Прасцейшыя
| Прасцейшыя | ||||||||
Leishmania donovani у клетцы костнага мозга |
||||||||
| Навуковая класіфікацыя | ||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Міжнародная навуковая назва | ||||||||
| Даччыныя таксоны | ||||||||
|
||||||||
Прасцейшыя (Protozoa) — падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл.
Вядома дзесяткі тысяч відаў. Падзяляюца на 5 (па іншых класіфікацыях да 9) тыпаў:
- саркамастыгафоры
- апікомплексы
- міксаспарыдыі
- мікраспарыдыі
- інфузорыі
Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некаторых буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш. арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кап'югацыя, капуляцыя). Многія прасцейшыя пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты.
З'яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Некаторыя паразітычныя прасцейшыя выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфізічных, генетычных, цыталагічных і іншых даследаваннях. Прасцейшыя — важная састаўная частка кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў.
Вывучае прасцейшых — протазаалогія.