Паўстанне 1863—1864 гадоў
Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі (1863—1864) — паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай (якую разумелі як Польшча) у межах 1772 году.
У рускай гістарыяграфіі — Другое польскае паўстанне (1863—1864) або мяцеж, польскай гістарыяграфіі — Студзеньскае паўстанне, у частцы беларускай гістарыяграфіі — паўстанне Кастуся Каліноўскага (у кантэксце выдзялення з агульнага паўстання паўстанцкіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі).
Пачалося абвяшчэннем Маніфесту Польскага нацыянальнага ўраду 10(22 студзеня) 1863, умоўнай датай канца лічыцца 1864.
Змест |
[правіць] У Літве і Беларусі
Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) з пачаткам паўстання быў рэарганізаваны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, на чале з К. Каліноўскім. Першым маніфестам гэтага ўраду быў пераказ варшаўскага маніфесту (20.1(1.2).1863). Аднак, у «Паўстанцкую інструкцыю» быў уключаны адметны пункт аб праве камандзіраў атрадаў паводле пастановы ваеннага суда караць смерцю «найбольш злосных прыгнятальнікаў сялян».
Варшаўскі ўрад адхіліў ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі (27.2(11.3).1863), перадаў уладу віленскаму камітэту «белых», які стаў называцца «Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Гэты Аддзел распаўсюдзіў дэкрэт, якім касаваліся ўсе паўнамоцтвы і мандаты ЛПК. Каліноўскі ад імя ЛПК выказаў пратэст супраць перадачы ўлады «у рукі контррэвалюцыянераў» і зняў з сябе адказнасць за ўсе будучыя памылкі і страты, але падпарадкаваўся.
Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс. чал. Паўстанцкія атрады здолелі правесці на Беларусі і Літве 237 баёў з царскімі карнікамі.[1]
Падчас паўстання на кароткі час інсургентамі быў захоплены горад Горкі. У красавіку 1863 г. атрад Людвіка Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута захапіў павятовы горад, але быў разбіты царскім войскам.
На Міншчыне ваенныя дзеянні пачаліся 19.4.1863. Найбольш вялікія баі адбыліся:
- 21 красавіка пад Азярцамі (Слуцкі раён) быў разбіты атрад паўстанцаў Уладзіміра Машэўскага;
- пад Тараканаўкай (Лагойскі раён) 27.4.1863;
- пад Пятровічамі (Смалявіцкі раён) 28.4.1863, пацярпелі паражэнне інсургенты Антона Трусава;
- пад Лядамі (Старадарожскі раён) 30.4.1863;
- пад Падбярэззем (Барысаўскі раён) 7.5.1863;
- адбыўся жорсткі бой пад Юравічамі (Чэрвеньскі раён) 9.5.1863;
- пад Уладыкамі () 16 (ці 28).5.1863, аддзел Вінцэнта Козела быў пераможаны, тут загінула каля 100 паўстанцаў.
- пад Іжай (Вілейскі раён) 24.5.1863.
На Гарадзеншчыне ваенныя дзеянні былі прыкметнымі значна большым, чым у іншых мясцінах, удзелам сялян, што тлумачыцца ўмелай прапагандай рэвалюцыйных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага[2], а таксама значна большым працэнтам католікаў.
11. 4. 1863 г. каля в. Новы Двор (Шчучынскі павет) атрад Людвіка Нарбута вытрымаў бітву з салдатамі палкоўніка Цімафеева. 3 чэрвеня адбылася знакамітая бітва пад Мілавідамі. 13 чэрвеня атрады Ф. Уладака і Я.Ваньковіча трымалі бой каля в. Новыя пскі (Бярозаўскі павет). Праз два дні атрады Валерыя Урублеўскага перамаглі на Пружаншчыне.
