Рагачоўскі музей народнай славы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рагачоўскі музей народнай славы — музей у Рагачове.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак развіцця музейнай справы на Рагачоўшчыне быў пакладзены ў 1962 годзе, калі рашэннем Рагачоўскага выканкама райсавета дэпутатаў у горадзе быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей на грамадскіх пачатках. Яго заснавальнікам і першым дарэктарам быў краязнаўца, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Рагачоўшчыне Сямён Мацвеевіч Свярдлоў. Вялікую дапамогу па збору матэрыялаў аказваў яму былы камісар Журавіцкай партызанскай брыгады — Карп Міхайлавіч Драчоў.

У 1967 годзе па распараджэнню Савета Міністраў БССР на базе гісторыка-краязнаўчага ў горадзе быў адчынены музей Народнай славы, а з 3 кастрычніка гэта ж года былі зацверджаны кадры і штатны распарадак. З гэтага часу музей атрымаў статус Дзяржаўнага музея Народнай славы.

У красавіку 1970 года рашэннем выканкама Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў была адчынена для наведвальнікаў першая экспазіцыя, створаная з дзвюх залаў: «Рэвалюцыйныя падзеі на Рагачоўшчыне» і «Вялікая Айчынная вайна і вызваленне горада і раёна», якая займала плошчу 58 метраў кв., а ўся плошча музея складалася з 82 кв. метраў.

У лістападзе 1991 года музею Народнай славы было выдзелена для размяшчэння новай экспазіцыя пабудова былога банка, якая патрабавала рамонту і рэканструкцыі. Была зроблена праектна-сметная дакументацыя на рэканструкцыю памяшкання пад музей, пачаліся рамонтныя работы, якія былі завершаны ў 1995 годзе. У кастрычніку гэта ж года музей пераехаў з старога у адрамантаванае памяшканне. З 1996 года па чэрвень 2000 праводзіліся мастацка-афарміцельскія работы па стварэнню новай экспазіцыі і залаў музея. Мастацкае афармленне новай экспазіцыі ствараў мастак Храмцэвіч Валерый Паўлавіч (Мінскі мастацкі камбінат), у афармленні музея і новай экспазіцыі прымалі ўдзел мясцовыя жыхары: Барыс Паўлавіч Маліноўскі, Яўген Ільіч Паладзенка, Уладзімір Ільіч Паладзенка, Анатолій Аляксандравіч Лупсякоў, Валерый Мікалаевіч Шарстнёў, Міхаіл Васільевіч Бравы, а таксама навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Ігар Мікалаевіч Язэпенка.

Зборам экспанатаў, іх сістэматызацыяй, падрыхтоўчай работай па стварэнню новай экспазіцыі займаліся супрацоўнікі Рагачоўскага музея Народнай славы: А. Ю. Васькова — дырэктар музея, С. У. Якаўлева — галоўны захавальнік фондаў, А. М. Рыкуноў і Я. П. Ярмоліна — навуковыя супрацоўнікі музея. Урачыстае адкрыццё музея для наведвальнікаў адбылося 2 чэрвеня 2000 года.

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Для наведвальнікаў музея адкрыты пяць залаў. У зале археалогіі прадстаўлены на агляд унікальныя археалагічныя артэфакты. Асабліва добра прадстаўлены перыяды неаліту і бронзы, перыяду Старажытнай Русі: фрагменты пахавальных комплексаў, разнастайныя ўпрыгожванні, гас.інвентар, прадметы побыту і г.д.

У зале гістарычнага мінулага наведвальнікі змогуць пабачыць панараму старога горада, рагачоўскія грошы, пазнаёміцца з рамёствамі пачатку 20 стагоддзя, а таксама з рэвалюцыйнымі падзеямі і сацыялістычнымі пераўтварэннямі на Рагачоўшчыне. Наведаўшы зал сельскага побыту можна прасачыць увесь працэс вытворчасці ільняных нітак і тканага палатна, вывучыць сельскагаспадарчы інвентар і сельскі побыт нашага рэгіёна 19 — 1-й пал. 20 ст.

