З пляцоўкі Вікіпедыя.
П'яўкі (Hirudinea) — падклас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей.
Падзяляецца на 3 атрады, 5 сямействаў, каля 400 відаў. Даўжыня ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1-5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Дыхаюць скурай.
Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некаторыя — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). На Беларусі больш за 10 відаў.
Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слюнныя залозы паразітычных п'явак выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві.
Гермафрадыты, развіццё без ператварэння.
П'яўкі могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. Корм для некаторых рыб, хахулі. П'яўка медыцынская выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі.
- Чумакоў Л. Ракі. Малюскі. П'яўкі: Таямнічыя жыхары вадаёмаў. Нарысы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. — 73 с.: іл. — (Зямля мая). ISBN 978-985-02-0966-5