У чэрвені-ліпені 1863 у выніку рэпрэсій Мураўёва ад падтрымкі паўстання адышлі памешчыкі Літвы і Беларусі. Тады ў склад Віленскага камітэта быў вернуты Каліноўскі, а 31.7.1863 узначаліў яго. 22 жніўня Каліноўскаму былі перададзеныя паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Вільні. Такім чынам, у руках Каліноўскага была сканцэнтраваная ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арганізацыі на землях Літвы і Беларусі. На важнейшыя пасады Каліноўскі паставіў сваіх аднадумцаў — так, В. Урублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводства, І. Ямант — камісарам у Мінску, А. Мацкевіч — ваенным арганізатарам узброеных сіл Ковенскага ваяводства.
Аднак, і новаму складу кіраўніцтва не ўдалося дамагчыся пералому ў ваенных дзеяннях. Пад пачатак верасню 1863 паўстанне ў літоўска-беларускіх губернях было практычна задушана.
Пасля паразы ў ваенных дзеяннях у 1863 паўстанцы перайшлі да партызанскай барацьбы. У далейшым барацьба перайшла ў сферу грамадскага непадпарадкавання і адміністрацыйных рэпрэсій, яна працягвалася і пасля сканчэння паўстання.
Вядомыя ўдзельнікі:
- Кастусь Каліноўскі
- Міхал Аскерка
- Генрых Дмахоўскі
- Рамуальд Траўгут
- Цітус Далеўскі
- Юзаф Каліноўскі
- Вітольд Феафілавіч Міладоўскі
- Ігнат Будзіловіч
- Фелікс Уладак
- Міхал Андрыёлі
- Аляксандр Акінчыц
[правіць] Вынікі і наступствы
Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з'явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.
Паўстанне і антыруская прапаганда вакол яго ў еўрапейскім друку паўназначна прычыніліся да ўзнікнення контрпрапагандысцкай у сваёй аснове школы «заходнярусізму» на чале з М. О. Каяловічам.
[правіць] Ацэнкі
[правіць] Польская гістарыяграфія
Наогул, у польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання. Асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюцца як польскія або «краёвыя».[3]
[правіць] Беларуская гістарыяграфія
Наогул, па стане на 2000-я гг. беларуская гістарыяграфія паўстання і асобы Каліноўскага характарызуецца слабай апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.
У часы «беларусізацыі» 1920-х гг. беларуская гістарыяграфія сфарміравала дзве асноўныя канцэпцыі разгляду і ацэнкі паўстання.
Адна з іх, «вульгарна-сацыялагічная» (прадстаўнікі: У. Ігнатоўскі і інш.) разглядала паўстанне як польскае, якое значна закранула Беларусь, і набыло тут асаблівы характар, з'яўляючыся тут, з аднаго боку, сялянскім супраць паноў, з другога — палітычным нацыянальна-вызваленчым супраць царызму. У гэтай канцэпцыі дзеянні «чырвоных» трактаваліся як народныя і антышляхецкія, і амаль як беларускія ў палітычнай скіраванасці, а дзеянні «белых» — як фактычна згодныя з дзеяннямі царскіх уладаў. Паўстанне ў гэтай канцэпцыі дэкларатыўна разглядалася як прадвеснік будучай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Падобным чынам, г.зн., дэкларатыўна і як падзею-прадвеснік, але ўжо з пункту гледжання будучага абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці (БНР), паўстанне разглядалася ў працах беларускіх замежных даследчыкаў 1920-х гг. і пазней (Адам Станкевіч, Ян Станкевіч).
Другая з канцэпцый 1920-х гг. (С. Агурскі, К. Шчарбакоў і інш.) фактычна вярталася да заходнярускай канцэпцыі, цалкам атаясамляючы сілы паўстання з шляхтай і духавенствам, катэгарычна адмаўляючы усенароднасць паўстання, падкрэсліваючы шавіністычны характар паўстання, а Каліноўскага называючы «міфічным героем» і «ідэолагам… шляхты».
