Полацкі езуіцкі калегіум

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Полацкі езуіцкі калегіум — сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў у Полацку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Езуіцкі калегіум быў заснаваны ў 1580 (у 1581 П. Скаргам)[1]) г. як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў.

У гэтым жа годзе на востраве Заходняй Дзвіны быў пабудаваны будынак калегіума. У 1-й палове XVII ст. пасля пажару быў пабудаваны драўляны касцёл Святога Стафана і будынкі калегіума і вучылішча на новым месцы паміж Верхнім замкам і пасадам. У 1750 годзе быў пабудаваны мураваны 3-павярховы будынак[1].

Калегіум паступова развіваўся да 1772 г., калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі была далучана да Расійскай імперыі. У ліку далучаных да Расіі гарадоў быў і Полацк. Праз год пасля гэтай падзеі, гэта значыць у 1773 г., дзейнасць ордэна езуітаў была забаронена рашэннем папы рымскага. Аднак Кацярына II дадзенае рашэнне не падтрымала і на тэрыторыі імперыі езуіты працягнулі сваю дзейнасць. Полацк фактычна стаў іх сталіцай. Больш таго, з 1777 г. пры Полацкім калегіуме быў адкрыты адзіны ў тагачаснай Еўропе езуіцкі навіцыят (установа для падрыхтоўкі манахаў).

Пры калегіуме ствараўся і найбуйнейшы кнігазбор горада. Бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума стала адным з цэнтраў інтэлектуальнага жыцця Беларусі, была прадметам пастаяннага клопату полацкіх езуітаў. Пры калегіуме дзейнічала друкарня.

Ператварэнне ў акадэмію[правіць | правіць зыходнік]

У 1812 г. калегіум пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію навук і прыраўноўваецца да ўніверсітэта.

Касцёл і акадэмія езуітаў. Абмеры, 1828

Полацкая езуіцкая акадэмія была адзінаю вышэйшай навучальнай установаю на сучаснай тэрыторыі Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. На час забароны дзейнасці ордэна ў Расіі (1820) акадэмія налічвала 112 езуітаў.

Пасля закрыцця[правіць | правіць зыходнік]

У былым калегіуме з 1835 г. размясціўся Полацкі кадэцкі корпус. Да заходняга крыла галоўнага будынка далучаецца новая частка, узведзены дом дырэктара і 6 службовых будынкаў.

Разбурэнне[правіць | правіць зыходнік]

У 1944 г. пасля выгнання немцаў з Полацка, які часова зьўляўся абласным цэнтрам, у будынку былога калегіума размясціўся шэраг адміністрацыйных устаноў і шпіталь. Тут жа ў аварыйных умовах пражывала звыш ста сем'яў палачанаў. У другой палове 1950-ых гг. адбылася спроба аднавіць будынак і прыстасаваць яго пад Сувораўскую вучэльню, але безвынікова. Стан помніку, пакінутага без нагляду, працягваў пагаршацца. У Полацк зачасцілі рэспубліканскія і абласныя камісіі з Мінску і Віцебску. Апошняя з іх, узначаленая тагачасным намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР В. Г. Каменскімі і старшынёй Дзяржбуда БССР архітэктарам У. А. Каралём прыняла рашэнне аб «немэтазгоднасці і немагчымасці» аднаўлення комплексу. Будынкі былі зняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне «целевым назначением» з бюджэта вобласці было вылучана 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл Святога Стэфана і частка калегіума былі ўзарваны. Пасля разбурэння атрымалася каля 50 тысяч кубічных метраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада». «За добра выкананыя працы па абрушэнни будынку кадэцкага корпуса ў горадзе Полацку» ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакуманты па рэалізацыі гэтага акта вандалізма, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваны ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».