Экспазіцыя залы Вялікай Айчыннай вайны, адна з багацейшых у музеі, знаёміць наведвальнікаў з падзеямі ваеннага часу: гераічны подзвіг 63-га стралковага корпуса Леаніда Пятроўскага, першага вызваліўшага ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарады Рагачоў і Жлобін у чэрвені 1941 года, Рагачоўскае падполле і партызанскі рух, дзеянні дыверсійнай групы «Арол», акупацыйны перыяд на Рагачоўшчыне, вызваленне краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (у гэтых баях удзельнічаў вядомы расійскі пісьменнік, Нобелеўскі лаўрэат Аляксандр Салжаніцын, узнагароджаны за гэтыя баі ордэнам Чырвонай Зоркі). А экспануемыя прадметы ваеннага рыштунку, боепрыпасы і зброя перыяду вайны дапаўняюць карціну падзей, што адбываліся ў 1941-1944-х гадах.

У зале сучаснасці прадстаўлена інфармацыя аб воінах-інтэрнацыяналістах, Героях Сацыялістычнай Працы Рагачоўшчыны, Ганаровых грамадзянах горада і раёна, знакамітых земляках, у тым ліку сусветнавядомым графіку і мастаку Анатолі Каплан. Тут жа прадстаўлены стэнды, адлюстроўваўшыя сацыяльна-эканамічнае развіццё Рагачоўскага рэгіёна.

Калекцыі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны фонд музея на 01.01.2013 састаўляе 27 891 музейны прадмет. Усе прадметы асноўнога фонду музея з 2008 года разбіты па класіфікацыям на 40 калекцый. Самыя значныя калекцыі музея: «Археалогія», «Асабовыя дакументы», «Нумізматыка», «Фалерыстыка», «Перыядычныя выданні», «Фатаграфіі». Вялікую цікавасць прадстаўляюць калекцыі ікон і старадаўніх выданняў, а таксама кладаў манет і зброі. Унікальна калекцыя, якая прадстаўляе мастацкія работы знакамітых расійскіх і беларускіх мастакоў, а таксама рагачоўскіх мастакоў-землякоў і Анатоля Каплана (40 арыгінальных работ).

Навукова-даследчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Адным з кірункаў навукова-даследчай дзейнасці застаецца вывучэнне старых традыцый з мэтай захавання бясцэннага вопыту пакаленняў. Вынікі даследаванняў даюць характарыстыку рэгіёна, асаблівасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры. У ходзе даследчай работы сабраны вялікі матэрыял па гісторыі стараабрадства Рагачоўскага краю «Носители старых и вечных истин». Працягваецца пошукавая работа па вывучэнню гісторыі яўрэйства на Рагачоўшчыне. Вядзецца збор успамінаў і матэрыялаў па спецыяльнаму дзіцячаму дому № 18 г. Рагачова і перапіска з былымі яго выхаванцамі.

Навуковыя супрацоўнікі музея рыхтуюць публікацыі ў рэспубліканскія, абласныя выданні і зборнікі па археалогіі і краязнаўству. У музеі праведзена вялікая работа па збору ўспамінаў і матэрыялаў аб удзельніках ВАВ, ураджэнцах Рагачоўскага раёна, аб прапаўшых без вестак, рэпрэсаваных, а таксама па устанаўленню асоб загінуўшых салдат і афіцэраў па ардэнам і медалям, знойдзеным на месцах баёў. Вядзецца справа па пошуку дадатковай інфармацыі на грамадзян, асабовыя справы на якіх знаходзяцца ў фондах. Супрацоўнікамі музея падрыхтаваны і выданы буклеты «Рагачоў турыстычны», «Феадальныя замкі Рагачоўшчыны», «Рагачоўшчына Караткевіча», выдана брашура «История пожарной службы города Рогачева». Супрацоўнікі музея прымалі ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для выдання гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Рагачоўскі раён». У музеі распрацаваны 14 экскурсійных маршрутаў па гістарычным месцам Рагачоўшчыны.

Рагачоўскі музей народнай Славы ўдзельнічаў у Першым нацыянальным форуме музеяў Беларусі, які адбыўся ў горадзе Гродна 11 — 14 кастрычніка 2012 года. Прадстаўляў экспазіцыю «Рагачоў і яўрэйскія мястэчкі ў творчасці мастака Анатоля Каплана» і быў удастоены Дыплома Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Гродзенскага аблвыканкама.

