Пераклады Бібліі на беларускую мову

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пераклады Бібліі на беларускую мову

З’яўленне Бібліі на беларускіх землях[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі сучаснай Беларусі спісы асобных кніг Бібліі або іх фрагментаў з’явіліся верагодней за ўсё пасля хрышчэння Русі (986—988). Агульнадаступным у моўных адносінах і дасканалым у багаслоўскім сэнсе перакладам доўгі час з’яўлялася Біблія Кірыла і Мяфодзія на царкоўнаславянскай мове. Вядомыя дзясяткі рукапісаў XI—XV стагоддзяў, напісаных царкоўнаславянскай мовай.

Біблія распаўсюджвалася шляхам працаёмкага перапісвання ў манастырскіх, царкоўных, княжых майстэрнях-скрыпторыях. Магчыма, перапісваннем святых кніг займалася Ефрасіння Полацкая ў XII стагоддзі. Пра сталую біблейскую традыцыю сведчаць рукапісныя помнікі: Лаўрышаўскае, Аршанскае, Друцкае Евангеллі, Смаленскі псалтыр і інш.[1]

Першыя спробы[правіць | правіць зыходнік]

Як паказваюць даследаванні (акадэмік Яўхім Карскі і інш.), ужо з XI стагоддзя робяцца спробы прыстасаваць кірыла-мяфодзіеўскі пераклад да мясцовых асаблівасцей мовы, яе царкоўна-літургічнага стылю, удакладнення тэксту і выпраўлення памылак перапісчыкаў на аснове старажытнаяўрэйскага і старажытнагрэчаскага арыгіналаў[2]. Вядомыя некалькі ўрыўкаў перакладаў са старажытнаяўрэйскай мовы невядомых аўтараў даскарынаўскага перыяду: «Песня Песень» (XIV—XV стст.), 8 кніг Старога Запавету (2 палова XV — пачатак XVI стагоддзяў)[3].

Вельмі важнымі трэба лічыць стварэнне ў Беларусі самастойнага поўнага біблейскага зводу, які быў складзены Мацвеем ДзясятымДзесятаглаў», 1502—1507) і Фёдарам Янушэвічам (гістарычныя кнігі і «Пяцікніжжа Майсеева», 1514). У адрозненне ад так званага Генадзеўскага звод Бібліі (Ноўгарад, 1499), які грунтаваўся пераважна на балгарскай рэдакцыі кірыла-мяфодзіеўскага перакладу і перакладзеных з Вульгаты адсутных кніг, беларускі збор узыходзіў да больш ранняй і дастаткова поўнай мараўскай рэдакцыі перакладу.

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданнем Бібліі на царкоўнаславянскай мове, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэшскай і польскай моў[4], была Біблія беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Пераклад быў зроблены ім з Вульгаты Гераніма або з чэшскіх перакладаў. 6 жніўня 1517 года Скарына выдаў Псалтыр, пасля амаль кожны месяц па новай кнізе Бібліі. Да 1521 года выйшлі 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету (у паслядоўнасці: Псалтыр, Ёў, Прытчы Саламонавы, Ісус Сірахаў, Эклезіяст, Песня Песень, Кніга Прамудрасці Саламона, 4 кнігі Царстваў, Ісус Навін, Юдзіф, Суддзі, Быццё, Другазаконне, прарока Данііла, Эсфір, Руф, Плач Ярэміі, Выхад, Левіт, Лічбы) пад агульнай назвай «Біблія руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(е)сти и людым посполитым к доброму научению». У першую беларускую Біблію выдавец уключыў амаль паўсотні ілюстрацый: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элементы, якія гармануюць з шыхтоўкай старонак, шрыфтам і тытульнымі аркушамі. Пераклад Скарыны кананічна дакладны ў перадачы літары і духу біблейскага тэксту, не дапускае вольнасці і дапісак тлумачальніка, зберагае адпаведны старажытнаяўрэйскаму і старажытнагрэчаскаму арыгіналу іменны стан мовы. Кнігі Скарыны заклалі грунт для ўнармавання беларускай літаратурнай мовы, сталі першым перакладам Бібліі на ўсходнеславянскую. Акрамя таго, як сцвярджае хрысціянскі актывіст Павел Севярынец, скарынаўская Біблія стала чацвёртым перакладам у свеце на жывую мову народа (пасля нямецкай, італьянскай і чэшскай)[1]. Тым не менш, тэолаг і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая адной з прычын таго, чаму Біблія Скарыны не адыграла культуратворчай ролі для тагачаснай Беларусі, называе факт перакладу «не на жывую мову»[5]. Як вынікае са Скарынавай прадмовы да першай кнігі Царстваў, на царкоўнаславянскую мову (з уплывам гутарковай беларускай) ім былі перакладзены ўсе кнігі Старога і Новага Запаветаў, «на руські язык выложенных»[2]. Гэта пацвярджаецца знойдзенымі ў XIX стагоддзі Якавам Галавацкім ў Львоўскім Ануфрыеўскім манастыры рукапісамі, сярод якіх знаходзіліся дадаткова 30 кніг, ідэнтыфікаваных паводле прадмоў як скарынінскія.