На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976—1979 гг. узведзены «прэстыжны» дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіума, схаванага за гэтай плоскай каробкай «з вушамі», захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Частковае аднаўленне будынкаў[правіць | правіць зыходнік]

Будынак былога калегіума

У 2005 годзе комплекс будынкаў былога калегіума быў рэканструяваны і перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Сучасны Полацкі ўніверсітэт імкнецца да пераемнасці з традыцыямі калегіума і акадэміі езуітаў.[2]

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Мураваны калегіум у Полацку лічыўся самым вялікім сярод кляштароў Беларусі. Да велічнага мураванага касцёла прылягалі драўляныя пабудовы. З 1750 г. на месцы знішчанага агнём манастыра ўзведзены мураваны. Высокія грунтовыя воды прымусілі прыняць спецыяльныя меры пры будаўніцтве: у аснаванне галоўнага будынка былі закладзены надземныя мураваныя вадасцёкі, якія дрэнавалі глебу, у сценах убудаваны вентыляцыйныя хады, склепы абсталяваны вадаспускамі.

Агромністы Е-падобны ў плане трохпавярховы калегіум займаў плошчу 7180 м2. Перад яго доўгім без выступаў фасад|фасадам адкрываўся цудоўны краявід: пад вокнамі, на тэрасе, утворанай схілам, умацаваным мураванай падпорнай сценкай, быў закладзены рэгулярны сад. Ніжэй цякла паўнаводная Дзвіна, за ёй ляжала зарэчная, больш нізкая частка Полацка і далей — роўныя палі і лясы. У бок сада быў арыентаваны парадны ўваход у калегіум. Вестыбюль злучаўся з вялікай параднай (летняй) сталоўкай, што знаходзілася ў сярэднім выступе калегіума. Выступ дасягаў па вышыні іншыя трохпавярховыя часткі калегіума. Падлога ў сталоўцы драўляная толькі каля сцен, пасярэдзіне была з кафляў і з ацяпляльнымі каналамі. На сценах віселі карціны, амбон направа ад увахода быў апрацаваны стукам. Да сталоўкі прылягала аднапавярховая кухня. Над ёй знаходзіўся музей з бібліятэкай, што ў разбяных шафах з пазалочанымі бюстамі змяшчала больш 23 тысяч тамоў. Астатнія памяшканні падзяляліся мураванымі сценамі. Зносіны ажыццяўляліся па калідору, што агінаў увесь будынак. Перакрыцці ўсіх паверхаў — скляпеністыя. Дах крыты дахоўкай. Пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі пракладзены ацяпляльныя каналы. Каміны і печы амаль не ўжываліся.

Паралельна падоўжнай восі касцёла, з поўдня, праз вуліцу будуецца трохпавярховы, без склепаў, корпус, скончаны да 1778 г. На першым паверсе знаходзілася друкарня з кнігарняй, на другім — вучэльня, на трэцім — тэатр з прыбіральнямі для акцёраў. У сувязі з узрослай колькасцю вучняў з паўночнага боку прыбудоўваецца двухпавярховы канвікт (інтэрнат), павернуты ў плане пад прамым вуглом ад касцёла да пабудаванага раней галоўнага будынка.

У 1780 г. у Полацк прыязджае Кацярына II. Да гэтай падзеі адбудоўваюцца ў цэгле ўсе адна- і двухпавярховыя будынкі гаспадарчага двара. Яны размяшчаюцца ўздоўж рова Ніжняга замка, паварочваюць на поўдзень і завяршаюцца двухпавярховым флігель|флігелем з брамай, што вядзе на мост да Верхняга замка. Каля гэтага флігеля стаяў будынак аптэкі з лабараторыяй і сушыльняй (на гарышчы) для траў. У склепах аптэкі знаходзіўся калодзеж, злучаны сістэмай водаправодных труб з усімі маючымі патрэбу ў вадзе вытворчымі памяшканнямі і іншымі манастырскімі калодзежамі. Акрамя лямусаў, стаен, рамізніцкай, пякарні, вяндлярні, бровара тут працавалі майстэрні (слясарная, такарная, сталярная і г. д.), а таксама суконная фабрыка.