Філіял музея ў п. Ільіч[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 годзе Рагачоўскаму музею Народнай славы былі перададзены сабраныя Ільічоўскай сярэдняй школай матэрыялы па гісторыі школы і пасёлка Ільіч. Пачалося будаўніцтва будынка для размяшчэння філіяла музея, які пазней размясціўся ў школьным двары. Пачалася работа па стварэнню экспазіцыі філіяла музея ў пабудаваным памяшканні, афармляліся залы: «Жыццё сялян», «Гісторыя пасёлка Ільіч», «Гісторыя Ільічоўскай школы».

У 1989 годзе адкрываецца філіял музея і яго першым навуковым супрацоўнікам (загадчыкам) становіцца Міхаіл Гаўрылавіч Даманцэвіч. А ў 1991 годзе прыходзіць працаваць навуковым супрацоўнікам Раіса Пятроўна Лемешава. З 2013 года філіял узначальвае Тамара Міхайлаўна Тарасава. За ўвесь перыяд работы філіял музея наведвалі 28885 чалавек, было сабрана 1550 адзінак асноўнага фонду, усяго ў фондах філіяла музея налічваецца 2714 экспанатаў асноўнага фонду і 1171 адзінак навукова-дапаможнага фонду.

Асветніцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Музей праводзіць вялікую выхаваўчую работу і арганізуе пазнавальныя мерапрыемствы для вучняў школ горада і раёна, устаноў адукацыі горада. Штогод яго супрацоўнікі аказваюць дапамогу археалагічным экспедыцыям, што праходзяць у раёне. Гасцям і наведвальнікам музея штомесячна прадстаўлены выставы рознай тэматыкі.

У 2004 годзе пачаў сваю працу першы пленэр, сабраўшы мастакоў як нашага рэгіёну, так і іншых гарадоў і рэгіёнаў цяперашніх краін СНД. Мастакі пленэра дораць музею свае творчыя працы.

30 красавіка 2011 года музеям арганізаваны і праведзены першыя Міжнародныя Капланаўскія чытанні, у якіх прымалі ўдзел знакамітыя мастацтвазнаўцы і музейныя супрацоўнікі з Расіі і Беларусі.

У кастрычніку 2012 года супрацоўнікі музея паспяхова прынялі ўдзел у Першым Міжнародным форуме музеяў Беларусі ў Гродна, дзе прадстаўлялі экспазіцыю «Рагачоў і яўрэйскія мястэчкі ў творчасці А. Л. Каплана».

Дырэктары музея[правіць | правіць зыходнік]

З 1962 па 1971 гады — Сямён Мацвеевіч Свярдлоў, 1971 год — Зоя Міхайлаўна Ганчарова, 1972—1986 — Ганна Міхайлаўна Іванова, 1986—2006 — Антаніна Юр'еўна Васькова, 2006—2010 — Андрэй Іванавіч Чарняўскі, з 2010 па с.ч. — Міхаіл Анатольевіч Ларычкаў.

Месца знаходжання[правіць | правіць зыходнік]

  • Музей Народнай Славы — 247673 Беларусь, Гомельская вобласць, г. Рагачоў, вул. Леніна, д.58.

Адрас электроннай пошты: muzeins@tut.by

Час працы: панядзелак — з 8.30 да 17.30, аўторак — пятніца — з 8.30 да 19.00, субота, нядзеля — з 10.00 да 19.00.

  • Выставачны зал музея — 247673 Беларусь, Гомельская вобласць, г. Рагачоў, вул. Леніна, д.50.

Час працы: аўторак, серада, пятніца, субота, з 10.00 да 18.00.

  • Філіял музея ў п. Ільіч — 247264 Беларусь, Гомельская вобласць, Рагачоўскі раён, вул. Школьная, д.7.

Час працы: панядзелак-пятніца з 9.00 да 18.00, выхадны — субота, нядзеля — з 9.00 да 13.00.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дончик В. Д. Рогачёв. Историко-экономическый очерк. — Минск: «Беларусь», 1974. — С. 104—106.
  • Мой любимый Рогачев // Фотоальбом. Справочное издание. — Гомель, 2011.- С.21-33.
  • Музеі Бeлapycі. Інфармацыя аб музеях сістэмы Мін-ва культуры Рэсп. Беларусь/ Склад. А. Б. Сташкевіч i інш. — Мн.; Беларусь, 2001. — С. 163—165
  • Музеі Беларусі. Першы нацыянальны форум. — Гродна, 2012. — С.225-226.
  • У мірнай працы (Рагачоўскі музей Народнай Славы) // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Рагачоўскага раёна. — Мн., 1994. — С. 523—525.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]