Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, 2010

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2010 года — чацвертыя прэзідэнцкія выбары з часу атрымання незалежнасці ў 1991 годзе. Адбыліся 19 снежня 2010 года. Дата правядзення была абрана 14 верасня на сесіі Палаты прадстаўнікоў 108 дэпутатамі адзінагалосна[1].

У выбарах удзельнічала найбольшая колькасць кандыдатаў за ўсю іхную гісторыю: дзесяць чалавек. Паводле афіцыйных звестак, перамогу ў першым туры атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

Перадвыбарчае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Выбары адбыліся паводле двойчы змененай пасродкам рэферэндумаў Канстытуцыі 1994 года. У выніку першага ў 1996 годзе адбылося пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта і ператварэнне парламента ў дзвюхпалатны. У выніку другога ў 2004-ым знялі абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Ад часу ўвядзення ў 1994 годзе пасаду прэзідэнта Беларусі займаў Аляксандр Лукашэнка. Лад прэзідэнцкай рэспублікі даваў яму права на:

  1. роспуск абедзвюх палат парламента;
  2. выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона;
  3. прызначнне 6 з 12 суддзяў, уключна са старшынёй, і здыманне ўсіх суддзяў Канстытуцыйнага суда;
  4. прызначэнне і здыманне ўсіх суддзяў астатніх судоў Беларусі, у тым ліку Вярхоўнага[2].

Большасць з 15 ўлічаных партый падтрымлівалі Лукашэнку. Апазіцыя дзейнаму прэзідэнту не мела ніводнага прадстаўніка ў складзе абедзвюх палат парламент. Свабода сходаў і выказ меркаванняў абмяжоўваліся ўжо больш за дзесяцігоддзе. Урад таксама абмяжоўваў дзейнасць апазіцыйных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь касавала ўлік грамадскіх аб'яднанняў, што не адпавядалі патрабаванню артыкула 272 Грамадзянскага кодэксу аб наяўнасці юрыдычнага адрасу ў нежылым будынку. Артыкул 193 Крымінальнага кодэксу (КК) прадугледжваў зняволенне да 2 год за ўдзел у мерапрыемствах няўлічаных грамадскіх рухаў[3].

Прававыя ўмовы[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнт абіраўся на 5 год. Для правядзення правамоцных выбараў у адзін тур патрабаваўся ўдзел 50% уключаных у спісы выбаршчыкаў і набор адным з вылучэнцаў больш, як паловы пададзеных галасоў. Унесеныя 4 студзеня 2010 года ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) папраўкі прадугледжвалі:

  1. паведамленне вылучэнцамі аб ладжанні сходаў за 2 дні да правядзення;
  2. перадачу абмеркаванняў між вылучэнцамі праз урадавыя сродкі масавай інфармацыі;
  3. стварэнне прыватных перадвыбарных фондаў;
  4. складанне пратаколу па сканчэнні кожнага з 5 дзён датэрміновага галасавання;
  5. прынамсі 30% месцаў ва ўчастковых (УВК) і тэрытарыяльных выбарчых камісіях (ТВК) для прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў;
  6. аспрэчанне пастановаў УВК і ТВК у судзе адпаведнага ўзроўню[4].

Артыкул 4 ВК пазбаўляў права голасу і выбрання асоб у дасудовым зняволенні. Паводле артыкула 60 ВК раней судзімым грамадзянам забаранялася вылучацца ў прэзідэнты. УВК не абавязваліся падлічваць галасы ўслых і паказваць бюлетэні назіральнікам. ВК не вымагаў выдання папярэдніх і канчатковых вынікаў выбараў з разбіўкаю да ўчасткаў[5].

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Запрашэнне на выбары

Выбары ладзілі выбарчыя камісіі: цэнтральная (ЦВК), 155 тэрытарыяльных і 6390 участковых. 45 выбарчых участкаў працавала пры дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой.

