Пскоўская рэспубліка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Пскоўская рэспубліка існавала паміж другой паловай XIII ст. і першай паловай XVI ст. на тэрыторыі ўздоўж рэк Вялікая і Нарова (сучасн. Пскоўская вобласць Расіі).

У VІІ-VIІI ст. акрэсленую тэрыторыю, аж да паўднёвых берагоў Чудскага возера засялілі крывічы. Яны ўвесь час кантактавалі з мясцовымі фіна-ўгорскімі плямёнамі і таму склалі асобную групу пскоўскіх крывічоў. Упершыню пскоўскія крывічы згадваюцца ў "Аповесці мінулых часоў" пад 859 у сувязі з іх сумесным паходам на Візантыю ў складзе войска кіеўскіх князёў Алега і Ігара. Пад 862 у летапісе згадваецца вараг Трувор, што пасяліўся сярод пскоўскіх крывічоў на гарадзішчы, якое ў яго гонар названае Труворавым. Пазней (у 1329) тут будуецца каменная цвярдыня, што дайшла да нашых дзён і ўзнікае горад Ізборск, які ў кан. XIV - пач. XV ст. меў пасады і гарадскі могільнік.

У VІІІ ст. ўзнікае горад Пскоў, на высокай скале ў сутоцы рэчак Вялікай і Пскавы. Горад быў буйным рэлігійным цэнтрам у крывіцкіх землях. Першы раз у летапісе Пскоў згадваецца пад 903 годам. З Х ст. ён у складзе Кіеўскай Русі, а з ХІІ ст. належыць Наўгародскай дзяржаве. У 1240 горад захапілі крыжакі, але ў 1242 яго вызвалілі войскі ноўгарадскага князя Аляксандра Неўскага.

Вялікі ўклад у атрыманне Псковам незалежнасці ад Ноўгарада зрабіў князь Даўмонт. Гэты Нальшчанскі князь у 1263 забіў Міндоўга, заснавальніка ВКЛ і ў 1265 з дружынай у 300 чалавек уцёк у Пскоў, ратуючыся ад войска сына Міндоўга – Войшалка. У 1266 ён прымае хрысціянства і імя Цімафей і абіраецца князем. Доўгі час ён ваюе з крыжакамі, а таксама з Полацкам і нават забівае Полацкага князя Гердзеня. Пасля смерці князя кананізавалі як Святога Цімафея – абаронцу Пскова, а яго меч лічыўся сімвалам незалежнасці.

У часы Гедзіміна Пскоў хацеў канчаткова вызваліцца з залежнасці ад Ноўгарада і таму яго адносіны з ВКЛ значна палепшыліся. Актыўна памагаў пскоўцам зяць Гедзіміна Давыд Гарадзенскі. Калі крыжакі ў 1323 асадзілі Пскоў, ён адагнаў іх ад горада і знішчыў сценабітныя машыны крыжакоў.

У 1341 пскоўцы звярнуліся па падтрымку да Альгерда, і ён прыйшоў ім на дапамогу разам з Кейстутам. Сын Альгерда Андрэй быў ахрышчаны і стаў пскоўскім князем з 1342 па 1345. Яго намеснікам быў таксама выхадзец з ВКЛ – Юры Вітаўтавіч. У 1342 пры абароне Пскова ад крыжакоў загінуў сын полацкага князя Воіна – Любка.

У выніку ўдзелу Пскова ў барацьбе супраць Лівонскага ордэна яго ўплыў істотна павялічыўся, што прывяло да яго фактычнай аўтаноміі. У 1348 пасля падпісання з Ноўгарадам Болатаўскай дамовы, Пскоўская дзяржава канчаткова стала незалежнай. Аднак духоўная ўлада засталася ў руках наўгародскага ўладыкі, які раз у тры гады прыязджаў у Пскоў і здзяйсняў царковны суд.

Пскоўская дзяржава была невялікай і займала тэрыторыю ўздоўж рэк Вялікая і Нарова. З поўдня на поўнач яна мела даўжыню каля 300 км пры шырыні каля 100 км. Акрамя рэчак, Пскоўская зямля мела і два буйныя возеры – Чудскае і Пскоўскае.

Вышэйшы орган улады – народнае веча, якое выбірала спачатку аднаго, а потым з 1420 – двух пасаднікаў, канчанскіх стараст і соцкіх. Існавала ўрадавая рада на чале з запрошаным (наёмным) князем, які кіраваў баявой дружынай і служыў за грошы (корм). Была і судовая калегія – гаспода, у якую ўваходзілі выбарныя сябры з ліку баяр.

Пскоўскае грамадства складалася з баяр, але не вельмі багатых, купцоў, рамеснікаў і вольных сялян, якіх звалі земцы, альбо сябры. Сяляне бедныя бралі зямлю ў арэнду і называліся ізорнікі. Аднак халопаў тут не было.

У XV ст. эканоміка Пскова знаходзілася на ўздыме. Сяляне вырошчвалі шмат жыта, а таксама пшаніцу, авёс, ячмень. На гародах збіралі добрыя ўраджаі рэпы, цыбулі і капусты. Пскоўскі лён актыўна вывозіўся ў краіны Прыбалтыкі. Актыўна развівалася рыбалоўства, вырабляліся вялікія лодкі – уганы. Славіліся і мясцовыя рамеснікі, якія шылі адзенне, апрацоўвалі металы і скуры, выраблялі солад і малолі муку. Пскоўскія муляры запрашаліся на працу ў Масковію і іншыя краіны Усходняй Еўропы. У Пскове таксама квітнеў выраб званоў. Актыўна развіваўся і гандль з суседзямі – Цвярской дзяржавай, Ноўгарадам, Разанню, ВКЛ, а таксама з нямецкімі краінамі. З 1424 Пскоў наладзіў чаканку ўласнай срэбранай манеты з выявай рысі – герба горада.

У XV ст. Пскоў стаў праводзіць прамаскоўскую палітыку і спадзяваўся такім чынам захаваць сваю незалежнасць. Ён падтрымліваў Масковію ў войнах з Ноўгарадам і ВКЛ, асабліва пад час вайны 1500-1503. Але гэта не дапамагло пскоўцам, бо Масковія не хацела мець у сябрах незалежную рэспубліку.

13 студзеня 1510 маскоўскае войска ўвайшло ў Пскоў, быў спушчаны са званіцы Вечавы звон як сімвал волі і незалежнасці. 300 самых багатых сем'яў пскоўскіх баяр і купцоў адправілі ў ссылку. Ім дазвалялі ўзяць з сабою толькі тое, што апранута на целе. Таму на дзяцей апраналі па 2-3 футры, хавалі залатыя манеты ў жаночую бялізну і нават у задні праход.

Да сённяшняга часу захаваліся пскоўскія летапісы XIV-XVII ст. у колькасці 25 спісаў. Найбольш цікавы летапісны збор 1450-60-х гг., які вёўся пры Троіцкім манастыры.


Літ.: