Мангышлак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Паўвостраў Мангышлак)
Мангышлак
Гара Шэркала
Гара Шэркала
43°30′ пн. ш. 52°15′ у. д.HGЯO
АкваторыяКаспійскае мора
Плошча165 642 км²
Найвышэйшы пункт556 м
Краіна
Мангышлак (Каспійскае мора)
Мангышлак
Мангышлак

Паўвостраў Мангышла́к (каз.: Маңғыстау түбегі) — паўвостраў на ўсходнім узбярэжжы Каспійскага мора ў Казахстане. Такую ж назву носіць плато на паўвостраве, якое на ўсход пераходзіць ў плато Усцюрт. У паўночнай частцы Мангышлака вылучаецца паўвостраў Бузачы, абмываемы водамі Мангышлакскага заліва, а таксама заліваў Мёртвы Култук і Кайдак. На тэрыторыі паўвострава размяшчаецца Мангістауская вобласць Казахстана. Тэрыторыя - 165 642 км². Насельніцтва (2013 г.) - 575,9 тыс. чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паўвостраў Мангышлак месціцца на захадзе Казахстана, амываецца водамі Каспійскага мора. Даўжыня з поўначы на поўдзень болей за 288 км. Належыць да Туранскай пліты, фундамент якой ляжыць на глыбіні 7 - 12 км.[1] Сучасная паверхня ў значнай ступені складзена асадкавымі пародамі, што фарміраваліся ў эпоху, калі тэрыторыя паўвострава ўяўляла дно старажытнага мора. Яе падняцце пачалося 67 - 65 млн гадоў таму[2]. Канчаткова паўвостраў вызваліўся з-пад вады болей за 3 млн гадоў таму[3].

Геалагічная будова адрозніваецца вялікай кантраснасцю тэктанічных рухаў, наяўнасцю разломаў, прагінаў і ўзняццяў, што абумовіла разнастайнасць рэльефа паверхні. Узбярэжжа знаходзіцца ніжэй за ўзровень акіяна, спярэшчана шматлікімі марскімі залівамі. Нізінная раўніна Бузачы аддзелена ад асноўнай часткі раўніннага Магышлака гарамі Каратау і Актау. Найвышэйшы пункт — гара Бесшокы (556 м). У раўніннай частцы сустракаюцца глыбокія западзіны. Самая глыбокая з іх — Карагіе (-132 м).

Значныя тэрыторыі заняты палынова-саланчаковымі пустынямі з лапінамі хмызняковай расліннасці на бурых глебах. Адкрытых прэсных вадаёмаў няма.

Карысныя выкапні:

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня — ад -3 °C да -4 °C, ліпеня — ад 26 °C да 27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 100 - 160 мм. На поўначы ападкаў выпадае больш, чым на поўдні.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на пустынныя ландшафты і засушлівы клімат, флора і фаўна Мангышлака даволі разнастайныя[4]. Налічваецца каля 300 відаў раслін. Жывёльны свет прадстаўлены 100 відамі птушак, у тым ліку фламінга, сапсанам, стэпавым арлом, крачуном, беркутам і інш. Сярод сысуноў вылучаюцца муфлон, джэйран, каракал, чаротавы кот, медаед, гепард і г. д. Шмат паўзуноў. На ўзбярэжжы ўлетку з'яўляюцца каспійскія цюлені.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Некропаль Бекет-Ата, XVIII ст.

Старажытная гісторыя Мангышлака пакуль мала даследавана, аднак ёсць меркаванні, што першыя людзі трапілі на паўвостраў ужо ў палеаліце[5]. У эпоху мезаліта на Мангышлаке і Усцюрце распаўсюдзілася культура паляўнічых і збіральнікаў, для якой была характэрна пласціністая тэхналогія апрацоўкі камня. У 7 тысячагоддзі да н. э. на яе развіццё аказалі ўплыў мігранты з Усходняй Еўропы. Рэшткі іх дзейннасці знойдзены на поўначы і ў цэнтральнай частцы Мангышлака. У пазнейшыя перыяды археолагамі зафіксаваны перасяленні з паўночнага Прыкаспія і Сярэдняй Азіі. У 3 - 2 тысячагоддзях у выніку апустыньвання навакольных тэрыторый пачаўся паступовы працэс пераходу да жывёлагадоўлі. З сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н. э. будаваліся купальныя могільнікі. Знойдзены каменныя скульптуры жалезнага века.

Росквіт эканомікі і культуры Мангышлака адбыўся ў сярэднявечча, што было абумоўлена развіццём міжнародных гандлёвых сувязяў, дзе Мангышлак з'яўляўся прамежкавым пунктам на доўгіх шляхах сухапутных і марскіх караванаў. У гэты перыяд на паўвостраў перасяляюцца прадстаўнікі розных цюркскіх народаў — какцюркаў, агузаў, куманаў, пазней — туркменаў, нагайцаў, казахаў, узбекаў[6]. У XVII ст. Мангышлакам кароткі час валодалі калмыкі[7]. Кліматычныя змены, што спрыялі пахаладанню і далейшаму апустыньванню[8], а таксама ўсталяванне марскіх шляхоў паміж Еўропай і Паўднёвай Азіяй[9] прывялі да заняпаду караваннага гандлю.

Пасля далучэння казахаў Малодшага жуза ў XVIII ст. да Расійскай імперыі цікавасць да Мангышлака адрадзілася, паколькі ён быў стратэгічным пунктам для экспансіі ў Сярэднюю Азію. 18 мая 1834 г. расійская экспедыцыя заснавала крэпасць Нова-Аляксандраўск (сучасны горад Актау) і фармальна далучыла Мангышлак да Расіі[10]. Падчас вайны з Хівінскім ханствам у 1873 г. Мангышлак выкарыстоўваўся для дыслакацыі і наступлення расійскіх войск[11].

У 1936 г. Мангышлак стаў часткай Казахскай ССР. З 1991 г. — часткай незалежнага Казахстана. З 1950-ых гг. з'яўляецца адным з галоўных цэнтраў нафтаздабычы ў Казахстане.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мангышлак // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 10. Мінск, 2000. С. 75

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]