ЦВК працавала на сталай аснове і складалася з 12 асоб, першую палову з якіх прызначыў Лукашэнка, другую — ускосна абіраемы Савет Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў камісіі складаў 5 гадоў і ў тагачасным складзе сканчаўся ў 2012 годзе, аднак прэзідэнт мог распусціць яе датэрмінова. На пасяджэнні 9 лістапада ЦВК выказала падтрымку дзейнаму прэзідэнту і падчас выбараў бараніла яго зацікаўленасці[6]. Кожнаму ўлічанаму вылучэнцу далі права прызначыць свайго прадстаўніка з дарадчым голасам для ўдзелу ў пасяджэннях ЦВК. Ім дазвалялася знаёміцца з дакументамі камісіі. Пастановы аб тэхнічных баках падрыхтоўкі выбараў на сайце ЦВК не публікаваліся.

Пры прызначэнні складу ТВК мясцовыя ўлады вылучылі:

  1. 44% месцаў прадстаўнікам грамадскіх аб'яднанняў;
  2. 6% — прадстаўнікам партый.

З 781 вылучэнца ад пралукашэнкаўскіх згуртаванняў у склад ТВК дапусцілі 729 (93%). З 72 апазіцыйных — 14 (20%), якія склалі 0,7% ад агульнай колькасці членаў ТВК. Чыноўнікі складалі большасць у ТВК і кіравалі іх працаю. З 25 492 вылучэнцаў ад пралукашэнкаўскіх згуртаванняў у склад УВК дапусцілі 23 689 (93%). З 1073 вылучэнцаў ад апазіцыйных — 183 (17%), якія склалі 0,26% ад агульнай колькасці членаў УВК[4].

Улік выбаршчыкаў[правіць | правіць зыходнік]

Зводнага спісу выбаршчыкаў на ўзроўні вышэйшым за ўчастак не існавала, як і папярэджання шматразовых уліку выбаршчыкаў і галасавання. УВК выдалі спісы выбаршчыкаў 3 снежня, аднак з улікам перапісу 2009 года ў спісы не ўнеслі 300 тысяч выбаршчыкаў[7].

Улік вылучэнцаў[правіць | правіць зыходнік]

Правам вылучэння на пасаду прэзідэнта валодалі старэйшыя за 35 гадоў грамадзяне, якія стала пражывалі ў краіне прынамсі 10 гадоў перад выбарамі. Вылучэнне праводзілася ініцыятыўнымі групамі колькасцю не менш як у 100 выбаршчыкаў шляхам збору 100 тысяч подпісаў. Партыям не дазвалялася мець вылучэнцаў. ТВК не дазвалялі назірання за праверкаю сапраўднасці пададзеных за вылучэнцаў подпісаў, якую праводзілі цягам 10 дзён. Кіраўнікі ўрадавых устаноў змушалі падначаленых падпісвацца ў падтрымку Лукашэнкі і пагражалі звальненнем за збор подпісаў за іншых вылучэнцаў[7]. ЦВК адмовіла ва ўліку Уладзіміру Правальскаму на падставе колькасці несапраўдных подпісаў. 18 лістапада ўлік прайшлі 10 вылучэнцаў.

Прэтэндэнт Пасада Ініцыятыўная група Подпісы за вылучэнне, тыс.
Колькасць, чал.[8] Кіраўнік Здадзена[9] Прынята[10]
Дзмітрый Вус[11] Дырэктар ТДА «Трывіюм» 1354 Уладзімір Калганаў[8] 110 753 104 102
Рыгор Кастусёў Намеснік генеральнага дырэктара ТАА «Асвейская будаўнічая кампанія» 1306 Аляксей Янукевіч[8] 107 083 100 870
Аляксандр Лукашэнка Прэзідэнт Беларусі 8403 Аляксандр Радзькоў[8] 1 113 014 1 110 149
Алесь Міхалевіч Юрысконсульт ПУП «Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Міхалевіча» 1795 Юрый Меляшкевіч[12] 120 531 111 699
Уладзімір Някляеў Выканаўчы дырэктар грамадскага аб'яднання «Клопат» 3271 Андрэй Дзмітрыеў[8] 193 829 180 073
Яраслаў Раманчук Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» 1461 Анатоль Паўлаў[8] 128 699 123 206
Віталь Рымашэўскі Намеснік старшыні РГА «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва» 1700 Павел Севярынец[13] 105 318 102 817
Андрэй Саннікаў Палітычны аглядальнік газеты «Народная Воля» 2003 Уладзімір Кобец[14] 150 168 142 023
Мікалай Статкевіч Пенсіянер 1547 Мікалай Статкевіч[15] 117 989 111 159
Віктар Цярэшчанка Старшыня Савету Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва 1301 Уладзімір Гурын[16] 122 520 109 012
Выбылыя ўдзельнікі
Прэтэндэнт Ініцыятыўная група Падстава
Колькасць, чал. Кіраўнік
Пётр Барысаў 110 Святлана Супрун Адмовіўся ад удзелу ў выбарах на карысць Віталя Рымашэўскага[17]
Сяргей Гайдукевіч 10 443 Анатоль Хішчанка Адмовіўся ад удзелу ў выбарах[18]
Юрый Глушакоў 244 Дзмітрый Кучук
Ілья Дабратвор 1 Ілья Дабратвор Недастатковая колькасць членаў ініцыятыўнай групы; узрост < 35 гадоў[19]
Сяргей Іваноў 129 Кацярына Целеш Не здаваў подпісы[20]
Іван Кулікоў 107 Валерый Лемешаў Не здаваў подпісы[20]
Уладзімір Правальскі 187 Алег Правальскі
Сяргей Рыжоў 123 Данііл Гітцовіч Адмовіўся ад удзелу ў выбарах[21]
Наталля Старыкава 30 Сяргей Кротаў Недастатковая колькасць членаў ініцыятыўнай групы[19]

