Паўднёвая Георгія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паўднёвая Георгія
англ. South Georgia
Мыс караля Эдварда
Мыс караля Эдварда
Характарыстыкі
Плошча3 755 км²
Насельніцтва26 чал.
Шчыльнасць насельніцтва0,01 чал./км²
Размяшчэнне
54°15′ пд. ш. 36°45′ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
РэгіёнПаўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сандвічавы астравы
Паўднёвая Георгія (Атлантычны акіян)
Паўднёвая Георгія
Паўднёвая Георгія
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паўднёвая Гео́ргія (англ.: South Georgia) — востраў на поўдні Атлантычнага акіяна. Уваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі Паўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сандвічавы астравы. Агульная плошча - 3755 км². Насельніцтва (2005 г.) - 26 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Паўднёвая Георгія месціцца на поўдні Атлантычнага акіяна ў 1510 км ад узбярэжжа Антарктыды, у 557 км на паўночны захад ад Паўднёвых Сандвічавых астравоў, 1345 км на паўднёвы ўсход ад Фалклендскіх астравоў, у 12260 км на паўднёвы захад ад Лондана. Агульная даўжыня - 174 км. Найбольшая шырыня - 37,5 км.

Востраў выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Уздоўж усёй цэнтральнай часткі цягнецца горны хрыбет вышынёй да 2935 м. Усяго вылучаецца 45 вяршынь[1]. Берагі стромкія, скалістыя, парэзаныя шматлікімі фіёрдамі, да якіх прымыкаюць ледавіковыя даліны. Паўднёвая Георгія мае вулканічнае паходжанне. Складзена пераважна метамарфічнымі сланцамі і магматычнымі горнымі пародамі. Рэдка сустракаюцца граніт, вапняк і глеістыя адкладанні.

57% вострава займаюць ледавікі. Летняя мяжа ледавікоў знаходзіцца на вышыні 450 - 600 м, на поўначы крыху вышэй, чым на поўдні. На вялікіх высотах сустракаюцца зоны вечнай мерзлаты.

Клімат марскі субантарктычны, вельмі вільготны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 1500 мм. Найбольш цёплым месяцам з'яўляецца люты, калі сярэдняя тэмпература дасягае +6 °C. У жніўні яна трымаецца каля -2 °C. Наогул, тэмпература рэдка бывае вышэй за +9,5 °C або ніжэй за -15 °C[2]. Пераважаюць вільготныя цёплыя паўночна-заходнія і прахалодныя паўднёва-ўсходнія вятры.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

У прыбярэжнай паласе вострава Паўднёвая Георгія знойдзена 103 віды водарасцей, у тым ліку 9 відаў зялёных водарасцей, 35 відаў бурых водарасцей, 47 відаў чырвоных водарасцей. У глыбокіх месцах даўжыня некаторых відаў дасягае 40 м. 12 відаў — эндэмікі Паўднёвай Георгіі і Вогненнай Зямлі.

Наземная флора не адрозніваецца значным багаццем, блізкая па паходжанню да флоры Фалклендскіх астравоў, поўдню Патагоніі і Вогненнай Зямлі. Пераважаюць травы, папарацепадобныя, мохі і лішайнікі. Выяўлена 125 відаў мохаў і 150 відаў лішайнікаў. Дрэваў і сапраўдных хмызнякоў наогул няма[3]. Падчас летняга даследавання 2009 г. брытанскія вучоныя знайшлі 24 віды, выпадкова або спецыяльна завезеныя чалавекам. Асабліва на востраве распаўсюдзіліся дзьмухаўцы і ясколкі[4].

У выніку ізаляцыі Паўднёвай Георгіі ад кантынентаў, першародная фаўна сушы прадстаўлена амаль выключна птушкамі (пінгвіны, буравеснікападобныя, гарбаткавыя, качкі і інш.), якіх налічваецца каля 30 мільёнаў[5]. Галечныя пляжы прыцягваюць ластаногіх. Каля берагоў вострава шмат рыбы, ракападобных, часта сустракаюць кітоў[6].