Выдадзеныя Скарынам «Псалтыр» (1517, 1522) і «Апостал» (1525) складаюць асобную групу не перакладных, але адаптаваных з іншых царкоўнаславянскіх крыніц кніг з набліжэннем да народнай мовы[3].

Наступным значным перакладам з’явілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў ва ўласным маёнтку Цяпіна друкарню. Каля 1580 года Цяпінскі выдаў Евангеллі паводле Мацвея, Марка і пачатак паводле Лукі ў два слупкі: царкоўнаславянскай і старабеларускай мовамі. Гэтыя працы захаваліся да нашага часу ў двух асобніках. Паводле Карскага, пераклад на старабеларускую мову быў зроблены Цяпінскім з польскамоўнага тэксту Сымона Буднага 1572 года, царкоўнаславянскі — паводле нейкага паўднёва-заходняга ізводу[3].

Пазней выданнем біблейскіх кніг займаліся Сымон Будны, Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, Канстанцін-Васіль Астрожскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі[6], Спірыдон Собаль, Максім Вашчанка і інш.[7] Паказальна, што Іван Федаровіч і Пётр Мсціславец пры выданні ў Заблудаве «Евангелля вучыцельнага», як вынікае з прадмовы, напачатку рыхтавалі яго, верагодна, у варыянце перакладу Францыска Скарыны.

XX—XXI стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

На працягу XVII—XIX стагоддзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову.

Пераклад Дзекуць-Малея[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінал рукапісу перакладу Бібліі, які быў выкананы Л. Дзекуць-Малеем і А. Луцкевічам у 1930 годзе. Почырк Л. Дзекуць-Малея

У пачатку 1930-х гадоў баптысцкі прэсвітар з Брэста Лукаш Дзекуць-Малей разам з жонкай Серафімай Кішкай[8] распачаў пераклад на сучасную беларускую мову чатырох Евангелляў, што былі выдадзеныя паасобнымі брашурамі «тарашкевіцай» цягам 1926—1928[9] гадоў. Пераклад здзяйсняўся пад рэдакцыяй Антона Луцкевіча[8], а ў 1931 годзе выйшаў іх супольны пераклад Новага Запавету з далучанай «Кнігай Псальмаў» у перакладзе спадарыні Аўгусты Розэнберг[10]. Кніга перавыдавалася ў 1948, 1985 і 1991 гадах[10].

  • «Паводле Лукі Святое Евангелле» = The Gospel according to Luke in Belarusian : [прысвячаецца 95-годдзю выхаду ў свет першага Евангелля на сучаснай беларускай мове / аўтары-складальнікі: А. Г. Барысюк і інш.]. — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — 146 с. + 1 брашура (86 с.).

Рэпрынтнае выданне Евангелля паводле Лукі ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча, разам з ім апублікаваны даследаванні па гісторыі беларускіх перакладаў Бібліі, разгляд уплыву Бібліі на грамадскае жыццё, а таксама асноўныя моманты біяграфіі Лукаша Дзекуць-Малея. Выданне перамагло на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі — 2022» ў намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны».

Пераклад Гадлеўскага[правіць | правіць зыходнік]

Наступны, каментаваны пераклад зроблены ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім яшчэ да 1930 года, аднак супрацьстаянне каталіцкіх улад дазволіла выдаць яго «Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei» лацінкай толькі ў 1938. Гадлеўскі пачаў працу над перакладам і Старога Запавету, аднак загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны ад рук гестапа. Ягоную працу працягнуў Пётр Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме каментаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau». Аднак іх пераклады моцна насычаны паланізмамі.