Перадвыбарчае агітаванне[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Статкевіч

Усе вылучэнцы ладзілі сходы, сустрэчы з выбаршчыкамі і абходы дамоў. Кастусёў, Някляеў, Раманчук, Саннікаў і Статкевіч сутыкаліся з адмовамі друкарняў прымаць замовы на выданне ўлётак па прычыне ціску з боку Камітэту дзяржаўнае бяспекі. Агітавальнікі за Някляева, Раманчука, Рымашэўскага і Саннікава падвяргаліся пераследу з боку міліцыі. 24 лістапада ў Мінску падчас распаўсюджвання ўлётак быў збіты агітавальнік Саннікава. 8 снежня міліцыя канфіскавала ўлёткі Статкевіча. Цягам агітавання ЦВК вынесла папярэджанні Рымашэўскаму і Статкевічу, Генеральная пракутарура — Някляеву, Саннікаву, Раманчуку, Рымашэўскаму і Статкевічу[22]. Найбольш агітацыйных мерапрыемстваў правялі Някляеў і Саннікаў.

Асноўным перадвыбарчым мерапрыемствам стаў 4-ы Усебеларускі народны сход з удзелам Лукашэнкі. Яго дэлегаты атрымалі за ўдзел бытавую тэхніку. Па-за сталіцаю агітаванне за Лукашэнку праводзілася аб'яднаннем «Белая Русь», што выкарыстоўвала будынкі мясцовых органаў улады ў якасці выбарчых штабоў. Супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта ўваходзілі ў склад мясцовых агітавальных камандаў Лукашэнкі. Кіраўнікі ідэалагічных аддзелаў урадавых прадпрыемстваў у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях схілялі супрацоўнікаў да наведвання агітацыйных мерапрыемстваў Лукашэнкі ў абмен на аплачаны непрацоўны час, як і да датэрміновага галасавання за яго[4].

Значныя сродкі ў свае перадвыбарчыя фонды ад грамадзян і юрыдычных асоб прыцягнулі Лукашэнка, Някляеў і Саннікаў. Кожны вылучэнец таксама атрымаў на друк улётак па 2300 «базавых адзінак» грошай (80,5 млн рублёў[23]; каля 19 500 еўра). Артыкул 48 ВК абмяжоўваў асабістыя выдаткі вылучэнцаў на перадвыбарчыя мерапрыемствы 50 «базавымі адзінкамі» (прыблізна 420€), паступленні ад грамадзян — 10-цю (прыблізна 85€), ад юрыдычных асоб — 30-цю (прыблізна 255€). Выдаткі вылучэнца са сродкаў асабістага перадвыбарчага фонду не маглі перавышаць 3000 «базавых адзінак» (103 мільёны рублёў[24]; прыблізна 25 300 €)[5].