Разам з чалавекам на Паўднёвую Георгію трапілі мышы і пацукі, былі ўвезены алені[7]. У пачатку XXI ст. колькасць аленяў перавышала 7 тысяч[8], што прывяло да значнага пашкоджання мясцовых флоры і фаўны, з'яўленню штучнай эрозіі ў выніку вынішчэння травы, утоптвання гнёздаў птушак. Яшчэ большую шкоду наносяць грызуны, якія ядуць яйкі і птушанят. З 2011 г. праводзіцца кампанія па вынішчэнню завезеных відаў[9][10][11]. Плануецца, што яна будзе завершана ў 2014 г.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя даследчыкі лічаць, што востраў быў ўпершыню заўважаны Амерыга Веспучы яшчэ ў 1502 г.[12] Сапраўдным першаадкрывальнікам стаў англійскі гандляр, сын французскага гугенота Энтані дэ ла Рашэ, карабель якога падчас плавання ў Паўднёвую Амерыку ў 1675 г. быў выпадкова аднесены да Паўднёвай Георгіі[13], так што картографы доўгі час пазначалі яго як востраў Рашэ. Сучасная назва была дадзена ў 1775 г. знакамітым брытанскім падарожнікам Джэймсам Кукам у гонар Георга III. Джэймс Кук высадзіўся на востраве і абвясціў яго тэрыторыяй Вялікабрытаніі[14].

З 1786 г. на Паўднёвай Георгіі вялі здабычу цюленяў брытанскія і амерыканскія зверабоі[2]. З пачатку XX ст. востраў ператварыўся ў найбуйнейшы сусветны цэнтр здабычы кітоў. У 1904 г. была пабудавана першая сталая кітабойная база ў Грутвікене. Брытанскі ўрад выдаваў ліцэнзіі на адкрыццё часовых і сталых баз кітабоям з розных краін, у тым ліку нарвежцам, аргенцінцам, японцам, шведам. Спроба Нарвегіі абвясціць свой суверэнітэт над субантарктычнымі астравамі прывяла да адкрыцця ў 1908 г. афіцыйнага брытанскага прадстаўніцтва ў Грутвікене, якое ў сваю чаргу падпарадкоўвалася губернатару Фалклендскіх астравоў. Пасля II Сусветнай вайны здабыча кітоў згубіла камерцыйную прывабнасць. У сувязі з гэтым у 1966 г. была зачынена апошняя кітабойная база на Паўднёвай Георгіі[15].

Навуковае вывучэнне Паўднёвай Георгіі пачалося ў XIX ст. Востраў з'яўляўся прамежкавым пунктам некаторых антарктычных экспедыцый. Адным з самых знакамітых даследчыкаў, які знайшоў свой апошні прытулак на востраве ў 1922 г., быў Эрнэст Генры Шэклтан.

У 1980 г. аргенцінскі прадпрымальнік дамовіўся аб вывазе з вострава металалому, які застаўся пасля кітабояў. Аргенцінская база была адкрыта ў сакавіку 1982 г. на месцы былой кітабойнай станцыі Лейф-Харбар. Разам з рабочымі з Аргенціны прыбылі і ваенныя. З пачаткам Фалклендскай вайны 3 красавіка яны захапілі Грутвікен і абвясцілі Паўднёвую Георгію аргенцінскім уладаннем Ісла Сан-Педра. 21 красавіка брытанскія ваенна-марскія сілы пачалі ваенную аперацыю па вызваленню вострава. Яна скончылася 26 красавіка здачай аргенцінскіх салдат у палон[16].

У 1985 г. Паўднёвая Георгія была выведзена з-пад адміністрацыйнага падпарадкавання Фалклендскім астравам. Замест гэтага была створана асобная заморская тэрыторыя Паўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сандвічавы астравы.

У наш час востраў фактычна не населены, хаця яго наведваюць навуковыя экспедыцыі і турыстычныя круізныя судны. Фармальна да вострава прыпісана крыху больш за 20 чалавек, якія працуюць у адміністрацыі заморскай тэрыторыі, але жывуць у Вялікабрытаніі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]