Полацкае княства
Полацкае княства — усходнеславянская феадальная дзяржава з цэнтрам у горадзе Полацку.
| Гісторыя Беларусі |
|
|
·Старажытная Беларусь· |
|
Княства было ўтворана не пазней за 9 ст. вакол старажытнага племяннога аб'яднання крывічоў-палачан. У 10 ст. княства было ўжо вядомым у Еўропе дзяржаўным утварэннем са сваёй уласнай княжацкай дынастыяй, моцным войскам і развітымі гандлёвымі сувязямі з іншымі дзяржавамі. Адзначаюцца значныя для таго часу сацыяльныя і культурныя дасягненні, рад якіх высока ацэньваецца і ў наш час.[1] Займаючы важнае становішча на шляху «з вараг у грэкі», дзяржава мела высокі знешнепалітычны статус, у 11—13 ст. была адной з буйных дзяржаў Еўропы[2]. У пэўныя перыяды ў залежнасці ад Полацкай дзяржавы знаходзіліся княствы Віцебскае, Друцкае, Лукомльскае і іншыя.
Змест |
Тэрыторыя [правіць]
Княства ў час найбольшай магутнасці валодала землямі ў басейнах Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана, якія ў наш час адпавядаюць паўночным і ўсходнім землям Беларусі (Віцебская, паўночныя часткі Магілёўскай і Мінскай вобласцей), а таксама частцы тэрыторыі сучаснай Латвіі.
Гісторыя [правіць]
З паловы 10 ст. улада належыць дынастыі Рагвалодавічаў. Пад 980 ў летапісах упершыню ўзгадваецца першы князь Рагвалод. Кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч захапіў Полацк і ўзяў за жонку яго дачку Рагнеду, з якой звязана вядомая легенда. Потым Уладзімір аддаў Рагнедзе Полацкае княства як яе вотчыну. Яе сын Ізяслаў Уладзіміравіч быў пасаджаны спачатку ў Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), а затым, пераведзены ў Полацк. З 1001 (па іншых звестках, 1003) годзе полацкім князям стаў Брачыслаў Ізяславіч.
У 1044 полацкім князям стаў Усяслаў Брачыславіч (1044-1101). Пры ім Полацкае княства дасягнула свайго росквіту. У 11 ст. Полацк спаборнічаў з Кіевам і Ноўгарадам за тэрыторыі, да паловы стагоддзя адносна мірна (гл. дагавор Брачыслава з Яраславам Уладзіміравічам), пазней ва ўзброеным процістаянні (гл. паход Кіева на Полацк, 1067, паход Кіева на Полацк, 1071, паход Кіева на Полацк, 1077, паход Кіева на Полацк, 1084, кіеўскі палон Усяслава). У гэты час Полацк стаў асноўным супернікам Кіева, а ў 1066 Усяслаў нават захапіў Ноўгарад.
У 1067 пад Мінскам адбылася Нямігская бітва, у якой супраць Усяслава выступілі амаль усе князі Русі. Усяслаў быў пераможаны, і на Дняпры, ля датоку ў яго ракі Аршыцы (Ръши), быў узяты падманам у палон і адвезены ў Кіеў. У Полацку на сталец быў пасаджаны сын Ізяслава Мсціслаў, які неўзабаве памёр, і тады Ізяслаў пасадзіў у Полацк іншага свайго сына — Святаполка. 15 верасня 1068 ў Кіеве гараджане паднялі мяцеж супраць свайго князя Ізяслава. Гараджане вызвалілі Усяслава з турмы (поруба) і запрасілі яго на кіеўскае княжанне. Усяслаў стаў вялікім князям кіеўскім — de jure гаспадаром усёй Русі. Але ў 1069 Ізяслаў з войскам польскага князя Баляслава рушыў на Кіеў. Кіеўляне сабралі войска, але Усяслаў уцёк у Полацк. Хутка ён быў выгнаны з Полацка і знаходзіўся ў невядомым месцы, магчыма ў Водзі, бо на чале водскага войска ён хадзіў на Ноўгарад, але быў разбіты ў бітве на р. Гзені найгародцамі на чале з Глебам Святаславічам. Пасля гэтага Усяслаў на два гады знік з гістарычнай сцэны. Але ў 1071 ён нечакана з'явіўуся ля Полацка і выгнаў адтуль Святаполка і зноў пачаў княжыць у Полацкім княстве. Пасля гэтага хадзіў супраць Яраполка, але той каля Галацічаска разбіў полацкае войска. У 1078 Усяслаў напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімір Манамах, каб адпомсціць Усяславу, разарыў Лукомль, Лагойск і Друцк. У 1084/85 Уладзімір Манамах разам з качэўнікамі-полаўцамі захапіў Менск і забраў усё насельніцтва горада ў палон. Усяслаў Чарадзей памёр у 1101. У летапісах гэтай з'яве прысвечаны асобныя радкі: «…преставился Всеслав, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, в 9 часъ дне, в среду». Гэта сведчыць аб тым, якое значэнне надавалі Усяславу сучаснікі.
…
З умацаваннем у Прыбалтыцы ўлады нямецкіх ордэнаў Полацкае княства страціла свае прыбалтыйскія тэрыторыі, а пад сяр. 13 ст., пасля разгрому Русі манголамі, трапіла пад уплыў памацнелай Літвы і неўзабаве ўвайшло ў яе склад.
Зноскі
Літаратура [правіць]
- Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007. — 400 с. ISBN 978-985-441-621-2;
- Варонін В. Палачане: забытая памяць пра мора // ARCHE. 2009, № 4. С. 63-73;
- Богданов В. П., Рукавишников А. В. Взаимоотношения полоцких и смоленских князей в XII — первой трети XIII века // ВИ. № 10. 2002.
- Пятнов А. П. Полоцкая земля в последней четверти XII в. // Rossica Antiqua. 2010. Вып. 1. С. 135—138.