Вылучэнец Падтрымка ў кастрычніку[25]
Вус 1,9%
Кастусёў 2,8%
Лукашэнка 48,2%
Міхалевіч 6,4%
Някляеў 16,8%
Раманчук 6,1%
Рымашэўскі 4%
Саннікаў 8,6%
Статкевіч 5,8%
Цярэшчанка 2,5%

Вяшчанне[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Някляеў

У краіне дзейнічала 77 тэлевізійных станцыяў, 9 інфармацыйных агенцваў і больш за 1300 друкаваных выданняў. Аднак дзяржава кіравала агульнакраёвымі вяшчальнымі прадпрыемствамі і сеткамі распаўсюджванню друкаваных выданняў. Закон аб СМІ, што набыў моц у лютым 2009 года, абмяжоўваў правы на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне інфармацыі. Артыкулы 367 і 368 КК прадугледжвалі зняволенне да 5 год за паклёп, зняслаўленне і абразу кіраўніка дзяржавы. Рашэнне ЦВК №82 ад 14 кастрычніка 2010 года аб асвятленні выбараў СМІ надавала вылучэнцам па гадзіне бясплатнага этэрнага часу і па 5 друкаваных палосаў (аркуш А3) у 4 агульнакраёвых і 7 мясцовых газетах. Упершыню з 1994 года ў прамым этэры між вылучэнцамі, аднак без удзелу Лукашэнкі, праводзілася два абмеркаванні — адно па тэлебачанні[26], другое на радыё[27].

Падчас вечаровых навін 6 і 7 снежня «АНТ», «Першы нацыянальны тэлеканал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў прамым этэры перадавалі трохгадзінны выступ Лукашэнкі на 4-ым Усебеларускім народным сходзе. Зварот Лукашэнкі размясцілі на першай старонцы газетаў, тады як іншых вылучэнцаў — на ўнутраных старонках, што пярэчыла артыкулу 46 ВК[5]. Рэдактары дамагаліся цэнзуры зваротаў апазіцыйных вылучэнцаў. 22 лістапада Някляеў звярнуўся ў ЦВК з нагоды перадузятасці ўрадавага вяшчання на карысць Лукашэнкі. Аднак ЦВК заявіла, што артыкул 25 Закона аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1995 года дае яму на гэта права.

Скаргі[правіць | правіць зыходнік]

Яраслаў Раманчук

Да дня выбараў у суды паступіла 105 скаргаў на спосаб утварэння УВК і ТВК мясцовымі органамі ўлады. Суды адхілілі ўсе скаргі без права далейшага абскарджання іх пастановаў у вышэйшых судах. Заканадаўства не прадугледжавала абскарджанне вынікаў выбараў у судзе. Да выбараў ЦВК атрымала 421 скаргу, усе з якіх адхіліла без належнага юрыдычнага тлумачэння. Толькі 5 спраў разглядаліся не аднаасобна старшынёю і сакратаром камісіі. Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ЦВК ва ўліку вылучэння Правальскага[4].

ЦВК адхіліла без разгляду ўсе скаргі пададзеныя ў дзень выбараў. 22 снежня Кастусёў звярнуўся ў ЦВК для аспрэчання вынікаў выбараў[28]. 24 снежня ЦВК адхіліла яго зварот. 3 студзеня 2011 года Кастусёў падаў скаргу на адмову ЦВК у Вярхоўны суд, якую той адхіліў 6 студзеня на падставе непадсуднасці пастановы ЦВК. 10 студзеня Беларускі Хельсінкскі камітэт таксама падаў у Вярхоўны суд пазоў аб аспрэчванні вынікаў выбараў[29], які той зноў адхіліў па тоеснай прычыне.

Назіранне[правіць | правіць зыходнік]

Закон не прадугледжваў права назіральнікаў на атрыманне засведчаных копій пратаколаў з вынікамі галасавання, як і назірання за праверкаю спісаў подпісаў ініцыятыўных груп, перадачаю пратаколаў з УВК у ТВК і абагульненнем вынікаў у ТВК. УВК і ТВК улічылі 36’096 мясцовых назіральнікаў. 20’715 (57%) з іх прадстаўлялі пралукашэнкаўскія аб'яднанні — Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі[30], Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі[31], «Белую Русь»[32], Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Беларускі саюз жанчын. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мелі 600 назіральнікаў. ЦВК акрэдытавала 1031 замежнага назіральніка. 452 (44%) з іх прыцягнула Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ). Назіральнікі ад АБСЕ здолелі правесці назіранне за апрацоўкаю вынікаў выбараў на 138 (89%) з 155 ТВК[4].