Пераклад Станкевіча[правіць | правіць зыходнік]

Ірына Дубянецкая ў час лекцыі «Беларусь 1000 гадоў бяз Бібліі». Галерэя «Ў»

Першым, хто пераклаў усю Біблію на сучасную беларускую мову, стаў вядомы гісторык мовы, лексікограф і даследчык беларускіх старадаўнасцей Янка Станкевіч. Выкананы ў супрацоўніцтве з вельмі кваліфікаваным гебраістам Майсеем Гітліным, пераклад зроблены з арыгінала[11] (Стары Запавет — з яўрэйскай, Новы Запавет — з грэчаскай моў) і тэкстуальна не саступае ў даставернасці пераўтварэння класічным перакладам. Ён, аднак перанасычаны дыялектызмамі і неалагізмамі. Спачатку ў 1970 г. у Нью-Ёрку (ЗША) быў выдадзены «Новы Закон», а ў 1973 г. — і ўся «Святая Біблія», абедзве тарашкевіцай.

Пераклад БПЦ[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XX стагоддзя распачала працу камісія Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, якая выдала па-беларуску Евангелле. У яго аснову пакладзены досвед царкоўнаславянскага тэксту Елізавецінскай Бібліі.

Пераклад Сёмухі[правіць | правіць зыходнік]

У 2002 годзе ў Мінску выдадзена поўная Біблія класічным правапісам у перакладзе Васіля Сёмухі пад рэдакцыяй місіянера Юркі Рапецкага (Канада) і з дапамогай мітрапаліта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікалая. Асновай для яго перакладу стаў расійскі Сінадальны пераклад 1876 года. Сёмухаў пераклад вельмі багаты моўна, аднак крытыкуецца за «непрыкрытую вольнасць у перакладзе цяжкіх месцаў, дыялектнае напісанне біблейскіх імёнаў, нарэдка да страты іх запаветнай этымалогіі»[2]; акрамя таго, даследчыца Ірына Дубянецкая, доктар сакральнай філасофіі, заўважае, што крыніца перакладу — руская Сінадальная Біблія — мае сама па сабе шмат тэкстуальных памылак[11].

Пераклад Чарняўскага[правіць | правіць зыходнік]

У 1968 годзе дабраславенне на пераклад Бібліі ад Папы рымскага Паўла VI атрымаў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі[12]. Яго пераклад ствараўся на аснове польскае «Бібліі тысячагоддзя» з выкарыстаннем тэкстаў лацінскай «Вульгаты», рускай Сінадальнага перакладу і польскай Бібліі Якуба Вуйка. У 1995—1998 гадах Уладзіслаў Чарняўскі перадаў рукапісы Антонію Бокуну, цяпер пастару пратэстанцкае царквы «Іаан Прадвеснік», які ў 1997 годзе здзейсніў выданне Кнігі Роду, у 1999 — Новага Запавету ў арыгінале і ў 2002 — Пяцікніжжа[13].

Пераклад Беларускага Біблейскага таварыства[правіць | правіць зыходнік]

Антоні Бокун таксама дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблейскага таварыства з ксяндзом Чарняўскім. Пазней да гэтай справы далучыліся айцец Андрэй Абламейка і айцец Сяргей Гаек[14]. Незадоўга да сваёй смерці, пры канцы 2001 года, Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблейскаму таварыству правы на выданне ўласных рукапісаў. Даследчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор, і ўжо ў 2003 годзе выйшла новае выданне Новага Запавету. Цягам наступных гадоў вялася праца па рэдагаванні тэксту поўнай Бібліі, да якой былі прыцягнуты навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Таццяна Федасеева. У час іх працы тэкст Чарняўскага звяраўся з Новай Вульгатай, быў набліжаны да сінадальнага перакладу і пазбавіўся дыялектызмаў з гаворак Гродзеншчыны і Валожыншчыны, дзе Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся і пражыў значную частку жыцця[13].

Выданне поўнай Бібліі паводле тэксту Уладзіслава Чарняўскага адбылося ў пачатку 2012 года акадэмічным правапісам. Пераклад Біблейскага таварыства стаў першым беларускім выданнем, якое мае спасылкі на паралельныя месцы ў Бібліі і карты тагачасных дзяржаў і мясцін; тэкст у квадратных дужках, які, хоць і адсутнічае ў старажытных грэчаскіх рукапісах Новага Запавету, аднак утрымліваецца ў т. зв. «Тэкстах большасці»; у канцы дададзены невялічкі тлумачальны слоўнік паняццяў, якія могуць быць незразумелыя сучаснаму чытачу. Назвы, нумарацыя і размяшчэнне кніг Бібліі пададзеныя паводле заходняй традыцыі; нумарацыя псалмоў падвойная: у дужках падаецца нумар паводле Септуагінты[15]. Варыянт перакладу Біблейскага таварыства крытыкуе каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч, які таксама займаецца праблематыкай беларускіх перакладаў Бібліі. Хібамі выдання ён лічыць непаслядоўнасць транслітарацыі і перакладу ўласных імёнаў і геаграфічных назваў, а таксама пазбаўлення перакладу індывідуальнасці праз залішняе выкарыстанне літаратурнай лексікі (у адрозненне ад гутарковай мовы ксяндза Чарняўскага) і, як вынік, ускладнення чытання канчатковага варыянту тэксту[13].

