Прычарнаморская нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прычарнаморская нізіна адзначана колерам

Прычарнаморская нізіна — нізіна на поўдні Украіны, якая з'яўляецца часткай Усходне-Еўрапейскай раўніны.

Размяшчаецца паміж дэльтай Дуная на захадзе і ракой Кальміус на ўсходзе, у Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Запарожскай абласцях і ў Крыме. На захадзе пераходзіць у схілы Цэнтральнамалдаўскага ўзвышша, на паўночным захадзе — у Падольскае ўзвышша, на поўначы — у Прыдняпроўскае ўзвышша, на паўночным усходзе мяжуе з Прыдняпроўскай нізінай, на поўдні ўступам вышынёй да 40 м абрываецца да Чорнага і Азоўскага мораў. На Крымскім паўвостраве паўднёвая мяжа праходзіць уздоўж знешняга пояса Крымскіх гор. Цягнецца дугападобнай паласой шырынёю 120-150 км з захаду на ўсход амаль на 600 км.

У геаструктурных адносінах звязана з Прычарнаморскай упадзінай, якая прымеркавана да шоўнай зоны платформ. У будове зямной кары выдзяляюць крышталічны фундамент і асадкавы чахол магутнасцю да 300-400 м на поўначы і 5000-8000 м на поўдні, які складзены палеагенавымі і неагенавымі марскімі адкладамі (вапнякі, пяскі, гліны), перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі.

Пашыраны пластова-акумулятыўныя і пластова-дэнудацыйныя нізінныя раўніны. Вышыні ад -5 (паблізу Куяльніцкага лімана), у сярэднім 90-150 м. На паўночным захадзе адзнакі рэльефу дасягаюць 210-240 м, памяншаюцца ў напрамку на поўдзень і ўсход. Рэльеф паўночнай часткі ў пэўнай ступені звязаны з блокамі і разломамі крышталічнага фундамента, што абумоўлівае канфігурацыю гідраграфічнай сеткі. Нізкія раўніны перасечаныя шырокімі (з серыяй тэрас) далінамі рэк Дняпра, Паўднёвага Буга, Днестра і інш. Водападзелы плоскія, для іх характэрны западзіны-поды. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі.

Ярусная будова рэльефу абумоўлена асаблівасцямі тэктонікі і марскімі трансгрэсіямі. Неатэктанічныя рухі характарызуюцца пераважна падняццем тэрыторыі. У пліяцэне-антрапагене ўтварылася серыя марскіх раўнін і тэрас. Вышэй выдзяляюць 2-3 акумулятыўна-дэнудацыйныя паверхні выраўноўвання. Рачныя даліны пераважна субмерыдыянальнага напрамку, колькасць тэрас у іх неаднолькавая. Блізка ад мора размешчаны шэраг глыбокіх ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос, якія ўдаюцца ў мора.

Сетка яроў і балак звязана з участкамі блокаў, якія падымаюцца (паўночна-заходняя частка), правых крутых схілаў далін і марскога ўзбярэжжа. Трапляюцца так званыя стэпавыя балкі на міжрэччах даўжынёй да 60 км і глыбінёй да 70 м. Пашыраны карставыя і суфазійна-прасадачныя формы рэльефу.

Пераважаюць стэпавыя ландшафты з паўднёвымі чарназёмамі і цёмна-каштанавымі глебамі, якія характарызуюцца дэфіцытам увільгатнення з паўднёвымі маламагутнымі чарназёмамі і каштанавымі глебамі, часта саланцаватымі. Большая частка стэпаў разарана і выкарыстоўваецца як сельскагаспадарчыя землі. Развіваецца арашальнае земляробства, садоўніцтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]