Галасаванне і падлік галасоў[правіць | правіць зыходнік]

Паводле ЦВК у 5-дзённым датэрміновым галасаванні брала ўдзел 23,1% выбаршчыкаў[33]. Кіраўніцтва вучэльняў змушала да ўдзелу ў ім сваіх навучэнцаў[7]. 30 лістапада ЦВК аднагалосна адхіліла патрабаванне пяці вылучэнцаў у прэзідэнты аб допуску назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ўначы для назірання разам з прызначанай міліцэйскай аховай. Асобнае абвяшчэнне вынікаў падліку галасоў па перанасной і стацыянарнай скрынях і скрыні для датэрміновага галасавання ажыццяўлялася менш як на палове ўчасткаў. ЦВК не апублікавала вынікі выбараў з разбіўкай па ўчастках[4].

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле ЦВК у выбарах прыняў удзел 6 433 681 выбаршчык (90,72%). Паводле афіцыйных звестак галасы размеркаваліся наступным чынам[34]:

Брэсцкая вобласць Віцебская вобласць Гродзенская вобласць Гомельская вобласць Магілёўская вобласць Мінск Мінская вобласць Разам
Вус 1,07% 0,44% 0,30% 0,33% 0,27% 0,61% 0,28% 0,48%
Кастусёў 1,44% 1,66% 1,03% 2,94% 0,93% 3,49% 1,56% 1,97%
Лукашэнка 81,52% 82,50% 81,37% 82,31% 84,98% 67,64% 80,67% 79,67%
Міхалевіч 1,24% 0,96% 0,85% 0,72% 0,78% 1,43% 1,03% 1,02%
Някляеў 1,57% 1,75% 1,89% 0,91% 1,87% 3,13% 1,20% 1,77%
Раманчук 1,88% 1,57% 2,91% 0,92% 1,47% 3,34% 1,71% 1,97%
Рымашэўскі 1,36% 1,12% 1,26% 0,76%' 0,92% 1,35% 0,90% 1,10%
Саннікаў 2,74% 3,06% 4,07% 0,98% 2,66% 3,38% 1,50% 2,56%
Статкевіч 1,02% 1,02% 0,94% 0,68% 0,93% 1,69% 0,91% 1,04%
Цярэшчанка 0,48% 1,13% 1,19% 0,65% 1,09% 1,85% 1,13% 1,08%
Супраць усіх 4,83% 4,04% 3,50% 8,12% 3,30% 11,12% 7,90% 6,47%

Каляндар выбараў[правіць | правіць зыходнік]

15 верасня 2010 года на пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму быў прыняты асноўны пакет дакументаў, якія тычацца правядзення прэзідэнцкіх выбараў[35]. Каляндарны план па днях распісвае кожную фазу хады выбарчай кампаніі.

  • Да 25 верасня: прадастаўленне спісу членаў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты
  • Да 30 верасня: фарміраванне абласных, гарадскіх, раённых выбарчых камісіяў; рэгістрацыя ініцыятыўных груп кандыдатаў
  • Да 4 лістапада: фарміраванне ўчастковых выбарчых камісіяў
  • Да 30 кастрычніка: здача падпісных лістоў
  • Да 9 лістапада: праверка сапраўднасці подпісаў
  • З 15 па 24 лістапада: рэгістрацыя кандыдатаў
  • З 4 снежня: абнародаванне спісаў выбарцаў[36]
  • 1418 снежня: датэрміновае галасаванне[37]
  • 19 снежня: галасаванне

Хада кампаніі[правіць | правіць зыходнік]

14 верасня 2010 года на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў адзінагалосна была прынята пастанова аб правядзенні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года[38]. Паводле словаў старшыні парламенцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіля Байкова, пры вызначэнні даты выбараў зыходзілі з таго, каб забяспечыць максімальны ўдзел грамадзян у выбарчай кампаніі і «з пачатку наступнага года прыступіць да выканання найважнейшых сацыяльна-эканамічных задачаў»[39]. Раней планаваныя магчымыя даты выбараў у пачатку 2011 года былі адкінуты, па словах старшыні профільнай камісіі, з прычыны «ня самага зручнага часу як пары́, насычанай свецкімі і рэлігійнымі святамі».

