Пітэр Брэйгель Старэйшы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пітэр Брэйгель Старэйшы
Аўтапартрэт з заказчыкам («Мастак і знаўца»)
Аўтапартрэт з заказчыкам («Мастак і знаўца»)
Імя пры нараджэнні:

Pieter Brueghel

Дата нараджэння:

каля 1525

Месца нараджэння:

Брэда(?)

Дата смерці:

5 верасня 1569(1569-09-05)

Месца смерці:

Брусель

Грамадзянства:

Іспанскія Нідэрланды

Жанр:

пейзаж, жанравы жывапіс

Вядомыя працы:

карціны, малюнкі

Уплыў:

Іеранім Босх

Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Пітэр Брэйгель Старэйшы, вядомы таксама як "Мужыцкі" (нідэрл.: Pieter Bruegel de Oude; паміж 1525 і 1530, Брэда, Нідэрланды5 верасня 1569) — фламандскі мастак і графік, самы вядомы і значны з мастакоў з такім прозвішчам. Майстар краявідаў і жанравых сцэн. Бацька мастакоў Пітэра Брэйгеля Малодшага (Пякельнага) і Яна Брэйгеля Старэйшага (Райскага).

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

П. Брэйгель быў высокаадукаваным чалавекам. Ён падтрымліваў сувязі з пісьменнікамі-гуманістамі Нідэрландаў і Італіі. Гэта значна пашырала яго кругагляд, узбагачала новымі тэмамі і ідэямі, знайшло ўвасабленне ў творчасці.

У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Працягваючы традыцыі, закладзеныя ў мастацтве папярэднікамі, асабліва І. Босхам, Брэйгель пашырае тэматыку жывапісу, звяртаецца да свецкіх сюжэтаў, адлюстроўвае адзінства чалавека і прыроды, піша карціны-прытчы глыбокага маральнага зместу. Мастак у сваіх творах паказаў сучаснае яму жыццё, напружанасць перадрэвалюцыйнай пары, невычарпальную сілу народных характараў.

Ужо ў ранніх работах мастак паказвае сябе цікавым пейзажыстам, майстрам характарных вобразаў, імкнецца адлюстраваць бясконцую разнастайнасць з'яў прыроды, зразумець і перадаць яе тонкія настроі.

П. Брэйгель не абыходзіў увагай і антычныя сюжэты. Да грэчаскай і рымскай міфалогіі ён звяртаецца на працягу ўсяго творчага жыцця, але паказвае ў сваіх работах перш за ўсё маральныя, этычныя праблемы, выбірае тыя падзеі, якія даюць магчымасць увасобіць яго ўласныя погляды і перакананні.

Падзенне Ікара

Да сталай пары творчасці майстра адносіцца карціна «Падзенне Ікара» (1567). Антычнае паданне, выкладзенае ў «Метамарфозах» Авідзія, мастак трактуе вельмі своеасабліва. Усё, што звязана з Ікарам, з яго першым палётам на крылах, зведзена да мінімуму. Толькі ўсплеск вады паказвае месца падзення непаслухмянага юнака ў мора. А жыццё ідзе далей: пастух гоніць статак, працуе селянін, ля вады ўладкаваўся рыбак, плывуць удалячынь караблі з раздзьмутымі ветразямі.

Шэраг работ майстра — «Бітва карнавалу і посту» (1559), «Дзіцячыя гульні» (1560), «Фламандскія прыказкі» (1559) — выказвае яго схільнасць да паказу нізкага, гратэскнага — спадчынных сярэдневяковых традыцый. Але пад маскай гумару, сатыры хаваюцца любоў мастака да простых людзей, вера ў іх лепшы лёс.

