Пропаліс
Пропаліс (грэч. πρόπολις); пчаліны клей — прадукт апрацоўкі пчоламі смалістых рэчываў, якія яны збіраюць з пупышак, лісця, галінак, кары лісцевых і хвойных дрэў, кустоў, траў і дастаюць з абалонкі зерняў пылку.
Мае зеленаваты або карычневы колер, часам з чырванаватым або жаўтаватым адценнем. У пропалісе 50—55% раслінных смол, каля 30% воску, каля 10% эфірных алеяў. Акрамя гэтага, у яго састаў уваходзяць розныя мікраэлементы. Пчолы выкарыстоўваюць пропаліс для абсталявання гнязда, падтрымання ў ім належных санітарных умоў, рэгулявання вентыляцыі, памяншэння лятка, замуроўвання шчылін.
Асноўная якасць пропалісу — яго высокае антымікробнае дзеянне. Таму ён выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння скурных, туберкулёзных захворванняў і захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, грыбковых і запаленчых захворванняў слізістай абалонкі рота і інш. Працяглае захоўванне пропалісу нязначна змяняе яго хімічны састаў, не парушаючы антымікробных уласцівасцей.
Пропаліс здабываюць, саскрабаючы яго са сценак вулляў, брускоў рамак, сталяніц, анучы. Захоўваюць у цёмным памяшканні.
Літаратура [правіць]
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара. - Мн.: БелЭн, 1993.