Паводле іншага меркавання, дата 19 снежня нязручная з прычыны таго, што другі тур выбараў у такім выпадку будзе прыпадаць на 26 снежня або 2 студзеня[40]. Абодва дні акурат прыпадаюць на «пару́, насычаную свецкімі і рэлігійнымі святамі».

16 верасня:

30 верасня:

  • Пачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

18 лістапада:

6 снежня: Адбыліся першыя пасля выбараў 1994 года тэледэбаты ў жывым этэры з удзелам 9 кандыдатаў у прэзідэнты (акрамя Лукашэнкі).

14—18 снежня:

  • У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 23,1% выбарцаў[42].

Праваабаронцы заявілі аб масавых парушэннях падчас выбарчай кампаніі. Сярод найбольш распаўсюджаных правапарушэнняў — прымус да датэрміновага галасавання і перашкоды працы незалежных назіральнікаў. Ад назіральнікаў кампаніі «За справядлівыя выбары» ў цэнтральную выбарчую камісію было даслана ля 270 скаргаў. Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў паведамілі, што гатовы прадаставіць замежным назіральнікам доказы фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, і чарговы раз запрасілі сваіх прыхільнікаў сабрацца 19 снежня а 20:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

19 снежня:

Галасаванне ў асноўны дзень выбараў ладзілася з 8 да 20 гадзін. Працавалі 6390 выбарчых участкаў, у тым ліку 44 за мяжой[43]. За выбарамі сачылі больш за тысячу міжнародных і звыш 27 тысяч унутраных назіральнікаў.

Па стане на 14:00 удзел у выбарах прынялі 65,2% выбарцаў, што азначала, што выбары адбыліся.

А 15-й гадзіне па Беларускім тэлебачанні былі абвешчаны вынікі экзыт-полу, зладжанага аналітычным цэнтр «EcooM». Паводле яго вынікаў, за Лукашэнку прагаласавалі 83% апытаных. Паводле аналагічнага апытання расійскага Агенцтва эфектыўных камунікацый «Inside», на 14 гадзін за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 37,8%[44].

У другой палове дня сталі з'яўляцца паведамленні пра блакаванне на тэрыторыі Беларусі навінасных сайтаў незалежных СМІ: «Хартыі’97»[45], «Салідарнасці» (праз ананімайзэры адчыняліся), GMail, сацыяльных сетак Facebook, Twitter і LiveJournal; тэлефонаў журналістаў і праваабаронцаў, якія займаюцца назіраннем на выбарчых участках[46]. Упершыню былі створаны сайты-фальшыўкі беларускіх інтэрнэт-СМІ ў дамене.in[47]. Іхныя IP-адрэсы належаць кампаніі «Белпак»[48].

Падзеі пасля выбараў[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ напярэдадні выбараў Някляеў, Рымашэўскі, Саннікаў і Статкевіч заклікалі сваіх прыхільнікаў да сходу на Кастрычніцкай плошчы Мінску 19 снежня. Да яе былі сцягнуты ўзмоцненыя сілы міліцыі. Яшчэ да пачатку збору, а палове на восьмую, невядомымі ў чорным быў здзейснены напад на калону Уладзіміра Някляева. Падчас збіцця Уладзімір Някляеў страціў прытомнасць, яго забрала «хуткая дапамога»[49]. З лякарні яго пазней вывезлі супрацоўнікі КДБ.

Усе астатнія вылучэнцы а 20-й гадзіне за выключэннем Лукашэнкі далучыліся да сваіх прыхільнікаў на плошчы. Праз гадзіну 5 вылучэнцаў узялі ўдзел у шэсці да плошчы Незалежнасці, дзе размяшчаецца парламент і ЦВК. Там быў зладжаны мітынг і спроба дамагчыся перамоў з урадам. Міліцыя без разбору збівала асоб, якія спрабавалі ўзламаць дзверы Дома ўраду, і мірных удзельнікаў шэсця, што прывяло да нанясення некалькім дэманстрантам чэрапна-мазгавых траўмаў і пакідання плошчы большасцю ўдзельнікаў шэсця. Каля 5 тысяч з іх засталіся разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы пасля спробаў арганізатараў мітынгу выклікаць на перамовы кіраўніцтва сілавых структур сотні міліцыянтаў разагналі і іх. Яны затрымалі Кастусёва, Міхалевіча, Някляева, Рымашэўскага, Саннікава, Статкевіча і Вуса[50][51], кіраўнікоў іх штабоў і давераных асоб, некалькі сотняў прыхільнікаў, таксама шэраг журналістаў і замежных грамадзян.

