriptores rerum Prussicarum. — Bd. 2. — S. 544—545.
  10. а б Лицкевич 2014, с. 36..
  11. Scriptores rerum Prussicarum. — Bd. 2. — S. 549.
  12. Зотов Р. В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и о Черниговском княжестве в татарское время. — СПб: Тип. братьев Пантелеевых, 1892. — 379 с. — С. 28.
  13. Кузьмин А. В. (ГУАГН) Рюриковичи или Гедиминовичи? Проблема идендификации русско-литовских князей XIV — начала XV в. в письменных источниках XIV—XVII в. // Древняя Русь: вопросы медиевистики № 3(69), сентябрь 2017 г. — С. 67.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]