Гады творчай сталасці Брэйгеля праходзілі ва ўмовах рэвалюцыйнай сітуацыі. Мастак пераадолеў схільнасць да скептычнага ўспрыняцця свету. Цяпер яго стала прыцягваць паўсядзённае, звычайнае жыццё чалавека ва ўсім багацці сувязей з навакольнай рэчаіснасцю. У жывапісным цыкле «Месяцы» (1565) сімваламі кожнай пары года становіцца праца сялян. Расказваючы пра вясну («Пахмурны дзень»), лета («Жніво»), восень («Вяртанне статкаў»), мастак перадае разнастайную і зменлівую прыгажосць прыроды, выяўляе яе непаўторнае аблічча праз простыя і зразумелыя рэчы.

Паляўнічыя на снезе

Карціна «Паляўнічыя на снезе» — гэта паэтычнае апавяданне пра зіму. Жыццё маленькага гарадка на Брабанце мастак раскрывае панарамна. Перад гледачом паўстае ўтульны пейзаж у зіхаценні некранутага снегу, напоўнены мноствам жыццёвых падзей. На пярэднім плане паказаны сяляне, якія вяртаюцца з палявання. Іх рух,накіраваны ў глыб палатна, падкрэслены нетолькі выразнай лініяй стромкага пагорка, але і графічнай рытмікай дрэў, якія збягаюць уніз. У заснежанай даліне з дамамі, шынкамі, кірхамі, пакрытымі лёдам сажалкамі ёсць нешта шчымліва-блізкае, па-хатняму знаёмае. У звычайным, будзённым П. Брэйгель адкрывае сапраўднае хараство жыцця як цуд.

Сялянскі танец

3 цягам часу спакойнае ўвасабленне навакольнага свету ў мастака змянілася на больш усхваляванае, дынамічнае. Гэта добра бачна ў карцінах «Вынішчэнне немаўлят» (1566), «Перапіс у Віфлееме» (1566). Разам з біблейскімі сюжэтамі Брэйгель выяўляў бытавыя сцэны, такія, як «Сялянскі танец», «Сялянскае вяселле» (абедзве — 1567).

Апошнія творы жывапісца прасякнуты глыбокім сацыяльна-філасофскім сэнсам. У іх найбольш поўна ўвасобіліся маральныя погляды мастака.[1]

Да 1568 г. адносіцца работа «Танец пад шыбеніцай». Паказаная падзея надзвычай празаічная — танцуюць трое сялян. Так можна было б лічыць на самай справе, каб не адна дэталь. Вясёлая сцэна адбываецца ля шыбеніцы. Менавіта яна і з'яўляецца галоўнай «гераіняй» карціны. Маленькія фігуркі людзей, прыгожы пейзаж у такім спалучэнні выглядаюць ненатуральнымі, неабароненымі, нетрывалымі. Грамадзян-ская пазіцыя мастака дакладна адчуваецца ў гэтай рабоце. Брэйгель паказвае, магчыма, сапраўдную сцэну,якую можнабыло назіраць паўсюдна ў тагачасных Нідэрландах, і разам з тым алегорыю-роздум, заклік да розуму і цвярозасці людзей, няздольных адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць.

Сляпыя

У карціне «Сляпыя» (1568) даецца аўтарская трактоўка евангельскага падання. Але, па сутнасці, мастак і тут увасабляе больш глыбокі сэнс — трагедыю слепаты, недалынабачнасці чалавецтва, якое не ведае свайго лёсу, сваёй будучыні.

Мастацкая спадчына П. Брэйгеля багатая і разнастайная. Аднак яе значэнне не ў колькасці твораў. Па глыбіні адлюстравання рэчаіснасці, яе філасофскаму пераасэнсаванню дзейнасць мастака належыць не толькі да вяршынь нідэрландскага Адраджэння, але і да выдатных дасягненняў сусветнай культуры.[2]

Зноскі

  1. Лазука (2010)
  2. Лазука (2010)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кашкурэвіч А. Брэйгель // БЭ ў 18 т. Т. 3. — Мн.: БелЭн, 1996.
  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4