20 снежня Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 асоб і пацвердзіў, што вылучэнцаў у прэзідэнты дапытвалі ў месцах зняволення КДБ[52]. 29 снежня Някляева, Рымашэўскага, Саннікава і Статкевіча абвінавацілі ў ладжанні недазволенага грамадскага мерапрыемства, што паводле артыкула 293 КК прадугледжвала зняволенне ад 5 да 15 год. 17 лютага ўдзельніка кампаніі Някляева выраклі на 4 гады зняволення. Большасць арыштаваных суды выракалі на выплату спагнанняў да 30 «базавых адзінак» (каля 265 еўра) і 15-дзённага зняволення. 31 снежня Міністэрства замежных спраў паведаміла аб спыне паўнамоцтваў прадстаўніцтва АБСЕ ў Мінску па прычыне нежадання ўраду іх працягваць. 21 студзеня Лукашэнку прывялі да чацвёртай прэзідэнцкай прысягі[53].

Крыніцы і заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Выбары прэзідэнта адбудуцца 19 снежня — Польскае радыё для замежжа, 14 верасня 2010.
  2. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі ад 24.11.1996 г. і 17.10.2004 — Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове, 29 сакавіка 2005.
  3. Экспертнае заключэнне па арт. 193-1 КК РБ — Беларускі Хельсінкскі камітэт, 29 мая 2007.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 Канчатковая справаздача Місіі БДІПЧ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 снежня 2010 — Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе, 22 лютага 2011.
  5. 5,0 5,1 5,2 Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь — Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 4 студзеня 2010.
  6. Зміцер Лукашук Ярмошына: Я — член каманды прэзідэнта — Еўрапейскае радыё для Беларусі, 18 студзеня 2011.
  7. 7,0 7,1 7,2 Справаздача па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года — Праваабарончы цэнтр «Вясна», 11 лютага 2011.
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 8,4 8,5 8,6 Зборнік электроннай статыстыкі "Выбары Прэзыдента Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе" — Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Рэспублікі Беларусь.
  9. Звесткі аб колькасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных аркушах, здадзеных у тэрытарыяльныя камісіі — Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі.
  10. Звесткі аб устанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку прапановы аб вылучэнні кандыдатаў — ЦВК Беларусі.
  11. 19 кандыдатаў просяцца на старт — Радыё «Свабода», 24 верасня 2010.
  12. Зміцер Панкавец Кіраўніком ініцыятыўнай групы Міхалевіча стаў Юрась Меляшкевіч — Наша Ніва, 23 верасня 2010.
  13. Рымашэўскі зарэгіструе ініцыятыўную групу заўтра — Беларускі партызан, 23 верасня 2010.
  14. Валерый Каліноўскі Уладзімір Кобец стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы Саннікава — Радыё «Свабода», 22 верасня 2010.
  15. Уладзімір Глод У рэзерве ў Статкевіча — ён сам — Радыё «Свабода», 22 верасня 2010.
  16. Ганна Соўсь В.Цярэшчанка: ёсць людзі, якія павінны павесці Беларусь наперад — Радыё «Свабода», 21 верасня 2010.
  17. Барысаў зняў сваю кандыдатуру на карысць Рымашэўскага — Telegraf.by, 7 кастрычніка 2010.
  18. Гайдукевіч зняўся з выбараў, Абноўлена — Хартыя’97, 8 кастрычніка 2010.
  19. 19,0 19,1 ЦВК узялася за ініцыятыўныя групы — Радыё «Свабода», 27 верасня.
  20. 20,0 20,1 Зміцер Панкавец Адзінаццаць кандыдатаў падалі ў выбаркамы больш 100 тысяч подпісаў — Наша Ніва, 30 кастрычніка 2010.
  21. Сяргей Пульша Сяргей Рыжоў спыняе свой удзел у выбарчай кампаніі — БелаПАН, 21 кастрычніка 2010.