У 1785 г. у Полацк прыязджае архітэктар і матэматык Габрыэль Грубер, у далейшым кіраўнік ордэна. Тэатральны і галоўны карпусы злучаюцца ўзведзеным па яго ініцыятыве корпусам, у якім размяшчаюцца аздобленыя фрэскамі карцінная галерэя, музей, хімічная лабараторыя, абсерваторыя і кабінеты (архітэктурны, фізічны, прыродна-гістарычны, мінералагічны, этнаграфічны і інш.). Побач з гэтым корпусам зрабілі цэнтральны ўваход у калегіум. Апошнімі пабудовамі езуітаў у канцы XVIII ст. сталі два флігелі на поўдзень ад аптэкі: бурса (у 1797 г. на 24 чалавекі) і багадзельня.

Калегіум і канвікт расчляняліся звонку тасканскімі пілястрамі, пастаўленымі ў прасценках, — гэта скупы, але выразны дэкор, асабліва для будынка, што глядзіцца з далёкіх кропак. Падобны дэкор мелі грамадзянскія збудаванні ў другой палове XVII ст. і шматлікія манастырскія пабудовы XVIII ст. Пабудаваныя пасля 1773 г. на поўдзень ад касцёла трохпавярховыя карпусы аздабляліся прыгожымі ордэн іанічнымі пілястрамі, а вокны атрымалі абрамленні з трохкутнымі франтонамі.

У адрозненні ад аддаленых у глыбіню тэрыторыі калегіумаў XVII ст. тут пабудовы павернуты не толькі да галоўнай плошчы горада, як у калегіумах XVIII ст., але і ядро калегіума — галоўны корпус — мае план, канфігурацыя якога вынікае з патрэбы стварыць грандыёзны, працяглы, адкрыты пейзажу фасад. Падобныя прынцыпы планіроўкі можна знайсці ў шэрагу манастыроў XVIII ст. іншых ордэнаў.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Калегіум ствараўся як сярэдняя навучальная ўстанова класічнага, пераважна філалагічнага тыпу. Ён быў створаны па ініцыятыве вядомага езуіта-прапаведніка Пятра Скаргі, які меў на мэце выхаванне навучэнцаў у духу адданасці каталіцызму і справе ордэна езуітаў. У пяці класах калегіума выкладалася лацінская і грэчаская мовы, рыторыка і паэтыка, антычная літаратура і Святое Пісанне. У перыяд Рэчы Паспалітай выкладанне вялося на польскай мове, пасля яе падзелу — уведзена руская мова. У адпаведнасці з гнуткай ідэалагічнай стратэгіяй езуітаў, яны імкнуліся спалучаць схаластычную багаслоўскую адукацыю з гуманістычнай свецкай культурай.

У 1620-ых гг. лекцыі па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі ў калегіуме чытаў паэт і мысляр М. К. Сарбеўскі. У 1797 г. у калегіуме навучалася 336 студэнтаў і 31 малады манах, якія рыхтаваліся стаць прафесарамі. Выкладаннем займаліся 24 прафесары.

У 1811 г. бібліятэка налічвала больш 40 тысяч тамоў і з'яўлялася найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Аснову кніжнага фонду складалі выданні XVI—XVIII стст. на польскай, лацінскай, французскай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная ў Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні акадэміі. Сярод іх падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, слоўнікі, творы пісьменнікаў Я. Каханоўскага, П. Скаргі, М. Карыцкага, Н. Мусніцкага, А. Нарушэвіча і іншых. У бібліятэцы зберагаліся таксама і старажытныя рукапісы, каралеўскія граматы і іншыя дакуманты, дысертацыі, энцыклапедычныя выданні і дапаможнікі па асобных дысцыплінах.

Выбітныя выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

Выкладчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  2. http://www.psu.by/index.php/universitet.html

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Возникновение и становление архитектурного ансамбля Полоцкого коллегиума иезуитов в 1579–1830 гадах / В. И. Матвейчук, Е. М. Орфанова // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета. — 2008. — Вып. 8. — С. 6—8. (3ОК13118)(руск.) 
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).
  • Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]