Пераклад секцыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Пераклад кніг Новага Запавету быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў папярэдне (2002-05) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моў.

Пераклад Антонія Бокуна[правіць | правіць зыходнік]

Антоній Бокун, пастар мінскай хрысціянскай евангелічнай супольнасці «Ян Прадвеснік», у 2011 годзе пачаў працу па перакладзе Бібліі на беларускую мову з арыгінальных моў. У 2016 годзе выдаў пераклад Новага Запавету і Кнігі Прыповесцяў да 500-годдзя беларускай Бібліі. Астатнія кананічныя кнігі Старога Запавету былі перакладзены на працягу 2017—2023 гг., у 2023 г. выкладзеныя ў Інтэрнэт. У канцы 2023 года выйшла з друку Біблія ў перакладзе на беларускую мову.

Іншыя пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Варта згадаць пераклады архіепіскапа БАПЦ Мікалая (Мацукевіча) («Напрастольнае святое Евангелле» тарашкевіцай, Таронта, 1988), Яна Пятроўскага («Генезіс», 1984, «Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка», 1987, «Евангелле паводле Св. Яна», 1991), Міхася Міцкевіча, Анатоля Клышкі (Новы Запавет).

Праблемы розных перакладаў[правіць | правіць зыходнік]

  • розныя правапісы («станкевічанка»[11], «тарашкевіца», «наркамаўка»)
  • розныя варыянты назваў («Паводле Іоана Св. Евангелле», «Святое Дабравесце паводле Іаана», «Паводле Яна Св. Евангелле», «Святое Евангелле паводле Яна», «Евангеля паводле Яана», «Паводле Яна Святое Дабравесце», «Паводля Св. Яна Евангеле», «Еванелія паводля Св. Яна» і да т. п.[6])
  • розныя каноны («пратэстанцкія» пераклады Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі не змяшчаюць «другакананічных» кніг, якія ўваходзяць у праваслаўныя і каталіцкія каноны[6])

Зноскі

  1. а б Севярынец, П. Біблія // Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 520.
  2. а б в Родаў Г. Я.. З гісторыі перакладу Бібліі на ўсходнеславянскіх тэрыторыях. Ручнік Барыс Рыгоравіч. Праверана 12 красавіка 2012.(недаступная спасылка)
  3. а б в А. Аўдзяюк.. Архіўная копія(недаступная спасылка). Blogspot. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2019. Праверана 6 лістапада 2012.
  4. Булыка, А. М. Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — С. 210; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 120—121.
  5. Urbi et Orbi: Ірына Дубянецкая «1000 гадоў без Бібліі: беларускія біблейскія пераклады і eўрапейская цывілізацыя» (відэа) // methodology.by
  6. а б в Юлія Інышава.. Архіўная копія(недаступная спасылка). ЕўраБеларусь. Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2012. Праверана 6 лістапада 2012.
  7. Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. — ISBN 985-11-0108-7.
  8. а б Д. Ясько. «Новы Запавет» у беларускай мове // Бацькаўшчына, № 4, 30. 01. 1949 г. , с. 3.
  9. Ex. Pawodle Luki Sw. Ewangelle // «Przeglad Wilenski», 1926, № 20, s. 8.
  10. а б Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2016. Праверана 19 жніўня 2016.
  11. а б в Глеб Лабадзенка.. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2012. Праверана 6 лістапада 2012.
  12. Выйшаў новы пераклад Бібліі на беларускую мову. Радыё Рацыя. Праверана 12 красавіка 2012.(недаступная спасылка)
  13. а б в а. Сяргей Сурыновіч.. Біблія, што зачыніла стагоддзе…. LiveJournal. Праверана 29 лютага 2012.
  14. Сяргей Абламейка.. Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Уладзіслава Чарняўскага?. Радыё «Свабода». Праверана 26 красавіка 2012.
  15. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2012. Праверана 6 лістапада 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]