  22. Пасля тэлевыступаў кандыдатаў папярэджвае Генпракуратура — Радыё «Свабода», 24 лістапада 2010.
  23. Зміцер Лукашук Ярмошына: «Дзе грошы патрацілі не на прэміі — там скрыні празрыстыя» — Еўрапейскае радыё для Беларусі, 15 верасня 2010.
  24. Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 снежня 2011.
  25. Агульнакраёвае апытанне 14-24 кастрычніка 2010 — Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, 15 лістапада 2010.
  26. Віталь Цыганкоў Апазіцыйныя кандыдаты могуць запісаць тэледэбаты сабе ў плюс — Радыё «Свабода», 4 снежня 2010.
  27. Алесь Дашчынскі У радыёдэбатах узялі ўдзел кандыдаты і давераныя асобы — Радыё «Свабода», 5 снежня 2011.
  28. Сяргей Каралевіч Рыгор Кастусёў перадаў у ЦВК скаргу з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі — БелаПАН, 22 снежня 2010.
  29. БГК патрабуе прызнаць выбары прэзідэнта несапраўднымі — Беларускі праўны партал, 16 студзеня 2011.
  30. Юлія Ваніна Л.Козік: ФПБ падтрымлівала і будзе далей падтрымліваць прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнку — БелТА, 15 верасня 2010.
  31. А.Радзькоў падзякаваў актывістам БРСМ за падтрымку А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах — БелТА, 3 сакавіка 2011.
  32. Юлія Ваніна «Белая Русь» напярэдадні выбараў — БелТА, 8 снежня 2009.
  33. Сяргей Каралевіч Лідзія Ярмошына выступае супраць адмены датэрміновага галасавання — БелаПАН, 19 снежня 2010.
  34. Выніковыя звесткі аб выніках галасавання — ЦВК Беларусі.
  35. Зоя Варанцова Плацдарм падрыхтаваны — Звязда, №181, 26789, 16 верасня 2010.
  36. Каляндар выбараў — Радыё «Свабода», 14 верасня 2010.
  37. Барацьба за крэсла прэзідэнта Беларусі сярод бесрабочых абвастраецца — Interfax-Захад, 24 верасня 2010.
  38. Пастанова Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб назначэнні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» №412-П4/У ад 14 верасня 2010 — Звязда, №180, 26788, 15 верасня 2010.
  39. «Аптымальны варыянт». Парламенцкі дзённік // «Звязда» №180 (26788) 15 верасня 2010
  40. Алесь Пілецкі Выбары прызначаныя на Міколу — «Наша Ніва», 14 верасня 2010.
  41. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць «пад каўпаком» міжнародных наглядальнікаў - Л.Ярмошына — БелТА, 16 верасня 2010.
  42. Датэрмінова змусілі 23,1% — Наша Ніва, 19 снежня 2010.
  43. У Беларусі сёння пачаліся прэзідэнцкія выбары — Афіцыйная старонка Рэспублікі Беларусь, 19 снежня 2010.
  44. Экзыт-полы: ЭКООМ - за Лукашэнку 72,3 працэнты, INSIDE - 37,8 — Радыё «Свабода», 19 снежня 2010.
  45. Сайт charter97.org заблокирован — «Хартыя’97», 19 снежня 2010.
  46. У правозащитников и журналистов заблокированы телефоны — «Хартыя’97», 19 снежня 2010.
  47. Созданы фальшивые сайты белорусских интернет-СМИ в домене.in — «Хартыя’97», 19 снежня 2010.
  48. Беларусь у інфармацыйнай аблозе — Радыё «Свабода», 19 снежня 2010.
  49. Невядомыя ў чорным збілі някляеўцаў. Някляева забрала хуткая дапамога — Радыё «Свабода», 19 снежня 2010.
  50. Плошча 2010 — Радыё «Свабода», 19—20 снежня 2010.
  51. Затрыманыя кандыдаты ў прэзідэнты Алесь Міхалевіч і Дзмітрый Вус — Праваабарончы цэнтр «Вясна», 20 снежня 2010.
  52. 20 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ — Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 20 снежня 2010.
  53. Лукашэнка прынёс прысягу і афіцыйна заняў пасаду прэзідэнта, дапоўнена — БелаПАН, 21 студзеня 2011.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]