Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (2008)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі — збор правіл беларускай мовы, зацверджаных Законам «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 года (увайшоў у сілу 1 верасня 2010 года)[1][2][3]. Да гэтага апошні раз правілы беларускага правапісу афіцыйна зацвярджаліся пастановаю Савета міністраў БССР у 1957 годзе[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Папярэдняя рэдакцыя правіл беларускай арфаграфіі дзейнічала ў Беларусі з 1959 года.

У 1993 годзе была створана дзяржаўная камісія па ўдакладненню правіл беларускай мовы. Камісія падрыхтавала «Высновы па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» і апублікавала іх у верасні 1994 года. Было прызнана, што дзейныя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах ужытку і не патрабуюць кардынальных змен[5]. У другой палавіне 1990-х гадоў праблемаю ўдакладнення правіл займаўся калектыў навукоўцаў-філолагаў Акадэміі навук на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным (1935—2005), які займаўся пытаннем з 1960-х гадоў. У 2003 годзе закончаны праект новых правіл быў перададзены на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта і затым стаў асноваю новага закона.

У 2008 годзе Закон «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў прыняты парламентам краіны[3].

Асноўны змены[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя адрозненні ў правілах беларускай мовы 2008 года ад правіл 1957 года[6][7][8][9]:

  • Пашыраны прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання (напрыклад, «адажыа», «трыа», «сальфеджыа» замест напісання гэтых слоў з «о» на канцы, «Токіа» замест «Токіо» і інш.).
  • У словах іншамоўнага паходжання, акрамя імён уласных, канцы асноў -эр і -эль замяняюцца на -ар і -аль (напрыклад, «камп’ютар» замест «камп’ютэр», «пэйджар» замест «пэйджэр»)
  • Напісанне літары «я» замест «е» ў словах «дзявяты», «дзясяты», «сямнаццаць» і «васямнаццаць» (да ўвядзення новых правіл пісалі «дзевяты», «дзесяты», «семнаццаць» і «васемнаццаць»)
  • Напісанне літары «а» замест «о» ў складанаскарочаных словах, напрыклад «гаркам» замест «гарком», «газпрам» замест «газпром» і г. д.
  • Пашырэнне напісання «э» замест «е» ў адпаведнасці з фанетычным прынцыпам (напрыклад, «экзэмпляр» замест «экземпляр», «тунэль» замест «тунель» і інш.
  • Уніфікацыя напісання прыметнікаў на «-скі», утвораных ад уласных імён, усе яны пішуцца без змякчэння (напрыклад, калі паводле старых правіл пісалася «чаньчуньскі» і «цяньшаньскі» з мяккім знакам перад «-ск», а «любанскі» і «астраханскі» — без мяккага знака, то па новых правілах усе яны пішуцца без мяккага знака)
  • Пашырэнне напісання «у нескладовага» («ў») на словы іншамоўнага паходжання (напрыклад «па ўніверсітэце» замест «па універсітэце», «гэта ўнікальная распрацоўка» замест «гэта унікальная распрацоўка»)
  • Упарадкаванне напісання вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, тытулаў, званняў, пасад. З вялікае літары пішуцца «Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь», «Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», «Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі» і інш.
  • Напісанне з вялікае літары імён божастваў і вытворных ад іх, а таксама падобных па сэнсу слоў («Бог», «Яхве», «Усявышні», «Уладыка Нябесны», «Святая Тройца»)
  • Напісанне літары «ё» замест спалучэння літар «йо» ў пачатку і сярэдзіне іншамоўных слоў (напрыклад, Нью-Ёрк замест Нью-Йорк).
  • Спрашчэнне правіл пераносу (пры збегу зычных унутры слова, пераносіць можна ў любым месцы: правілы 1959 года дапускалі перанос «ся-стра», «сяс-тра» і «сяст-ра», але толькі «рас-крыць», «двац-цаць», «сол-лю»; правілы 2008 года таксама дапускаюць перанос «ра-скрыць», «раск-рыць», «два-ццаць», «со-ллю»).

Законам быў устаноўлены двухгадовы перыяд, на працягу якога старыя і новыя правілы ўжываліся паралельна, але ўжо ў верасні 2010 года адбыўся канчатковы пераход на новыя правілы.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]