Прыслоўе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Прыслоўе — часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцей предмета ў адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка), назоўніка, а таксама і да іншага прыслоўя. Не скланяецца, не спрагаецца, не мае марфалагічных катэгорый роду, ліку, склону, часу, трывання, ладу і інш. Аднак у вялікай групы прыслоўяў, якія адносяцца да разраду якасных, адзначаюцца ступені параўнання і формы суб'ектыўнай ацэнкі, чым выражаецца розная ступень якасці ці ўласцівасці пэўнай прыкметы, што праяўляецца марфалагічна ў формах вышэйшай, найвышэйшай ступеней параўнання.

Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на невытворныя і вытворныя.

Прыслоўі, якія непасрэдна абазначаюць прыкметы, адносяцца да знамянальных, а якія толькі ўказваюць на іх — да займеннікавых.

Граматычная транспазіцыя прыслоўяў праяўляецца ў тым, што яны даволі шырока могуць выкарыстоўвацца ў значэнні іншых часцін мовы: назоўнікаў, прыназоўнікаў, часціц, мадальных слоў, злучнікаў, прэдыкатываў. Семантычная транспазіцыя праяўляецца ў выкарыстанні слоў адных тэматычных груп у значэнні іншых, напрыклад, прыслоўі месца могуць ужывацца ў значэнні прыслоўяў часу. Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў: назоўнікаў, займеннікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, іншых прыслоўяў, а таксама незнамянальных слоў. У ролі прыслоўяў выкарыстоўваюцца фразеалагізмы, службовыя часціны мовы ў пэўных кантэкстах, а таксама неспрагальныя дзеяслоўныя формы.

Разрады прыслоўяў паводле значэння[правіць | правіць зыходнік]

Якасныя прыслоўі ўтвараюцца ад якасных прыметнікаў і паводле значэння суадносяцца з імі, абазначаюць якасць дзеяння, стану ці прыметы, адказваюць на пытанне як?, адносяцца да дзеясловаў, прыметнікаў, прыслоўяў ці слоў катэгорыі стану і выконваюць ролю акалічнасці спосабу дзеяння.

Колькасныя прыслоўі адказваюць на пытанні колькі? як многа? да якой ступені? і абазначаюць колькасць дзеяння, ступень інтэнсіўнасці або яго мяжу, меру якасці, адносяцца да дзеясловаў, прыметнікаў ці якасных прыслоўяў, выконваюць у сказе сінтаксічную функцыю акалічнасці меры і ступені.

Акалічнасныя прыслоўі паказваюць на розныя акалічнасці, пры якіх адбываецца дзеянне. Да іх адносяцца прыслоўі са значэннем месца, часу, прычыны і мэты.

  • Прыслоўі месца паказваюць на месца, дзе адбываецца дзеянне, куды ці адкуль яно скіравана, да якой мяжы адбываецца, і адказваюць на пытанні дзе? куды? адкуль?
  • Прыслоўі часу ўказваюць на час, калі адбываецца дзеянне, і адказваюць на пытанні калі? з якога часу? да якога часу? як доўга? Часта прыслоўі часу і месца выражаюцца аднолькавымі словамі.
  • Прыслоўі прычыны абазначаюць прычыну, падставу дзеяння і адказваюць на пытанні чаму? па якой прычыне?
  • Прыслоўі мэты паказваюць, для чаго, з якой мэтай адбываецца дзеянне, і адказваюць на пытанні нашто? для (дзеля) чаго? з якой мэтай?

Усе акалічнасныя прыслоўі звычайна адносяцца да дзеясловаў і выконваюць ролю адпаведных акалічнасцей.

Азначальныя прыслоўі характарызуюць якасць дзеяння, спосаб яго ажыццяўлення, інтэнсіўнасць выяўлення прыметы. Сярод іх выдзяляюць некалькі семантычных груп:

  • якасныя,
  • колькасныя,
  • спосабу дзеяння,
  • параўнання,
  • сумеснасці.
Прыслоўі спосабу дзеяння не толькі характарызуюць дзеянне, але і ўказваюць на характар ці спосаб яго ўтварэння; адказваюць на пытанні як? якім чынам? якім спосабам?
У прыслоўях параўнання якасная характарыстыка дзеяння даецца шляхам параўнання ці прыпадабнення, ўтвараюцца ці ад прыметнікаў з прыназоўнікам па-, ці ад назоўнікаў у творным склоне.
Прыслоўі са значэннем сумеснасці якасную характарыстыку дзеяння спалучаюць з указаннем на сумеснасць, адказваюць на пытанні як? якім чынам?, адносяцца да дзеясловаў і ў сказе выконваюць ролю акалічнасці спосабу дзеяння.

Ступені параўнання якасных прыслоўяў[правіць | правіць зыходнік]

Якасныя прыслоўі, утвораныя ад якасных прыметнікаў, маюць дзве ступені параўнання — вышэйшую і найвышэйшую. Ступені параўнання прыслоўяў маюць дзве формы — простую (сінтэтычную) і складаную (аналітычную).

  • Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай суфікса -ей (-эй, -ай), які далучаецца да ўтваральнай асновы прыслоўя.
  • Складаная форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай слоў болей (больш), меней (менш), якія далучаюцца да якасных прыслоўяў.
  • Простая форма найвышэйшай ступені параўнання прыслоўяў утвараецца далучэннем прыстаўкі най- да формы вышэйшай ступені.
  • Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай слоў найбольш, найменш, якія далучаюцца да прыслоўяў.