Пасля хвалі рэпрэсій 1929—1930 супраць «нацдэмаў» другая ацэнка ўзяла верх, аж да хвалі рэпрэсій 1937—1938, і знішчэння прадстаўнікоў другой ацэнкі. Пасля гэтага частковая «рэабілітацыя» паўстання адбылася ў працах І. Лочмеля (з удзелам Н. Нікольскага, Д. Дудкова), але, напрыклад, у працы У. Пічэты аб антыфеадальных рухах (1940) паўстанне нават не згадвалася. Відавочна, на асцярожнасць у закрананні гэтай тэмы ўплываў палітычны клімат часоў савецка-нямецкага раздзелу Польшчы (1939). У гэтай сітуацыі ўзнік шэраг супярэчлівых міфаў адносна паўстання, якія не мелі нічога агульнага з гістарычнай рэчаіснасцю падзей 1863—1864 гг. — напр., пра скіраванасць паўстання, якое ў Беларусі было сялянскім пад кіраўніцтвам Каліноўскага, супраць польскай шляхты.
У далейшым (1940—1950-я гг.) колькасць міфаў пабольшала, і да «сялянскага характару паўстання ў Літве і Беларусі» дадаўся міф (У. Перцаў, 1945; І. Лушчыцкі ў 1950-я гг.; С. Самбук у 1960-я—1970-я гг.) аб «сялянскім рэвалюцыянеры» Каліноўскім і аб яго намеры ўтварэння «літоўска-беларускай рэспублікі, самастойнай і ад Польшчы і ад Расіі».
Пэўны паварот да навуковасці ў разглядзе пытання адбыўся на працягу канца 1950-х — пач. 1970-х гг., калі выйшаў шэраг прац з шырокім выкарыстаннем архіўных матэрыялаў (манаграфіі А. Смірнова, 1959—1964, кнігі Г. Кісялёва, 1963, 1966). Тут назіралася барацьба старых схем і новага (і супярэчлівага схемам) дакументальнага матэрыялу. Напрыклад, у працах Смірнова адносіны сялянства Літвы і Беларусі да паўстання так і не былі раскрыты.
За 1980-я — 2000-я гг., нягледзячы на ўсведамленне праблемы (М. Біч), так і не быў зроблены навуковы, непалітызаваны аналіз біяграфіі Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863—1864 гг. Аўтары або вярталіся да палітызаваных міфаў 1920—1950-х гг. (М. Біч, Г. Сагановіч, У. Арлоў, І. Саверчанка) або да версій блізкіх заходнерусізму (У. Чарапіца, Е. Новік і У. Марцуль). Па-ранейшаму ў беларускай гістарыяграфіі няма манаграфічнай працы, якая б спалучала аналіз падзей паўстання з аналізам крыніц рэканструкцыі гэтых падзей. Агульным для беларускай гістарыяграфіі з'яўляецца слабая ўвага або толькі дэкларацыйнае прызнанне ролі агульнаеўрапейскага (замежнапалітычнага) і польскага кантэксту ў падзеях паўстання.
[правіць] Гл. таксама
- Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы
- Мілавідская бітва
- Зыгмунт Мінейка
- Паўстанне 1863 году на Пружаншчыне
Зноскі
- ↑ Гісторыя Беларусі. Ад старажытнасці да XXI стагоддзя. Кароткі нарыс. — Мн.: Лекцыя, 2000.
- ↑ М. Біч…
- ↑ Смалянчук. Спадчына #2, 1998.
[правіць] Літаратура
- Карев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. // сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — 404 с. ISBN 985-505-025-8. С.3—16.
- М. Біч, Э. Зайкоўскі. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669., №1, 1988 С.1—8.
- Смалянчук A.Ф. Кастусь Каліноўскі ў польскай гістарычнай традыцыі
- Смалянчук A.Ф. Раткевіч versus Каліноўскі
- Швед В. В. Вайсковы начальнік Лідскага павета грамадзянін Нарбут
- Суднік С. Лідчына ў паўстаньні 1863 года
- Малеўскі Часлаў. Лідская шляхта ў паўстанні 1863 года
- Гісторыя Беларусі. Ад старажытнасці да XXI стагоддзя. Кароткі нарыс. — Мн.: Лекцыя, 2000 г.