Каліфорнія (паўвостраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Паўвостраў Каліфорнія)
Каліфорнія
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
28°00′ пн. ш. 113°30′ з. д.HGЯO
Плошча143,39 км²
Краіна
Каліфорнія (паўвостраў) (Мексіка)
Каліфорнія
Каліфорнія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Каліфорнія (ісп.: Baja California) — паўвостраў на захадзе Паўночнай Амерыкі. Уваходзіць у склад мексіканскіх штатаў Ніжняя Каліфорнія і Паўднёвая Ніжняя Каліфорнія. Плошча — 143,39 км².

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Гара Пікача-дэль-Дыябла на поўначы паўвострава

Паўвостраў Каліфорнія — вузкі кавалак сушы, які цягнецца на поўдзень 1200 км паміж Ціхім акіянам на захадзе і Каліфарнійскім залівам на ўсходзе. Найбольшая шырыня — 240 км.

Утварыўся больш за 5 млн гадоў таму ў выніку разыходжання тэктанічных пліт. Паўвостраў падзяляецца на 5 геалагічных зон, што ўключаюць як горныя раёны з нахіленых гранітных блокаў, астанцаў акіянічнага дна, вулканічныя пласкагор’я і раўніны, складзеныя пясчанікамі і сланцамі. Найвышэйшы пункт гара Пікача-дэль-Дыябла дасягае 3096 м. Разнастайнасць геалагічнай будовы вызначае наяўнасць розных ланшафтаў — пакрытых лясамі гор, якія цягнуцца з поўначы на поўдзень, а таксама ўтвараюць самастойны масіў вышынёй да 2406 м на поўдні, пустыні ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа, паўпустынь і прэрый уздоўж Каліфарнійскага заліва.

Клімат асаблівы зменамі ў залежнасці ад руху з поўначы на поўдзень і вышыні над узроўнем мора. На поўначы паўвострава пераважае мяккі міжземнаморскі або засушлівы клімат. Блізкасць Ціхага акіяна часткова ахаладжае паветра. Уздоўж лініі берага зранку ўзнікаюць туманы, аднак далей цягнецца засушлівая зона. У гарах, якія затрымліваюць вільготныя вятры, ападкаў дастаткова. Тут пераважае мяккі, узімку прахалодны клімат. У альпійскай зоне прахалода адчуваецца нават у летнія месяцы. На поўдні дажджы маюць нерэгулярны характар. Сярэдняя тэмпература ў лютым — +19 °C, у верасні — +30 °C.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Флора і фаўна паўвострава Каліфорнія адрозніваюцца разнастайнасцю. Толькі 7 % яго тэрыторыі выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчай вытворчасці, на поўдні гэта лічба складае яшчэ менш — 2,7 %. 80 % тэрыторыі заняты зараснікамі хмызнякоў чапараль. 13 % тэрыторыі — горныя лясы, з якіх толькі 4 % пакрыты каштоўнымі хвоямі і дубам. На поўдні паўвострава сустракаюцца прыбярэжныя мангры і тыповыя пустынныя пейзажы з дамінаваннем ксерафітаў і кактусаў.

Распаўсюджаныя сухапутныя жывёлы — алені, бараны, лісы, каёты, горныя пумы, розныя віды птушак і яшчарак, змеі, скарпіёны. Акіянічныя воды вакол паўвострава населены кітамі, дэльфінамі, акуламі, ластаногімі, марскімі выдрамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пячорны жывапіс 1700 г. да н. э.

Паўвостраў Каліфорнія быў населены каля 11 тысяч гадоў таму. У 2 тысячагоддзі да н. э. у цэнтры і поўначы паўвострава склалася арыгінальная археалагічная культура, для якой былі характэрны пячорны жывапіс, выраб керамікі і пахаванні рэштак памерлых, афарбаваных охрай. Да прыходу еўрапейцаў паўвостраў насялялі 8 розных груп індзейцаў, якія займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Прыбярэжныя жыхары таксама лавілі рыбу, але не ўсе ўмелі будаваць марскія судны. Ніводная з груп не апрацоўвала металы.

Паўвостраў Каліфорнія быў адкрыты іспанскімі канкістадорамі ў 1533 г. Іх вабіла здабыча жэмчугу на поўдні Каліфарнійскага заліва. У 1535 г. паўвостраў наведаў Эрнан Картэс. Аднак у далейшым каланізацыя ішла запаволенымі тэмпамі. Іспанцы пасылалі даследчыя экспедыцыі, але адсутнасць каштоўнасцяў і забарона з боку афіцыйных улад рабаваць індзейцаў не спрыялі стварэнню сталых паселішчаў. Сітуацыя змянілася толькі ў канцы XVII ст., калі ў Каліфорніі з’явіліся місіі езуітаў, якія займаліся распаўсюджваннем хрысціянства і прыцягвалі індзейцаў да стварэння камерцыйнай гаспадаркі. У XVIII ст. пераважна на поўнач паўвострава перасяляліся каланісты з Мексікі. З іх прыходам пачалося распаўсюджванне раней невядомых індзейцамі хвароб, што прывяло да скарачэння карэннага насельніцтва.

Пасля забароны ордэна езуітаў Каліфорнія была падзелена на Паўночную (сучасны штат Каліфорнія ў ЗША) і Паўднёвую. У Паўднёвай Каліфорніі місіі езуітаў перайшлі ордэну дамініканцаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мексікі ў 1810 г. Каліфорнія фармальна перайшла ў склад гэтай дзяржавы. Выступленне індзейцаў было спынена мясцовымі ваеннымі, якія адсунулі місіянераў ад улады і фактычна ператварыліся ў кіраўнікоў рэгіёна. У 18481850 гг. Паўночная Каліфорнія перайшла да ЗША. Спроба амерыканскіх пасяленцаў абвясціць незалежную рэспубліку на тэрыторыі Паўднёвай Каліфорніі скончылася паражэннем.

У 1930 г. паўвостраў быў адміністрацыйна падзелены на паўночную і паўднёвую тэрыторыі. У 1952 г. быў абвешчаны штат Ніжняя Каліфорнія, у 1974 г. — штат Паўднёвая Ніжняя Каліфорнія.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]