Плошча Якуба Коласа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Плошча Якуба Коласа (да 1956 — Камароўская) — плошча ў Першамайскім раёне Мінска, размешчана на скрыжаванні праспекта Незалежнасці з вуліцай Якуба Коласа. У цэнтры плошчы — помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу, справа і злева ад яго — скульптуры герояў яго твораў. Каля паловы плошчы займае сквер з фантанамі. Пад плошчай размешчана аднайменная станцыя метро.


Да плошчы прымыкаюць вуліцы Якуба Коласа, Чырвоная, Залатая Горка, Веры Харужай, Бульвар Мулявіна. З усходу паміж Праспектам Незалежнасці (Скарыны) і вул. Я. Коласа знаходзіцца былы будынак Універсітэта фізкультуры.

На поўначы — Мінскае вытворчае аб'яднанне вылічальнай тэхнікі і былы будынак Мінскага паліграфкамбіната імя Я. Коласа. На захадзе — жылы будынак, які змяшчае былое памяшканне кафэ «На ростанях». На бульвары Мулявіна на поўдні — Дзяржаўная філармонія, каля яе — крамы ЦУМ «Мінск», жылыя дамы з гастраномам «Радзівілаўскі», «Лянок», «Садавіна-гародніна» перабудаваная ва ўніверсам.

План плошчы Якуба Коласа

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Плошча Якуба Коласа размешчана на месцы гістарычнай Камароўкі — вёскі, якая дала назву Камароўскаму рынку. Першапачаткова плошча называлася Камароўскай.

Фарміраванне плошчы пачалося з рэканструкцыі так званых «Камароўскіх віл» на стыку былых Барысаўскага і Лагойскага трактаў і будаўніцтва інстытута фізкультуры ў 1936-1939 гг.. У сучасным выглядзе забудавана паводле праекта 1952 г. (арх. М. Баршч, Л. Аранаўскас і Л. Мацкевіч), дзе былі ўлічаны прапановы праектаў 1939 г. (арх. У. Мураўёў) і 1940 г. (арх. А. Клімаў).

У 1956 годзе плошча была названа ў гонар народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. З 1962 па 1972 гады на плошчы бліжэй да Універсітэта Фізкультуры стаяў помнік атаму. Помнік Якубу Коласу і героям яго твораў урачыста адкрыты 3 лістапада 1972 года ў дзень 90-годдзя Якуба Коласа на цэнтральнай частцы плошчы (Рэканструкцыя. Архітэктары Л. Левін, Ю. Градаў, Г. Заборскі[1]). Аўтар скульптурнай кампазіцыі — народны мастак Беларусі Заір Азгур.

У 1984 годзе была адкрыта станцыя метрапалітэна Плошча Якуба Коласа.

Зноскі

  1. Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]